Мастакi, якiя з'ехалi за мяжу, працягваюць лiчыць сябе беларускiмi творцамі. Іх не так мала — творцаў, якiя жывуць у iншых краiнах, але працягваюць любiць Беларусь. У iх па-рознаму склаўся творчы лёс: нехта штодня дбае пра тое, каб яго творчасць выжыла ў нязвыклых умовах, нехта здолеў упiсацца ў новае асяроддзе i атрымаў поспех дзякуючы таленту.
Мастакi, якiя з'ехалi за мяжу, працягваюць лiчыць сябе беларускiмi творцамі.
Іх не так мала — творцаў, якiя жывуць у iншых краiнах, але працягваюць любiць Беларусь. У iх па-рознаму склаўся творчы лёс: нехта штодня дбае пра тое, каб яго творчасць выжыла ў нязвыклых умовах, нехта здолеў упiсацца ў новае асяроддзе i атрымаў поспех дзякуючы таленту. Талент — з'ява, якая iснуе па-за любымi межамi, але заўсёды iстотна, дзе была яго калыска цi гняздо, у якiм упершыню расправiў крылы. I ведаеш, што можаш заўсёды вярнуцца сюды. I так здараецца, што нават тыя з нашых мастакоў, хто ўпiсаўся ў еўрапейскi арт-працэс, iмкнуцца, каб аднойчы iх гняздо не аказалася раскiданым.
Наталля Залозная — адна з самых вядомых i паспяховых беларускiх мастачак. Жыве ў Брусэлi, выстаўляецца актыўна ў розных краiнах. Яе ведаюць там. I не паспелi забыць тут: яе першая за 10 гадоў персанальная выстава адкрылася ў Мiнску. I калi толькi ўваходзiш у вялiкую залу Музея сучаснага мастацтва, то па першым жа творы разумееш, што яго аўтарка бачыць у снах: браму Мiнска, вечаровую, у агнях, нiбыта ў тумане цi ў хiсткiх згадках свядомасцi... Але яна сама лепш пра гэта распавядзе.
— Цяпер вы выстаўляецеся ў Музеi сучаснага выяўленчага мастацтва. Iнiцыятыва музея цi ваша?
— Мая iдэя. Мы з мужам вельмi даўно хацелi ў Мiнску зрабiць выставу. Да нядаўняга часу адзiным месцам, дзе можна выставiцца, з'яўляўся Музей сучаснага мастацтва. Мы падалi заяўку, атрымалi станоўчы адказ. Абставiны спрыялi: у лiстападзе ў мяне была выстава ў Маскве, адкуль я часткова прывезла працы ў Мiнск. Некаторыя везла з Брусэля, яшчэ нейкiя былi тут. Бо калi везцi цалкам усю выставу, то будуць надта вялiкiя выдаткi i цяжкасцi.
— Калi мастак, якi ўпiсаўся ў заходнi рынак, робiць выставу на радзiме i за свае грошы яе арганiзоўвае, то, напэўна, ёсць сур'ёзныя матывы.
— Матыў толькi адзiн — заўсёды хочацца выстаўляцца на радзiме, каб цябе бачылi. Вельмi цiкава адзнака творчасцi, важна, як цябе прымаюць дома. Напэўна, многiм будзе цiкава, што я за гэты час удалечынi ад радзiмы зразумела, як змянiлася. На гэтай выставе паказваю ў асноўным працы за апошнiя два гады. Некалькi твораў больш старых, з розных серый, напрыклад, з серыi "Iерусалiмская бiблiятэка", гэта тэкставыя шматслаёвыя кампазiцыi на шкле. Яшчэ нiдзе не экспанавалiся, хоць прайшоў час, i я разумею, што гэтую тэхнiку можна ўдасканалiць.
— Дзе вашы творы ў Беларусi выстаўлялiся да сённяшняга дня, як даўно гэта было?
