Гродзенскія джазмэны выступяць на канцэрце памяці Чэслава Немэна

Гродзенскія джазавыя музыкі прымуць удзел у канцэрце памяці Чэслава Немэна ў Беластоку. Вечарына адбудзецца 10 лютага ў зале Беластоцкага ўніверсітэта.

У канцэрце прымуць удзел джазавы аркестр Гродзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы "Капрыз", а таксама іншыя беларускія артысты. Прагучаць творы Чэслава Немэна, напісаныя ім у розныя гады. Акрамя таго, будзе арганізаваны паказ дакументальных фільмаў аб жыцці і творчасці музыкі польскіх і беларускіх аўтараў Веры Савінай і Яўгена Шпакоўскага.

Нагадаем, што выбітны польскі музыка, кампазітар і спявак Чэслаў Немэн (Чэслаў Выдрыцкі) нарадзіўся 16 лютага 1939 года ў вёсцы Старыя Васілішкі Шчучынскага раёна. У 1958 годзе сям'я пераехала ў Гданьск, дзе Чэслаў паступіў у вышэйшую музычную школу. У пачатку 1960-х ён пачаў выступаць на польскай эстрадзе. У 1969 годзе Немэн стварыў манументальны альбом Niemen Enigmatic, у якім выкарыстаў вершы вядомага польскага паэта Цыпрыяна Норвіда. Калектыў Немэна быў удзельнікам цырымоніі адкрыцця Алімпійскіх гульняў у Мюнхене. 17 студзеня 2004 года Чэслаў Немэн памёр ад раку.

"Еўрарадыё"