"Сваё радыё" толькі што пачало сваё вяшчанне ў інтэрнэце. Яго стваральнік Дзяніс Ламейка тры гады жыве ў Чэхіі, але пазіцыянуе сваю задуму не як радыё нацыянальнай меншасці, а як агульнабеларускую станцыю. "Захацелася нешта зрабіць для душы ды засведчыць, што беларуская музыка – цікавая і разнастайная з’ява", - кажа Дзяніс. Фармат у "Свайго радыё" – 100% айчыннай музыкі розных стыляў – ад металу да хіп-хопу. "Мова выканання для нас ролі не грае – найперш гэта беларуская, але багата якасных песень у выкананні беларусаў і на іншых мовах. Папсы на нашым радыё не пачуеш, у асноўным будзе гучаць тое, чаго няма на беларускіх FM-cтанцыях. Мяркую, што попыт на такое радыё будзе абавязкова", - гаворыць Дзяніс.
Дзяніс і Алена Ламейкі - заснавальнікі "Свайго радыё" ў Чэхіі
Пакуль "Сваё радыё" гучыць у тэставым рэжыме. Надалей плануецца запусціць музычныя праграмы. Сярод іх – аўтарская праграма Андруся Такінданга пра сучасную беларускую культуру, праграма "Музычны рэгіён" са знаёмствам з несталічнымі камандамі, праграма "Суседзі", дзе будзе гучаць музыка польскіх, чэшскіх, славацкіх, украінскіх гуртоў. Стваральнікі "Свайго радыё" плануюць не спыняцца ў развіцці і ў будучыні ўвайсці ў FM-прастору Чэхіі. Паслухаць "Сваё радыё" можна тут.