— У 1992 годзе ў нас была першая сумесная з Iгарам Цiшыным выстава ў Нацыянальным мастацкiм музеi Беларусi. Потым удзельнiчалi ў групавых выставах — зноў-такi ў мастацкiм музеi, на тыя гады там працавала мастацтвазнаўца Вольга Каваленка, яна i прапаноўвала ўдзел у выставах.
— Чаму прынялi рашэнне шукаць прыхiльнiкаў за мяжой? Цi лёгка было наважыцца, тым больш, што пераязджала ўся сям'я?
— Вядома, намi кiраваў шэраг матываў. У першую чаргу непакоiла пэўная iзаляванасць мастацкiх працэсаў краiны ў еўрапейскiм кантэксце, адсутнасць значных замежных выстаў у Беларусi, было жаданне ўбачыць нешта новае, назiраць за тым, што адбываецца ў сучасным мастацтве. I проста хацелася паглядзець свет, пашырыць свае гарызонты. Майстэрнi ў Мiнску, дзе мы маглi працаваць, не было, галерэй, з якiмi мы маглi б супрацоўнiчаць, таксама. Таму i вырашылi. Сям'я ў нас невялiкая — я, муж i дзiця. Мацею было сем гадоў. У такiм узросце дзецi лёгка адаптуюцца. Лiтаральна ў першы дзень ён упiсаўся ў асяродак, нам, дарослым, не ведаючы мовы, было значна цяжэй, мы трапiлi ў абсалютна iншыя ўмовы. Цяжкасцяў было шмат i страшна было.
— Цяпер сталi там сваiмi?
— Наўрад цi гэта магчыма стаць цалкам сваiм. Я там проста жыву i працую. Усё склалася ў мяне тут, у Беларусi, тут нарадзiлася, выхоўвалася, бачыла i ўспрымала свет вакол сябе. Я заўсёды там буду замежнiкам. Я зразумела, калi iнтэнсiўна, шмат працаваць, тады атрымлiваюцца добрыя працы, але для гэтага неабходны эсктрэмальны стан, якi я цяпер там адчуваю. У Беларусi, мне здаецца, у мастакоў жыццё больш вольнае: тут дом, цёпла, утульна. За мяжой даводзiцца ў сто разоў больш iнтэнсiўна працаваць.
— Што вы маеце на ўвазе?
— Часта здараецца так, што прамежак памiж выставамi вельмi кароткi, i часцей за ўсё неабходна рыхтаваць творы для кожнай выставы асобна. Напрыклад, калi мне галерэя прапануе выставу, яна будзе праз пару месяцаў — я рыхтуюся да яе, ствараю новыя працы. Яшчэ праз пару месяцаў у мяне ў iншай галерэi выстава... Яе хочацца зрабiць цэльнай, каб гэта не быў проста збор розных прац, а каб яны былi аб'яднаныя агульнай тэмай. Да таго ж галерэi бываюць вялiкiя i маленькiя, гэта таксама розныя ўмовы. Часам думаеш i пра прастору. Галерэi часцей за ўсе адрознiваюцца адна ад другой сваiм кiрункам, i гэта таксама трэба ўлiчваць. Не магу сказаць, што для кожнай галерэi я ствараю рэчы абсалютна ў розных манерах, напрыклад, серыя "Горад пяску" больш прымальная для галерэi ў Брусэлi, а "Вольны палёт" трапляе ў кантэкст кiрункаў галандскай галерэi.
— Расiяне, якiя цiкавяцца мастацтвам, з задавальненнем кажуць, што вы — рускi мастак, якi жыве за мяжой. Вашы творы нават ёсць у калекцыi Траццякоўкi?
