Фенаменальная гісторыя жыцця габрэйскага хлопчыка Давіда Сарнова, які з беларускага мястэчка выбіўся ў лік найуплывовых людзейсамай магутнай сусветнай дзяржавы, - класічны прыклад спраўджання запаветнай амерыканскай мары.
Фенаменальная гісторыя жыцця габрэйскага хлопчыка Давіда Сарнова, які з беларускага мястэчка выбіўся ў лік найуплывовых людзейсамай магутнай сусветнай дзяржавы, - класічны прыклад спраўджання запаветнай амерыканскай мары. Сучасная тэлерадыёіндустрыя - плён прыдумкі нашага земляка. Праўда, вобраз амерыканскага ідала не такі станоўчы, як здаецца на першы погляд.
Давід Сарноў
Талмуд як падмурак зорнай кар'еры
Давід, старэйшы з пяці дзяцей Абрама і Леі Сарновых, з’явіўся на свет 27 лютага 1891 года ва Узлянах Ігуменскага ўезда Мінскай губерні. Гэта было тыповае беларускае мястэчка на рацэ Вушанцы, дзе значную частку з тутэйшага паўтысячнага насельніцтва складалі габрэі. Не дзіва, што нароўні з царквой Прасвятой Багародзіцы і парафіяльнай школай тут месцілася сінагога і хедэр (габрэйская школа). На канец 19 стагоддзя прыпадае першая вялікая хваля габрэйскай эміграцыі ў ЗША. У 1896 годзе, ашчадзіўшы крыху грошай на сціплай малярскай працы, шукаць шчасця за акіян выпраўляецца і Абрам Сарноў. Ягонай жонцы прыйшлося вярнуцца ў бацькоўскі дом з чатырма дзецьмі. Старэйшага з іх - 5-гадовага Давіда - аддалі на выхаванне да сваяка-рабіна ў мястэчка Карма пад Барысавам. Цягам чатырох гадоў хлопчык па 15 гадзін штодня бавіў час у мясцовым хедэры, старанна вывучаючы Талмуд. Можна прыпусціць, што менавіта гэта дзіцячая загартоўка стала своеасаблівым базісам для ягонага далейшага жыццёвага ўзлёту. Нарэшце, у 1900 годзе Сарновы атрымалі вестачку ад бацькі са Штатаў. За чатыры гады цяжкой працы ён назбіраў пэўную суму, якая дазволіла яму запрасіць усю сям’ю ў сціплую кватэрку, што месцілася на Манро-Стрыт ў знакамітай габрэйскай рэзервацыі Ніжні Іст-Сайд на Манхэтане.
Паспець усё!
Знясілены працай бацька захварэў на сухоты, і цяжар галоўнага карміцеля сям’і лёг на плечы Давіда. 10-гадовы хлопец працаваў разносчыкам газет, вучыўся ў школе, дзе за год засвоіў ангельскую мову, а рэдкія вольныя хвіліны бавіў за чытаннем у мясцовай бібліятэцы. У трынаццаць, адклаўшы на газетах 200 даляраў, ён набыў невялічкі газетны шапік, дзе сам і рабіў. Паралельна падпрацоўваў у хоры сінагогі, не забываючы наведвацца і ў мясцовую габрэйскую школу. Грошай усё адно катастрафічна бракавала. Давід кідае навучанне, прадае шапік і ўладкоўваецца пасыльным у амерыканскі філіял брытанскай кампаніі вынаходніка і прадпрымальніка Гульельма Марконі. Таго самага Марконі, які запатэнтваў бяздротавы тэлеграф, за што ў 1909 годзе атрымаў Нобелеўскую прэмію па фізіцы.
