Твор-кропка-бай

Выстава з такой назвай распачала працу ў беластоцкай галерэі “Агарт”. Галерэя, якая выстаўляе працы менавіта беларускіх мастакоў, гэтым разам прапанавала творы пяці майстроў пэндзля з Мінска: Леаніда Хобатава, Анастасіі Хобатавай, Паўла Кастусіка, Станіслава Гурскага і Генадзя Козела.

Выстава з такой назвай распачала працу ў беластоцкай галерэі “Агарт”. Галерэя, якая выстаўляе працы менавіта беларускіх мастакоў, гэтым разам прапанавала творы пяці майстроў пэндзля з Мінска: Леаніда Хобатава, Анастасіі Хобатавай, Паўла Кастусіка, Станіслава Гурскага і Генадзя Козела.

Распавядае адзін з уладальнікаў галерэі Станіслаў Весялоўскі: - Гэтая галерэя ўзнікла менавіта для таго, каб прэзентаваць творцаў з Беларусі, каб дапамагчы ім выйсці ў Еўропу. Я ўяўляю гэта як “фортку”, якая адкрывае свет. Я не маю беларускіх каранёў, але мы жывем у тым самым рэгіёне, мне вельмі, напрыклад, блізкая Гародня і Гарадзеншчына. Я ўражаны гэтымі людзьмі, іх мастацтвам. Так і нарадзілася супрацоўніцтва. Мастакі, працы якіх мы прадстаўляем зараз, ужо вядомыя. Яны прадстаўляюць вельмі цікавае сучаснае мастацтва. Слова “твор” у назве выставы, і сама творчасць яднае мастакоў розных кран – кажа мастак Павел Кастусік: - Твор – гэта па-польску “утвур”. У расійскай мове, хаця і няма такога слова “твор”, але можна ў слове “творчество” таксама знайсці частку гэтага слова. Таму ў нас такая ідэя, што творчасць яднае нас, усіх славянаў, можа, нават усіх людзей. Адносна самаго жывапісу, то можна ўбачыць, што выстава робіць моцнае і цэльнае ўражанне. Мы накіраваныя на сапраўдны жывапіс, на той, які быў сапраўдны сто гадоў таму, сапраўдны цяпер, і будзе сапраўдны ў будучыні. Адкрыццё выставы беларускіх мастакоў выклікала вялікую зацікаўленасць у беластоцкіх аматараў прыгажосці. Агляданне карцін суправаджалася гукамі скрыпкі, што стварыла адмысловую атмасферу. Выстава працягне працу ў галерэі “Агарт” да 3-га красавіка.

Галерэя Агарт знаходзіцца па вуліцы Юравецкай, 34.

Яна Запольская, "Радыё Рацыя"