Мастацкая выстава пад такой назвай адкрылася 1 сакавіка ў Чыкага ў вялікай зале цэнтра для пажылых “Forever Young”. Экспануюцца каля сарака (!) твораў адзінаццаці беларускіх мастакоў, якія пасля эміграцыі жылі або жывуць у Чыкага.
Мастацкая выстава пад такой назвай адкрылася 1 сакавіка ў Чыкага ў вялікай зале цэнтра для пажылых “Forever Young”. Экспануюцца каля сарака (!) твораў адзінаццаці беларускіх мастакоў, якія пасля эміграцыі жылі або жывуць у Чыкага.
Месяц сакавік быў абраны для такой выставы невыпадкова, бо менавіта 25 сакавіка адзначаецца Дзень Волі – найвялікшае нацыянальнае свята краіны Беларусь і беларусаў ва ўсім свеце.
Паслядоўная тэматычная вернасць беларушчыне і высокі мастацкі ўзровень усіх твораў – вось асноўныя рысы гэтай незвычайнай экспазіцыі. У цэнтры яе – працы выдатнага беларускага мастака Хаіма Ліўшыца (1912 – 1994), які некалькі апошніх сваіх гадоў жыў і працаваў у Чыкага.
Творчыя вытокі гэтага майстра – у Віцебску, ягоным першым настаўнікам малявання быў Іегуда Пэн – той, хто вучыў Марка Шагала. Магчыма таму, у цудоўным гарадскім пейзажы “Куток старога Віцебска” мастак не проста запрашае зірнуць на будынкі са старой архітэктурай: тут моцна гучыць настрой і сімволіка вяртання да вытокаў.
Хаім Ліўшыц. "Малітва ў Мінску"
На выставе прадстаўлены і напісаны Хаімам Ліўшыцам яшчэ да эміграцыі першапачатковы накід славутай, вельмі вялікай па памеру карціны “Малітва ў Мінску”, працу над якой ён завяршыў непасрэдна ў Чыкага. У аснове кампазіцыі – эпізод з жыцця ў Мінскім гета ў гады вайны. На вачах і ў тварах мужчын, жанчын, старых, дзяцей – боль, трывога, гнеў, слёзы... На пярэднім плане – нечаканы аўтапартрэт: сам мастак, трымаючы свечку, дапытліва і з вялікай трывогай пазірае на нас, гледачоў. У гэтай працы добра адчуваецца глыбіня задумы, спроба звярнуць увагу і як след па-філасофску асэнсаваць усе пакуты людзей у той жахлівай вайне. Нельга не адзначыць і яе адкрыта эмацыянальную тэхніку жывапіснага выканання.
Сваеасаблівы працяг традыцый Віцебскай мастацкай школы можна ўбачыць і ў карцінах мастака Юзафа Пучынскага, які, на жаль, зусім нядаўна памёр. У яго жывапіснай манеры прыцягвае сакавітасць і канцэнтрацыя фарбаў, пачуццяў, роздуму. Непаўторная прыгажосць прываблівага кутка радзімы, напрыклад, добра перададзена аўтарам у карціне “Вечар у Беларусі”.
Юзаф Пучынскі. "Вечар у Беларусі"
Ізраіль Радунскі. "Наш двор"
У творчым актыве вядомага мастака Ізраіля Радунскага вельмі многа твораў, на якіх адлюстраваны самыя разнастайныя краявіды Беларусі і яго роднага Мінска. Ён працуе ў асноўным у тэхніцы акварэлі. На гэтай выставе прывабліваюць яго працы “Сквер імя Янкі Купалы” і “Наш двор”. Мастак падкрэслівае прыгажосць у звычайных гарадскіх краявідах; у агульную лірычную танальнасць нібы ўрываюцца нечаканыя, бы непаслухмяныя, каляровыя штрыхі, і гэта выклікае пачуццё радасці.
А побач гледачы могуць убачыць творы таленавітага мастака Данііла Цырліна, які жыў і працаваў у Беларусі, але трагічна загінуў вось ужо амаль трыццаць год таму. Прываблівае яго палемічны пошук, накіраваны супраць афіцыйных рэкамендацыяў свайго часу; гэта адчуваецца ў ягонай карціне “Зімовыя прасторы” (алей) і ў напісаных пастэллю працах “Пейзаж” і “Стары самавар”.
Мастак і скульптар Міхаіл Ліўшыц прапанаваў для выставы некалькі пейзажаў, створаных яшчэ ў Беларусі. Прыгажосць роднага краю добра адчуваецца ў карціне “Жнівень”, дзе мы бачым шматпланавую перспектыву сельскай мясцовасці менавіта ў гэты час на пачатку восені. Аўтарскае максімальнае набліжэнне да натуры прываблівае ў яго карціне “Дарога”. Цікавыя па кампазіцыі і каляровай фактуры ягоныя пейзажы “Вечар”, “Зарослае возера”, напісаныя (як падкрэслівае сам аўтар) каля Ракава.
