Напярэдадні вялікодных святаў у ратушы Бельска Падляшскага (Польшча) пачаліся майстар-класы па выкананні пісанак і выцінанак.
Сваім майстэрствам з вучнямі і дарослымі дзеліцца выкладчыца Берасцейскага універсітэта Марына Марчук. Па яе словах, сёння што раз складаней знайсці час для сям’і, а такі занятак, як ціхае супольнае прыгатаванне святочных сімвалаў, дазваляе захаваць традыцыю і ўзмацніць сямейныя сувязі. - Нам зараз не хапае ціхіх хвілін. Гэта не так шмат часу - назіраць, што атрымоўваецца, любавацца на гэта, трымаць ручку дзіцяці і вадзіць яе. Гэта так трэба дзецям. Гэта трэба і дарослым. Мы губляем тое, што аб'ядноўвала сем'і. Вось гэтыя велікодныя яйкі трэба фарбаваць разам, - упэўнена Марына Марчук. Апроч пісанак на майстар-класах можна навучыцца рабіць выцінанкі. Заняткі ў Бельскай Ратушы працягнуцца да 25 сакавіка ўключна.
Наталля Герасімюк, "Радыё Рацыя"