Дні культуры Беларусі ў Літве плануецца правесці ў гэтым годзе

Дні культуры Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы плануецца правесці ў бягучым годзе. Аб гэтым паведаміў міністр культуры Беларусі Павел Латушка на прэс-канферэнцыі пасля падпісання Праграмы культурнага супрацоўніцтва паміж Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам культуры Літоўскай Рэспублікі на 2010-2011 гады.

Праграма культурнага супрацоўніцтва прадугледжвае арганізацыю Дзён культуры Беларусі ў Літве і Дзён культуры Літвы ў Беларусі. Сёння дасягнута дамоўленасць прапрацаваць пытанне аб правядзенні Дзён культуры Беларусі ў Літве ў гэтым годзе, прапановы па арганізацыі іх будуць падрыхтаваны ў бліжэйшы час. Акрамя таго, праграма прадугледжвае развіццё супрацоўніцтва ў галіне кінематаграфіі, уключаючы сумесныя беларуска-літоўскія праекты. У Беларусі плануецца арганізаваць Дні літоўскага кіно, а літоўскі глядач, адпаведна, зможа азнаёміцца з беларускімі кінанавінкамі. Літоўскіх кінематаграфістаў чакаюць на фестывалях "Анімаёўка" ў Магілёве і "Лістападзе" ў Мінску. Праграма прадугледжвае актывізацыю кантактаў паміж нацыянальнымі драматычнымі тэатрамі дзвюх краін, тэатрамі оперы і балета, супрацоўніцтва паміж Нацыянальным мастацкім музеем Рэспублікі Беларусь і Літоўскім мастацкім музеем, арганізацыю абменных гастроляў паміж дзяржаўнымі сімфанічнымі, дзяржаўнымі камернымі аркестрамі Беларусі і Літвы. Тэмай для размовы стала таксама магчымасць арганізацыі стажыровак беларускіх спецыялістаў, тэатральных і кінарэжысёраў, выкладчыкаў, студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў у Літоўскай Рэспубліцы і сумеснай прэзентацыі беларускай і літоўскай культуры ў Бруселі. Міністр культуры Літвы Рэмігіюс Вілкайціс атрымаў запрашэнне прыняць удзел у мерапрыемствах, прысвечаных 600-годдзю Грунвальдскай бітвы. Найбольш значныя з іх пройдуць 26-27 чэрвеня ў Навагрудку. У Навагрудку чакаюць убачыць таксама міністра культуры Польшчы, міністраў культуры Расіі і Украіны. Кіраўнікі культурных ведамстваў Беларусі і Літвы абмяняліся інфармацыяй аб планах арганізацыі мерапрыемстваў у Беларусі і Літве з нагоды юбілейнай даты. Каардынаваць мерапрыемствы, прадугледжаныя праграмай, будзе рабочая група на чале з намеснікамі міністраў культуры. Павел Латушка дадаў, што ў ходзе сустрэчы былі абмеркаваны вынікі дзейнасці сумеснай рабочай групы міністэрстваў культуры дзвюх краін па пытаннях аховы сумеснай гісторыка-культурнай спадчыны. Гэта група была створана ў 2009 годзе і на першым пасяджэнні ў лістападзе ў Мінску акрэсліла найважнейшыя напрамкі супрацоўніцтва ў галіне культуры. Міністр культуры Беларусі выдзеліў ініцыятыву стварэння сумеснага культурна-турыстычнага праекта "Замкі Вялікага княства Літоўскага", сумеснага праекта "Вядомыя роды Вялікага княства Літоўскага" ў Дні еўрапейскай спадчыны, а таксама ідэю аб ініцыіраванні святкавання пад эгідай ЮНЕСКА 250-годдзя з дня нараджэння Міхала Клеафаса Агінскага ў 2015 годзе.

"БЕЛТА"