У працах мастака Леаніда Асенняга заўсёды адчуваецца разнастайнасць творчых накірункаў. І на гэтай выставе мы бачым поўныя экспрэсіі і лірычнага настрою палотны “Мінск, вуліца Гандлёвая” і “Мінск, рака Свіслач”. Імпрэсіяністскія матывы бачацца ў яго карцінах “Чаромха”, “Восень”, “Беларусь маіх дзядоў”.
Леанід Асенні. "“Мінск, вуліца Гандлёвая”
Даволі рэдка выстаўляецца мастачка Соф’я Асенняя. Напісаны алеем яе пейзаж “Летні дзень” вылучаецца нібы класічнай кампазіцыяй, але ў ім добра адчуваецца аўтарскі погляд, аўтарскія эмоцыі, сваё, асабістае. Высокі прафесійны ўзровень у перадачы шматлікіх каляровых адценьняў паказвае мастачка ў карціне “Кветкі ў майстэрні”. А два цікавыя палотны – “Нацюрморт з керамікай” і “Нацюрморт з яблыкамі” – сведчаць аб тым, што аўтар і гэтым жывапісным жанрам можа зацікавіць шматлікіх гледачоў.
Незвычайная яскравая індывідуальнасьць чытаецца ва ўсіх працах таленавітага мастака Дзімітрыя Башко. У кожнай яго карціне схаваны выяўленчы сімвал, сэнс ідэі альбо вобразу, пэўная тэматычная загадка. Напрыклад, у аснове кампазіцыі “Купальская ноч” – жаночы партрэт, прыгожы задуменны твар з крыху трывожным поглядам вачэй. Моцнае ўражанне пакідае карціна гэтата мастака, якую ён назваў “Слуцкая брама”. У цэнтры яе – птушка, што вылятае з варотаў добра вядомага помніка архітэктуры. А на фоне і за аблокамі мы можам убачыць выявы і абрысы вялізных хмарачосаў і архітэктурных помнікаў Чыкага... Аўтар нібы падкрэслівае, што гэтая птушка прыляцела сюды, як і ён, з Беларусі. А злучае ўсё гэта аснова: крывавая беларуская зямля, выпісаная ў гэтай карціне чырвонымі фарбамі вельмі сакавіта і эмацыянальна.
Дзмітрый Башко. "Слуцкая брама"
Мастак Віктар Колас пераехаў у Амерыку параўнаўча нядаўна. Але тут ён паспяхова працуе і піша цікавыя палотны, пераважна ў жанры пейзажу. Прыгажосць роднай зямлі, лірычны настрой, удалае спалучэнне дакладнасці натуры і свайго ўяўлення, – усё гэта бачыцца ў яго карцінах “Поўдзень”, “Рака Беразіна”, “Цецеруковы ток”.
Віктар Колас. "Поўдзень"
Сваеасаблівы фінал гэтай выставы – праца “Знойдзенае ў Кентукі” Анатоля Упарта, які зусім маладым прыехаў у Амерыку, тут працягваў навучанне і стаў прафесійным мастаком. Анатоль прызнаўся, што любіць часта наведваць штат Кентукі, дзе многае нагадвае яму Беларусь: палі, узгоркі, людзі адкрытыя, непасрэдныя... Так вось і ўзнікла задума арыгінальнай жывапіснай працы: вялікая галіна клёну нагадала мастаку многае, бачанае на радзіме.
На ўрачыстым адкрыцьці экспазыцыі з прывітальнымі словамі выступілі дырэктар Цэнтру “Forever Young” Марта Літас, арганізатары выставы Барыс Цынман і Ванкарэм Нікіфаровіч, старшыня беларускага зямляцтва Іосіф Кацман, мастак Ізраіль Радунскі.
Затым адбыўся вялікі канцэрт, у час якога гучалі беларускія народныя песні і песні з рэпертуару славутых “Песняроў”. Іх выконвалі Барыс Дубноў, Броня Коган, Ірына Вайль, Марат Віленскі, Влад Васількоўскі. Свой “Менскі вальс” і сваю аўтарскую песню “О Беларусь, мая шыпшына” на словы Уладзімера Дубоўкі выканаў паэт і кампазітар Міхась Клейнер. Нядаўна ў Чыкага пераехаў вядомы кампазітар, паэт, рэжысёр і выканаўца Барыс Насоўскі. Мы пачулі яго песні “Край мой крынічны”, “Вяртанне ў юнацтва”, а таксама “Песню пра маленькую станцыю” на словы паэта Давыда Сімановіча.
На выставе у Чыкага мы ўбачылі творы некалькіх мастакоў, розных па лёсу, па ўзросце, па творчых манерах. Але вельмі адчувальна, што аб’ядноўвае гэтыя творы жывапісу агульны светапоглядны, эмацыянальны і маральны падтэкст, выказаны ў назве экспазіцыі: “Беларусь у нашых сэрцах”.
Ванкарэм Нікіфаровіч, Чыкага