“Тытанік” і першая слава
15 красавіка 1912 года а пачатку на 1-ю гадзіну ночы адбылася адна з найвялікшых катастроф ХХ стагоддзя. Гіганцкі трансатлантычны лайнер “Тытанік” натрапіў на айсберг і патануў, у выніку чаго загінула больш за 2000 чалавек. Доўгія дзесяцігоддзі лічылася, што менавіта Сарноў, які на той час рабіў інспектарам радыёстанцый і інструктарам інстытута Марконі ў Нью-Ёрку, першым перахапіў сігнал з тонучага судна. “Так ужо выйшла, што я заступіў на дзяжурства ў той дзень, калі прыйшло першае паведамленне: на адлегласці 1400 міль ад берага патануў "Тытанік"! У мяне часта пытаюцца, што я адчуваў у той момант. Сумняюся, што я наогул нешта адчуваў на працягу 72 гадзін, пакуль атрымліваў навіны. Я тут жа перадаваў інфармацыю ў прэсу і газеты. Здавалася, усе вакол звар’яцелі. Тэлефоны рарываліся, хлапчукі на вуліцах выкрыквалі загалоўкі сенсацыйных навін, велізарныя натоўпы людзей збіраліся ля інфармацыйных дошак перад рэдакцыямі газет”, - распавядаў пасля Сарноў. Праўда, як выявілася праз дзесяцігоддзі, зусім не Сарноў першым перахапіў сігнал з Тытаніка, і нібыта да радыёстанцыі ва універмагу "Wanamaker" ён дабраўся ледзь не на наступны дзень пасля трагедыі. Як бы тое ні было, менавіта прадубляваныя ім спісы ацалелых на лайнеры абляцелі ўсе амерыканскія газеты разам са здымкамі самога Сарнова. Тое была ягоная першая зорная гадзіна. Дарэчы, пасля гэтай катастрофы карэнным чынам змянілася і стаўленне грамадскасці да радыё, якое раней лічылася ў лепшым разе вузкапрафесійнай прыладай. Кангрэс ЗША прыняў закон, паводле якога ўсе судны з больш як 50 пасажырамі павінны былі мець радыёапаратуру.Ад радыёпрымача да манаполіі
У 1917 годзе пасля ўступлення ЗША ў Першую сусветную вайну прэзідэнт Уільсан падпісвае дэкрэт аб стварэнні Радыёкарпарацыі Амерыкі (РКА). Яе камерцыйным упраўляючым прызначаюць 27-гадовага Давіда Сарнова, які ўжо даўно лабіраваў гэту ідэю.
Як Сарноў раз’юшыў Хрушчова
Пакарыўшы Алімп у радыёвяшчанні, Сарноў узяўся за тэлебачанне. У 1929 годзе да яго са сваімі распрацоўкамі звярнуўся выбітны расійскі навуковец-эмігрант Уладзімір Зварыкін. На даследаванні і эксперымнты АРК патраціла 50 млн даляраў. Сарноў і К скупілі ўсе неабходня распрацоўкі і патэнты, рознымі шляхамі пазбавіліся ад канкурэнтаў. Улетку 1936-га адбылася першая жывая тэлетрансляцыя з Алімпійскіх гульняў у Берліне. У 1948 годзе у ЗША было ўжо больш за 750 тысяч тэлевізараў і 127 тэлестудый.

Пераступіць праз усіх
Дзякуючы высілкам "цара Давіда", як яго называла прэса, Амерыканская радыёкарпарацыя стала адным з самых фінансава паспяховых праектаў у амерыканскай і сусветнай гісторыі. Яе дзейнасць пашырылася не толькі на рынак радыё і ТВ, але таксама на вытворчасць разнастайнай электронікі, навуковыя распрацоўкі ў інфармацыйнай і касмічнай сістэмах... Што праўда, для дасягнення амбіцыйных мэтаў Сарноў не цураўся пераступаць праз галовы людзей, ламаць іхнія лёсы. Пераасэнсоўваючы ідэі геніяльных навукоўцаў, ён рабіў усё магчымае, каб у гісторыі засталося толькі ягонае прозвішча. Так было з перадвеснікамі радыё - аўтарам вакуумнай трубы, якая ўзмацняла электрасігнал, Лі Дэ Форэстам і ўнікальным вынаходнікам Эдвінам Армстронгам (скончыў жыццё самагубствам, прайграўшы 6-гадовы судовы працэс Сарнову); тэлебачання — каліфарнійскім геніем Філам Фарнсуортам, які прыдумаў прататып тэлевізійнай трубкі; і аўтарам ідэі жывых спартовых тэлетрансляцый Джуліюсам Хопам. Гэты пералік можна працягваць і працягваць... …У 1969-м праз моцную хваробу Давід Сарноў змушаны быў пакінуць пасаду кіраўніка АРК. Праз два гады яго не стала. З’яўленне ж на чале карпарацыі Сарнова-малодшага скончылася для яе калапсам.
***Сёння ва Узлянах няма габрэяў. У мясцовавй бібліятэцы-музеі вы яшчэ знойдзіце інфармацыю пра героя антынацыстоўскага падполля Міхаіла Гебелева (удава паклапацілася), а вось пра славутага амерыканскага земляка - ні слова. Кажуць, многія месцічы ўпершыню і пачулі пра знакамітага ўзлянца толькі пару гадоў назад, калі ў вёску завітала амерыканская дэлегацыя…
Кастусь Лашкевіч, Tut.by