Беларусы Вялікабрытаніі правялі на мінулым тыдні шэраг мерапрыемстваў, прымеркаваных да юбілею абвяшчэння незалежнасці Беларусі ў 1918 годзе.
У пятніцу, 26 сакавіка, адбыўся святочны сход PUBB - клуба беларускіх прафесіяналаў Брытаніі, які аб'ядноўвае беларускіх праўнікаў, фінансістаў і бізнесоўцаў, што працуюць у лонданскім City. 28 сакавіка, у Вербную нядзелю, у Беларускім рэлігійна-культурным цэнтры адбыўся малебен за беларускі народ і святочны абед, а таксама прагляд фільма "Тутэйшыя". Для тых, хто прыйшоў у беларускі цэнтар у першы раз, айцец Аляксандар Надсан правёў невялікую экскурсію па Бібліятэцы і музэю імя Ф. Скарыны.
Асноўныя святочныя мерапрыемствы да Дня волі запланаваныя на сярэдзіну красавіка, калі пасля рамонту будзе адчынены Беларускі дом і адбудзецца прэзентацыя кнігі пра гісторыю Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі.
Беларускі штомесячнік ў Лондане "Беларус на чужыне" (красавік 2010)