— У пачатку 90-х гадоў я была стыпендыятам Саюза мастакоў СССР. Па гэтай лiнii ездзiла працаваць у Дом творчасцi пад Масквой, яшчэ ў гарбачоўскiя часы. Гэта быў цiкавы час,туды з усiх рэспублiк прыязджалi таленавiтыя маладыя мастакi, была сумесная праца, абмен меркаваннямi. Атрымала магутны штуршок для творчасцi, калi стварала побач з моцнымi мастакамi — украiнскiмi, маскоўскiмi... Былi ў нас выставы, пасля якiх Траццякоўка некалькi разоў закупляла ў мяне працы.
Зусiм нядаўна зразумела, што мяне, аказваецца, ведаюць. У 90-я гады я супрацоўнiчала з маскоўскай галерэяй Герцава, ён перыядычна ладзiў персанальныя выставы, друкаваў каталогi. Дзякуючы гэтаму сапраўды ёсць у Расii нейкае кола мастакоў i аматараў, якiя цiкавяцца маiм мастацтвам.
У Беларусi, на жаль, галерэйны бiзнэс у неразвiтым стане i для мастакоў ёсць няшмат пляцовак, дзе можна паказваць свае творы. Не так даўно адкрылася адна галерэя сучаснага мастацтва, а iх павiнна быць дзясяткi па Мiнску.
— I многiя маладыя мастакi выбiраюць ваш шлях, на жаль, едуць працаваць у iншыя краiны. Хочацца ведаць, цi здзяйсняюцца iх мары? Цi дапамагае iм выжыць ва ўмовах рынку беларуская школа?
— Не магу казаць, што ў Еўропе няма акадэмiчнай адукацыi. У мяне была магчымасць патрапiць у мастацкую акадэмiю i ўбачыць на свае вочы ўзровень падрыхтоўкi. Калi чалавеку цiкава навучыцца добра маляваць, то ён здолее — ёсць цудоўныя спецыялiсты, педагогi. Спектр мастацтва значна шырэйшы, чым у нас, ёсць выбар, студэнт можа працаваць у рэалiстычным жывапiсе, рабiць iнсталяцыi, займацца вiдэа-артам.
Пасля заканчэння акадэмii малады мастак, мясцовы цi эмiгрант, можа знайсцi сабе галерэю, знайсцi, з кiм супрацоўнiчаць, хоць гэты пошук вельмi i вельмi складаны.
Але, зразумела, што да нашых мастакоў у заходнiх галерэях адносiны больш насцярожаныя.
— З-за канкурэнцыi?
— Мы трошкi iншыя... А можа я прыдумляю? Але гэта сапраўды вялiкая рэдкасць, калi галерэя адкрыта для кантакту з усходнiмi мастакамi.
— Вы — знайшлi, цi вас?
— Гэта рухомы працэс. Былi галерэi, якiя самi прапаноўвалi супрацоўнiцтва, былi i такiя, што я знайшла сама. Напрыклад, у Бруселi — паказала матэрыял, iм спадабалася, пачалося супрацоўнiцтва. Яшчэ я працую з адной галандскай галерэяй, дзе гаспадыня руская i паказвае постсавецкае мастацтва. Сярод наведвальнiкаў яе галерэi ёсць аматары, якiя цiкавяцца, тым, што адбываецца ў нашым мастацтве.
— У вашай сям'i два мастакi. Цi ёсць супернiцтва?
— Абаслютна нiякага супернiцтва. Я паважаю тое, што робiць Iгар, i вельмi станоўча да гэтага стаўлюся. Мы, напэўна, вельмi розныя па манеры. Ведаю, што бываюць цяжкасцi ў сем'ях, дзе два мастакi, але ў нас такога няма. Не паўстае пытанняў рэўнасцi цi зайздрасцi.
— Хто з вас часцей выстаўляецца?
— Па-рознаму. Часцей за ўсё мы працуем з рознымi галерэямi. Ён iншы, таму працуе з галерэямi, у якiя я магу не ўпiсвацца, i наадварот. Бываюць сумесныя галерэi i выставы, але рабiць выставы разам — справа цяжкая, таму што мы, як мастакi, вельмi розныя. У яго больш актыўны колер, больш дынамiкi, я больш мiнiмалiст. Нельга сказаць, што хтосьцi пераважвае ў колькасцi выстаў.
