Беларусы Калінінграда адзначылі Дзень Волі ўскладаннем кветак да помніка Францыску Скарыну і святочнай вечарынай.
“У гэтым годзе вырашылі зняць рэстарацыю і вызваліць нашых жанчын ад клопатаў, звязаных з гатаванннем страў на святочны стол. Сёлета нас прыняў тракцір “Околіца”, -- распавядае кіраўнік Калінінградскага рэгіянальнага грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства культуры” Ігар Шаховіч. -- У прасторнай залі пад нацыянальным бел-чырвона-белым сцягам распачалася нетаропкая размова пра нашу мінуўшчыну і наш сучасны клопат. Быў вызначаны спіс імёнаў выдатных беларусаў дастойных заняць месца у тапаніміцы нашага горада. Першая шасцёрка, якая будзе уключана у адпаведны зварот да гарадскіх чыноўнікаў, выглядае так: Францішак Скарына, Васіль Быкаў, Янка Купала, Уладзімір Мулявін, Багуслаў Радзівіл”.
Цэлы вечар у рэстаране гучала беларуская музыка у выкананні Зміцера Вайцюшкевіча, гурта “Стары Ольса”, “Крамы” і Лявона Вольскага.