У апошнюю суботу студзеня ў Таварыстве Беларускай Культуры Літвы адбылося чарговае мерапрыемства. Гэтым разам выбары новага складу Рады.
У апошнюю суботу студзеня ў Таварыстве Беларускай Культуры Літвы адбылося чарговае мерапрыемства. Гэтым разам выбары новага складу Рады.
Першай на мерапрыемстве выступіла госця з Мінска, намесніца старшыні ТБМ Алена Анісім. Яна распавяла аб дзейнасьці ТБМ, прэзентавала апошнія нумары газет "Наша слова" і "Новы час".
Наступным выступіў старшыня ТБК Хведар Нюнька. Ён распавёў аб дзейнасці ТБК за апошнія два гады. Зроблена шмат: кожную апошнюю суботу месяца традыцыйна ў ТБК праводзілася мерапрыемства, адзначаліся гістарычныя даты, юбілеі пісьменнікаў, беларускіх дзеячаў. Праводзілі прэзентацыі фільмаў : "Журналісты" (рэжысёр Алег Дашкевіч), "Сэрца за кратамі" (рэжысёр Вольга Мікалайчык), "Тутэйшыя" (рэжысёр Таццяна Дубавец) і іншыя, трэба адзначыць, што згаданыя фільмы першы раз прэзентаваліся менавіта ў ТБК Літвы і толькі пасля ў іншых месцах. Рэжысёр Вольга Мікалайчык зняла фільм і пра дзейнасьць ТБК "Беларускія справы". Таварыства за апошнія гады атрымала,нарэшце, плошчу для забудовы беларускага культурнага цэнтра ў Павільні, дзе жыла жонка Якуба Коласа -- вынік дваццацігадовай працы старшыні ТБК Хведара Нюнькі. Таварыства мае свой сайт - www.westki.info/tbk , зроблены чальцом рады Алесем Адамковічам. Таварыствам была праведзена ІУ канферэнцыя беларусаў Балтыйскага рэгіёну. Сябры таварыства прымалі ўдзел у працы У З’езду беларусаў свету "Бацькаўшчына". Было арганізавана некалькі падарожжаў у Беларусь. Асабліва запомніліся сустрэчы з краяведамі Адай Райчонак, Алесем Белакозам, Уладімірам Скрабатунам і іншымі. У сваім выступе старшыня закрануў і самую балючую тэму - стан беларускай мовы ў Беларусі. Асабліва хвалюе, што ў ВНУ амаль не выкладаюцца дысцыпліны на роднай мове, скарачаецца беларускае школьніцтва.
Была зроблена справаздача фінансавай дзейнасці, затым адбыліся выбары ў Раду. Абраны 9 чальцоў: Алесь Адамковіч, Алесь Трусаў, Сяргей Карабач, Хведар Нюнька, Васіль Акуневіч, Валера Радзюкевіч,Хрысціна Балаховіч, Ніна-Барбора Эванс, Вацлаў Гульбіновіч.
Старшынёй Рады адзінагалосна абраны сп.Хведар Нюнька.
Зноў прысутных парадаваў украінскі ансамбль"Сьвітліца". Гэтым разам песні гучалі ў гонар Зміцера Таўкачова, які ў гэты дзень адзначаў свой дзень народзінаў. Прагучалі вершы Якуба Коласа ў выкананні Ксеніі Мілаш.
Пасля ўрачыстай часткі прысутныя яшчэ доўга не разыходзіліся, за кубкам гарбаты, вечарына працягвалася.
Паводле Леакадзіі Мілаш