Падчас пасяджэння размова ішла пра падзеі 25 сакавіка 1918 года. Хвілінай маўчання ўдзельнікі сходу ўшанавалі памяць змагароў за свабоду Беларусі. Было агучана віншаванне старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы.
Старшыня севастопальскай “Пагоні” Валеры Барташ распавёў аб творчай і грамадскай дзейнасці мастака Алеся Марачкіна, аб сустрэчах з ім, гісторыі стварэння карціны з выявай Максіма Багдановіча "Я не самотны". Духоўнае сяброўства вядомага беларускага мастака з севастопальскай “Пагоняй” працягваецца ўжо болей за 10 год.
Падчас мерапрыемства прысутныя маглі азнаёміцца з выдатным аўтабіяграфічныя альбомам Алеся Марачкіна і іншымі дакументамі Алеся Марачкіна, рэпрадукцыямі з дароўнымі надпісамі мастака. 30 сакавіка мастак адзначае 70-гадовы юбілей. Віншаванне юбіляру было агучана на пасяджэнні таварыства “Пагоня”.
Прагучалі вершы Ларысы Геніюш і Рыгара Барадуліна, якога справядліва называюць класікам беларускай літаратуры. Сябры таварыства “Пагоня” адзначылі таксама і 20-годдзе газеты "Наша слова". Валеры распавёў гісторыю стварэння гэта па-сапраўднаму беларускай газеты і выказаў падзяку рэдактару газэты Станіславу Судніку, членам рэдакцыі, кіраўніцтву ТБМ і заклікаў прсутных рабіць ахвяраванні на выпуск газеты. Удзельнікі сходу мелі магчымасць азнаёміцца з газетамі, якія выйшлі за апошнія 10 гадо. Беларускі святар айцец Серафім правёў малебен у памяць герояў, якія прысвяцілі жыццё свабодзе і незалежнасці Беларусі, адстойванню яе самабытнай культуры і за здароўе тых, хто працягвае іх справу.
Паводле Валерыя Барташа