Намеснік старшыні Савета Нацыянальна-культурнай аўтаноміі "Беларусы Масквы", палкоўнік юстыцыі Аляксандр Глод рыхтуе да выдання кнігу "След на маскоўскай зямлі" (След на московской земле). У ёй ён піша пра вядомых беларусаў, якія жылі і жывуць у Маскве.
- Аляксандр Уладзіміравіч, для пачатку распавядзіце коратка пра сябе: адкуль вашыя карані, дзе вы працавалі і служылі, ну і, вядома, як да вас прыйшла ідэя гэтай кнігі? - Карані мае ў Беларусі - нарадзіўся я ў вёсцы Косілы Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці. А вось першае месца працы - у Маскве. У 1966-1967 гадах працаваў у газеце "Труд" літаратурным супрацоўнікам. - Значыць, мы - калегі? - Так, з тых часоў я лічу сябе журналістам. Хаця ў 1977 годзе скончыў Ваенна-палітычную акадэмію імя У. І. Леніна, атрымаў спецыяльнасць юрыста-прававеда. Служыў у Міністэрстве абароны СССР, затым - у Галоўным упраўленні міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва Генштаба Узброеных Сіл РФ, працаваў спецыялістам-экспертам у апараце ўрада Расіі, зараз - кансультант Вярхоўнага Суда РФ. - Так як прыйшла ідэя напісаць кнігу пра беларусаў у Маскве? - Справа ў тым, што калі мы, маскоўскія беларусы, пачалі аб'ядноўвацца ў рамках Рэгіянальнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі "Беларусы Масквы", то са здзіўленнем адзначылі: ба, і гэты, аказваецца, з Беларусі, і гэты, і яшчэ многія іншыя вельмі вядомыя ў Расіі людзі. - Беларусы, наколькі я заўважыў, наогул не вельмі любяць публічна афішаваць сваю нацыянальнасць. - Вось-вось. Тым не менш нагадаю: выхадцамі з Беларусі з'яўляюцца гісторык і дзяржаўны дзеяч Васіль Тацішчаў, кампазітары Міхаіл Глінка, Мадэст Мусаргскі, Ігар Стравінскі, Дзмітрый Шастаковіч, мастакі Марк Шагал, Казімір Малевіч. У гэтым жа спісе акцёры Васіль Качалаў, Інакенцій Смактуноўскі, скульптар Сяргей Каненкоў, падарожнік Мікалай Пржэвальскі, адвакат Фёдар Плевака, дыпламат Андрэй Грамыка, авіяканструктар Павел Сухі, пісьменнікі Фёдар Дастаеўскі, Аляксандр Грын, Аляксандр Твардоўскі. Сярод вучоных: Соф'я Кавалеўская, акадэмік Ота Шміт, акадэмік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі Жарэс Алфёраў і многія іншыя. - Вядома, агульныя гістарычныя карані звязваюць народы Беларусі і Расіі з глыбіні стагоддзяў. Прычым беларусы прымалі і прымаюць самы актыўны ўдзел у будаўніцтве і развіцці дзяржаўнасці і культуры Расіі. У нашай газеце мы пастаянна пра гэта пішам. - Так. А за гады існавання Савецкага Саюза Беларусь па-праву зарэкамендавала сябе як своеасаблівая "кузня кадраў". На працягу многіх гадоў у сталіцу СССР з рэспублікі запрашалі на працу таленавітых кіраўнікоў і кваліфікаваных спецыялістаў. Многія з іх і па сённяшні дзень займаюць адказныя пасады, працуюць на прамысловых аб'ектах, ва ўстановах культуры, навукі, адукацыі і друку. Дарэчы, адным з ініцыятараў стварэння і першым старшынёй РНКА "Беларусы Масквы" быў Мікалай Шляга - генерал-палкоўнік, першы намеснік міністра абароны СССР, начальнік Галоўнага ваенна-палітычнага ўпраўлення Узброеных Сіл СССР ... - Мікалай Іванавіч Шляга да сваёй смерці ў 2004-м актыўна супрацоўнічаў з газэтай "СОЮЗ", быў яе пастаянным аўтарам. - На жаль, жыццё не вечна. Лекі ад смерці пакуль не прыдумалі. І вось тут мы падыходзім да таго, што заахвоціла мяне пачаць працу над кнігай. Справа ў тым, што беларусы ніколі не мелі ў Маскве сваіх могілак. Пры гэтым у энцыклапедычных слоўніках, як правіла, не ўказваецца месца пахавання нават знакамітых асобаў. Таму ўсталяваць месца магіл землякоў-беларусаў часам бывае даволі цяжка. Вось я і падумаў: неабходна сабраць інфармацыю, сістэматызаваць і выкласці біяграфіі вядомых маскоўскіх беларусаў, у тым ліку пазначыць адрасы іх апошняга супакою. - На якой стадыі гатоўнасці знаходзіцца кніга? - У цэлым яна амаль гатовая, але яшчэ ўносяцца ўдакладненні і дапаўненні. Магу паведаміць, што на сайце РНКА "Беларусы Масквы" (BelMos.ru) у раздзеле "Месцы, людзі, факты" размешчаны падрабязны экскурс па месцах пахавання вядомых беларусаў у Маскве - вытрымкі з маёй кнігі. - Добра, тады тут давайце правядзем кароткі экскурс. Дык вось, пачнём, пэўна, з пахаванняў ля Крамлёўскай сцяны ... - Так, у савецкія гады гэта лічылася самым ганаровым месцам пахавання. Тут спачывае прах маіх землякоў: М. С. Міхайлава-Іванова, які ў перадваенныя гады ўзначальваў аўтатрактарную прамысловасць СССР, І.