— Вы абодва ўдзельнiчалi ў групе беларускiх мастакоў, якiя выстаўлялiся на Венецыянскай бiенале. Маючы ўласны вопыт, i ўвогуле вялiкi вопыт працы на замежным рынку, можаце ацанiць, што там трэба паказваць?
— Тады — гадоў пяць таму — з'явiўся iтальянскi куратар, якi на сваё меркаванне абраў групу мастакоў, якiх там прадстаўляў — сем чалавек. Нам прапанавалi ўдзельнiчаць у бiенале за пару месяцаў да выставы, таму магчымасцi падрыхтаваць асобны праект не было. Канцэпцыя беларускай выставы была не прадумана i выстава атрымалася як "салянка" ў Палацы мастацтва.
Гэтым трэба займацца, як адбываецца ў Расii i iншых краiнах. У Венецыi ж трэба паказваць самае-самае сучаснае, актуальнае мастацтва.
Для таго, каб падрыхтавацца да ўдзелу ў Венецыянскай бiенале, трэба вялiкi прамежак часу, фiнансаванне, трэба рабiць спецыяльны куратарскi праект. Мастакi, якiм прапануецца удзел, павiнны рыхтавацца на працягу года. Каб годна прадставiць краiну, не абавязкова нават збiраць шырокае кола мастакоў. Але ўдзельнiчаць трэба — увесь свет адкрыты, толькi мы нiкуды не высоўваемся.
— Сучаснае мастацтва рознае з пункту гледжання тэхналогiй. Ёсць розныя сучасныя формы, вiдэа-арт, якi вы паспрабавалi...
— У 1999 годзе ў Варшаве была выстава беларускага сучаснага мастацтва, там я рабiла вiдэаiнсталяцыю. Гэта быў мой першы i адзiны эксперымент у вiдэа. Каб паспяхова працаваць у такiм кiрунку, трэба ўвесь час iм займацца, каб набываць досвед. Я больш раблю нацiск на жывапiс.
— Падтрымлiваеце сувязi з былымi суграмадзянамi, якiя цяпер таксама за мяжой?
— Так, у Бельгii ёсць некалькi мастакоў, з якiмi мы ўдзельнiчалi ў адным агульным праекце. I зараз увесь час пашыраецца кола сяброў-мастакоў у Германii, Галандыi. Магчыма, будуць сумесныя праекты. У Дзюсельдорфе шмат нашых знаёмых маладых мастакоў-суайчыннiкаў.
— Цi гатовыя нашы мастакi прыязджаць, каб паказваць свае праекты на радзiме?
— Безумоўна. I рабiлi ўжо. Сiтуацыя мяняецца, яна iншая, чым тады, калi мы з'язджалi. Шмат цiкавых мастакоў, якiм наўрад цi хацелася б, каб пра iх зусiм забылiся на радзiме. Асабiста мне хацелася б, каб мяне ўспрымалi беларускiм мастаком, хоць я жыву i працую ў Бельгii.
Мой сын з задавальненнем ездзiць сюды кожнае лета, з задавальненнем праводзiць свае канiкулы ў вёсцы. Не па чутках ведае Беларусь — гэта дакладна. Зразумела, кола сяброў у яго тут маленькае, ёсць некалькi сяброў, адзiн нават з першага класа. Кiм сябе лiчыць? Цiкавiцца дакладнымi навукамi, матэматыкай. У яго ёсць вельмi правiльнае ўспрыманне мастацтва, калi ў працы ўзнiкаюць пытаннi, я сумняваюся, то ў першую чаргу я звяртаюся да яго. Ён пазiтыўна ўспрымае жыццё. I я заўсёды, калi прыязджаю ў Мiнск, то iсную тут з пачуццём радасцi. Я нiчога не адразаю.
Ларыса Цімошык, "Звязда"