У Цярэспалі (Польшча) 30-31 студзеня адбыўся юбілейны XV Міжнародны фестываль усходнеславянскіх калядак. У ім узялі ўдзел больш за сорак хароў і самадзейных калектываў не толькі з Польшчы, але таксама з Беларусі, Германіі, Расіі і Украіны.
Арганізатарамі фестывалю на працягу амаль усіх гадоў яго існавання з’яўляюцца Люблінска-Хелмская праваслаўная епархія, фонд “Дыялог народаў”, Надбужанскі Цэнтр праваслаўнай культуры і гарадскі Дом культуры ў Цярэспалі. Падзея, якая штогод праходзіць у невялічкім гарадку (насельніцтва крыху больш за 6 тысяч жыхароў), мае вялізнае значэнне для захавання і развіцця праваслаўнай культуры і мясцовых народных традыцый. Дарэчы, выступаючы на адкрыцці свята, архіепіскап Люблінскі і Хелмскі Абель падкрэсліў: “Мне вельмі прыемна бачыць у зале людзей рознага ўзросту, прыхільнікаў розных хрысціянскіх канфесій. Мы разам ухваляем Госпада нашага Хрыста, гэта цудоўнае мерапрыемства аб’ядноўвае нас. Я з задавальненнем убачыў такія лічбы – на гэтую сцэну за два дні выйдзе больш за сорак калектываў, каля тысячы ўдзельнікаў”.
Шчыра кажучы, у сувязі з эканамічным крызісам была нейкая насцярога: ці змогуць арганізатары правесці юбілейны фестываль на добрым узроўні? Але ўсё прайшло выдатна.
Праўда, на самым пачатку імпрэзы ў зале яшчэ былі вольныя месцы. Але не прайшло і паўгадзіны, як сесці было ўжо немагчыма, пад вечар людзі ўвогуле запоўнілі ўсе праходы ўздоўж сцен. Даволі вялікай групай былі прадстаўлены духоўныя і афіцыйныя асобы: ужо ўзгаданы ўладыка Абель, стараста Бяльскага павета Тадэвуш Лазоўскі, консул Беларусі ў Бяла-Падлясцы Уладзімір Ананіч, консул Генеральнага консульства Польшчы ў Брэсце Анэта Сондэй, бурмістр Цярэспаля Яцэк Данілюк і іншыя. Проста слухаць калядныя спевы ім не выпадала. Кожнаму калектыву ў гонар юбілейнай падзеі былі ўручаны бронзавыя статуэткі – афіцыйны сімвал фестывалю, а таксама граматы і іконы. Гэтай справай і займаліся запрошаныя ганаровыя госці.
Зрэшты, узнагароды пачалі ўручаць яшчэ ў пятніцу. Шэрагу арганізатараў і ўдзельнікаў было прысвоена званне “Заслужаны дзеяч культуры Бяльскага павета”. Сярод іх і нязменны вядучы фестывалю, даўні сябра нашай газеты Ежы Харбовец.
Навінкай свята калядных спеваў у гэтым годзе стала тое, што пачалося яно 29 студзеня ў Любліне, а завяршылася 1 лютага ў Варшаве. Для ўдзелу ў святочных канцэртах былі запрошаны калектывы, якія станавіліся лаўрэатамі. Сярод іх і хор Свята-Уваскрасенскай царквы з Брэста. У сваіх публікацыях з Цярэспаля мы не аднойчы падкрэслівалі добразычлівае стаўленне да фестывалю людзей рознага веравызнання. Характэрным у сувязі з гэтым з’яўляюцца месцы правядзення асобных канцэртаў. У Любліне ён праходзіў у Прыродазнаўчым універсітэце, а ў Варшаве – у сценах Евангелісцка-аўгсбургскага касцёла св. Троіцы.
Фестываль, як заўсёды, атрымаўся разнапланавы. Некаторыя выходзілі з адным акампаніятарам, у іншых, як у ансамбля бандурыстаў “Карпаты” з Львова (Украіна), на сцэне знаходзіліся два дзесяткі музычных інструментаў, многія пелі а-капэла. Рознілася і выканаўчае майстэрства. Сапраўды, харам з невялікіх праваслаўных парафій Бяльскага павета (прыкладам, з Меджылесся, Гарастына, Носава) цяжка пераспяваць берасцейцаў, прадстаўляючых Свята-Уваскрасенскую царкву і гарнізонны Свята-Мікалаеўскі сабор, альбо львоўскую “Легенду”.
Але, нягледзячы на рознае майстэрства, усіх выступоўцаў яднала любоў да Бога і вернасць народным калядным спевам, а самае галоўнае – шчырасць у выкананні.
Калі гаварыць аб рэпертуары, то ён быў вельмі разнастайным. Так, рэгент хору Свята-Уваскрасенскай царквы Лія Крац падкрэсліла, што ў Цярэспалі яны прапануюць слухачам іншыя песні, чым у Любліне: “Многія святары, у тым ліку ўладыка Абель, былі на пятнічным канцэрце. Не хочацца, каб яны слухалі адно і тое ж”. Той жа пазіцыі прытрымліваецца рэгент хору Свята-Мікалаеўскага гарнізоннага сабора Таццяна Радчук. Яна і яе падапечныя ўжо не першы год удзельчаюць у фестывалі і кожны раз імкнуцца прадставіць новую праграму.
Улічваючы юбілейны статус сустрэч у Цярэспалі, немагчыма было не запытаць архіепіскапа Абеля, што значыць фестываль асабіста для яго. Адказаў уладыка на цудоўнай беларускай мове: “Пачатак і сярэдзіна мінулага стагоддзя былі вельмі драматычнымі ў гісторыі Праваслаўнай царквы ў Польшчы. Зачыняліся храмы, нішчылася духоўная культура аўтахтонных жыхароў, а ў 1947 годзе з гэтых мясцін былі выселены тыя, хто спрадвеку жыў тут, прадстаўнікі ўкраінскага і беларускага народаў. Здавалася, што праваслаўныя здабыткі гісторыі і культуры адыдуць у нябыт. Сітуацыя змянілася ў канцы 80-х гадоў: у 1989 годзе адбылася адміністрацыйная рэарганізацыя структуры Праваслаўнай царквы, паўстала Люблінска-Хелмская епархія. А ў 1995 го-дзе святары і міране вырашылі праводзіць фестываль калядак. Адразу вызначылi, што ў ім могуць прымаць удзел свецкія калектывы, прадстаўнікі іншых канфесій. На першых сустрэчах мы прапаноўвалі выканаць тры традыцыйныя калядкі з паказам абраду. Цяпер удзельнікаў прыходзіцца абмяжоўваць у рэпертуары. Вельмі прыемна, што прыязджаюць людзі з далёкіх мясцін. Ад сваіх бацькоў, дзядуль і бабуль яны пераймаюць спевы гэтай зямлі. Значыць, культура, якая, здавалася, ужо заняпала, жыве, і носьбітамі яе з’яўляюцца не толькі сталыя людзі, але і моладзь. І я вельмі цешуся з гэтага”.
Юры Рубашэўскі, "Вячэрні Брэст"