Беларускае этна злучылася з швейцарскім джазам

Вакалісткі гурта "Akana" ды швейцарскі гурт “Albin Brun Alpin Ensemble” стварылі супольны праект, каб паказаць самыя чароўныя моманты сваіх культураў.

Вакалісткі гурта "Akana" ды швейцарскі гурт “Albin Brun Alpin Ensemble” стварылі супольны праект, каб паказаць самыя чароўныя моманты сваіх культураў.

Прэзентацыя праекту адбылася на канцэртах у швейцарскіх гарадах Босвіль і Араў. “Нам было вельмі радасна, што яны вырашылі працаваць з намі! Яны прызналіся, што, як толькі пачулі нас на рэпетыцыі, то адразу ж зразумелі, што больш ужо няма сэнсу шукаць вакалістак, яны ўжо ёсць”, — кажа спявачка Руся.

Akana-NHS Гурт “Akana” паспяхова распачаў у Швейцарыі этна-джазавы праект “Kaza-ausflug mit Geiss”. Руся, Надзея Чугунова і Ірэна Катвіцкая далучыліся да швейцарскага джазавага гурта “Albin Brun Alpin Ensemble”, каб спалучыць альпійскія матывы, абрадавыя спевы Беларусі і еўрапейскі джаз. “Бубнач Альбін Брун і саксафаніст Марка Капэлі прыяжджалі летась у Мінск, каб знайсці для сумеснага праекту народных вакалістак, якія маглі б працаваць і ў фальклёрным жанры, і ў джазавым, — распавядае Руся. — Нам было вельмі радасна, што Альбін і Марка вырашылі працаваць з намі! Яны прызналіся, што, як толькі пачулі нас на рэпетыцыі, то адразу ж зразумелі, што больш ужо няма сэнсу шукаць вакалістак, яны ўжо ёсьць”. За тры з паловай тыдні карпатлівых рэпетыцыяў музыкі зрабілі дзьвюхгадзінную праграму і паспяхова прэзентавалі яе ў Швейцарыі. Руся расказала, што рэпетавалі па 8—10 гадзін і такая дысцыпліна дазволіла музыкам хутка зрабіць сапраўды якасную праграму. На думку швейцарскіх журналістаў, музыка праекту Аusflug mit Geiss гэта вельмі ўдалы і якасны ф’южан дзьвюх еўрапейскіх культур, якія дапамагаюць адна адной выяўляць свае самыя чароўныя моманты. Акрамя майстар-класаў, якія ладзілі спявачкі гурта “Akana” для студэнтаў музычных каледжаў і школаў, прайшло два канцэрты. У мястэчку Босвіль і ў горадзе Араў. Цяпер музыкі працуюць над новымі кампазіцыямі, а ў лістападзе Akana зноўку выправіцца на канцэрты ў Швейцарыю, пасля чаго праект прыедзе ў Беларусь з тыднёвым турам. Гэта ня першы досьвед гурта Akana па супрацы з джаз-гуртамі. Музыкі прадстаўлялі на “Тузіне Гітоў” свой сумесны трэк з гуртом Apple Tea.

“Тузін гітоў”

Фота: Юра Маціюн