Пад Седлецамі ў фальварку Масціброды адбыўся міжнародны мастацкі пленэр, прысвечаны 200-годдзю славутага польскага кампазітара Фрэдэрыка Шапэна.
У яго працы бралі ўдзел і пяць беларускіх мастакоў – Аляксей Марачкін, Алесь Пушкін, Аксана Гайдукевіч, Леанід Родзька і Эдвард Галустаў.
Алесь Пушкін паведаміў, што заключная выстава пленэра адбылася ўрачыстай – музычна-мастацкай:
- Гадзіну выступалі мясцовыя музыкі з Седлецкай музычнай школы. Спявалі дзве дзяўчыны сапрана – паланэзы, накцюрны, эцюды. А потым адбылося прадстаўленне мастакоў і іхніх работ. І цэлы вечар была гэтая выстава. Сёння мы ўжо раз’язджаемся.
Пленэр у Масцібродах доўжыўся тыдзень. За гэты час Алесь Пушкін намаляваў алеем пяць карцін, якія плануе паказаць на выставе ў родным Бабры 25 сакавіка – у Дзень волі.