І. Якубоўскага і І.Д. Сакалоўскага - маршалаў Савецкага Саюза, А.І. Антонава - генерала арміі, К.О. Кіркіжа - вядомага партыйнага і прафсаюзнага дзеяча. Пра лёс ганаровага некрополя ля Крамлёўскай сцяны ў апошнія гады ідуць спрэчкі, выказваюцца розныя меркаванні. Зараз Красная плошча стала ў Маскве месцам масавых культурных мерапрыемстваў, дзе грыміць музыка, зімой працуе каток. Праводзяцца розныя забаўляльныя мерапрыемствы. І гэта - побач з прахам знакамітых людзей. Мабыць, меў рацыю ўраджэнец Гомельскай вобласці А.А. Грамыка, старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР, які прасіў пахаваць яго на Новадзевічых могілках. Акрамя А.А. Грамыка, многія выхадцы з Беларусі знайшлі вечны спакой на Новадзевічых могілках. - На гэтым могілках - магілы генерала арміі Васіля Маргелава, акадэміка Ота Шміта, акцёра Пятра Алейнікава. - І яшчэ больш за 40 пахаванняў ураджэнцаў беларускай зямлі, якія ўпісалі сваю яркую старонку ў нашу гісторыю. У 2001 годзе мне давялося пазнаёміцца з Саламонам Кіпнісам - аўтарам кнігі "Новадзевічы мемарыял". У ёй змешчана бібліяграфія крыніц, планы-схемы ўчасткаў, імянны паказальнік пахаваных і паказальнік аўтараў помнікаў. На мой погляд, праца гэтага навукоўца і журналіста па заслугах яшчэ не ацэнена. З дапамогай гэтай кнігі мне ўдалося, як я ўжо сказаў, вызначыць больш за 40 пахаванняў беларусаў. Апісанне жыцця гэтых людзей можа скласці асобную кнігу. Назаву толькі некаторыя імёны. В.Ф. Міткевіч - фізік і электратэхнік з сусветным імем, Б.Г. Галеркін - акадэмік, генерал-лейтэнант, найбуйнейшы спецыяліст у галіне будаўнічай тэхнікі, П.О. Сухі - славуты авіяканструктар, В.К. Бялыніцкі-Біруля - вядомы мастак. А таксама Герой Савецкага Саюза генерал-маёр Л.М. Даватар, К.Т. Мазураў - удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, намеснік старшыні Савета Міністраў СССР, акадэмік У.І. Пічэта - першы рэктар Беларускага дзяржаўнага універсітэта, С.А. Косберг - галоўны канструктар ракетных рухавікоў. Апошнія беларускія пахаванні: удзельніца Вялікай Айчыннай вайны Я.С. Мазурава і ўраджэнец Добруша А.І. Вольскі. - Зазірнём на іншыя маскоўскія пагосты. - На Данскіх могілках пахаваныя В.Я. Ліпсан - заслужаны архітэктар Расіі, М.С. Уласік-генерал-лейтэнант, 25 гадоў ўзначальваў ахову Сталіна. Дарэчы, магілу ўраджэнца Гродзенскай вобласці М.С. Уласік мне ўдалося знайсці толькі з дапамогай яго дачкі - Надзеі Мікалаеўны. На гэтых жа могілках знаходзіцца прах вядомага гісторыка М.В. Доўнар-Запольскага. - На Кунцаўскіх могілках ... - Недалёка ад уваходу там стаіць помнік са словамі: "Служачы іншым, згарэў" - на магіле намесніка міністра аховы здароўя СССР, Галоўнага санітарнага ўрача СССР А.І. Кондрусева. Праехаўшы далей па Рабінавай вуліцы, трапляем на Траекураўскі некропаль, дзе пахаваны генерал-палкоўнік, старшыня КДБ Беларусі Э.І. Шыркоўскі, генерал-лейтэнант, лаўрэат Ленінскай прэміі А.Д. Кунцэвіч, генерал-палкоўнік К.В. Герчык, які ўзначальваў касмадром Байканур, генерал-палкоўнік М.І. Шляга, генерал-маёр Э.Б. Нордман, ганаровы грамадзянін Пінска, удзельнік партызанскага руху ... - І таксама аўтар і сябар газеты "СОЮЗ". Рамкі газетнай публікацыі, на жаль, не дазваляюць нам распавесці пра ўсіх беларусаў, якія пакінулі свой след на маскоўскай зямлі, таму жадаю вам хутчэй апублікаваць сваю кнігу.
Аркадзь Мядзведзеў, "Союз. Беларусь-Россия" №440 (4) ад 4 лютага 2010 г.