Фотавыстава "Летапіс Брэсцкай крэпасці ў фотаздымках" у бягучым годзе будзе экспанавацца як мінімум у шасці гарадах Вялікабрытаніі. Пра гэта паведаміла намеснік дырэктара па навуковай рабоце мемарыяльнага комплексу "Брэсцкая крэпасць-герой" Ларыса Бібік.
Паводле яе слоў, экспазіцыя фотавыставы ўключае больш за 60 копій фатаграфій з фондаў музея абароны Брэсцкай крэпасці. Гэтыя здымкі - 170-гадовая гісторыя легендарнай цытадэлі ад закладкі першага каменя да нашых дзён. Адкрывае выставу фотаздымак, зроблены з карціны польскага мастака Марціна Залескага, які ў 1840 годзе па запрашэнні графа Паскевіча пабываў у крэпасці і захаваў яе будаўніцтва ў сваіх малюнках. Цікавыя кадры, якія захавалі прыезд у Брэст-Літоўскую крэпасць імператара Аляксандра III ў 1886 годзе, а таксама фотаздымак Белага Палаца, дзе ў 1918 годзе адбылося падпісанне Брэсцкага міру. Асобным блокам прадстаўлены перыяд Вялікай Айчыннай вайны - гераічная абарона крэпасці. Цікавыя таксама кадры наступнага мірнага жыцця легендарнай цытадэлі - стварэнне мемарыяльнага комплексу, ўзвядзенне яго манументальных збудаванняў - "Прага", "Мужнасць", галоўны ўваход "Зорка", 100-метровы штык-абеліск, - якія сталі візітнай карткай не толькі мемарыяла, але і самога горада над Бугам. Як паведаміла Ларыса Бібік, фотавыстава, якая ў цяперашні час экспануецца ў Вялікабрытаніі, - першы такі маштабны праект мемарыяльнага комплексу за мяжой. Яе адкрыццё ў Вялікабрытаніі адбылося ў верасні 2009 года. Экспануецца яна ў музеях, універсітэтах, мастацкіх галерэях і ўжо прайшла ў Мэлдоне, Глазга, Брыстолі, Дареме, а таксама на выспе Джэрсі - адзінай брытанскай тэрыторыі, у гады Вялікай Айчыннай вайны акупаванай фашысцкай Германіяй. На Брытанскіх астравах фотавыстава мемарыяльнага комплексу "Брэсцкая крэпасць-герой" праходзіць пры падтрымцы амбасады Беларусі ў Вялікабрытаніі, а таксама прыватнай асобы. Ініцыятарам адкрыцця выставы стаў грамадзянін Вялікабрытаніі Расэл Портэр, які прысвяціў сваё жыццё вывучэнню Вялікай Айчыннай вайны, сам пабываў у Брэсцкай крэпасці і цяпер аказвае дапамогу ў правядзенні выставы. У цяперашні час фотавыстава завяршае працу ў Ліверпулі. Да канца года яна працягне падарожжа па Брытанскіх астравах. Ужо ёсць дамоўленасць аб яе правядзенні ў Кардыфе, Нью-Касле, Лондане, Інвернэсе і Нотынгеме.