У кастрычніку мінулага года ў Стакгольме прайшоў ўстаноўчы сход Згуртавання беларусаў Швецыі. На сходзе быў прыняты статут Згуртавання, сімволіка арганізацыі, абрана Рада суполкі.
У кастрычніку мінулага года ў Стакгольме прайшоў ўстаноўчы сход Згуртавання беларусаў Швецыі. На сходзе быў прыняты статут Згуртавання, сімволіка арганізацыі, абрана Рада суполкі.
23 лістапада 2009 года суполка была афіціыйна зарэгістравана ў падаткавай інспекцыі Швецыі. А нядаўна беларусы Швецыі стварылі свой інфармацыйны інтернет-рэсурс -- сайт www.sverigesbelarusier.se. На сайце можна знайсці інфармацыю пра гісторыю стварэння Згуртавання беларусаў Швецыі, мэты і задачы арганізацыі, Статут Згуртавання. Таксама для наведнікаў сайту створаны форум і раздзел “Навіны”. Праўда, пакуль у гэтым раздзеле змешчана толькі “Вітанне”, але ўсё наперадзе. Сябры суполкі маюць вялікія планы і жаданне развівацца. Падрабязней пра гэта распавядае старшыня Згуртавання беларусаў Швецыі Юры Кажура.
Юры Кажура
- Спадар Юры, скажыце,калі ласка, колькі сяброў налічвае ваша суполка?
- Зараз у нас афіцыйна 15 сяброў, на чарзе яшчэ 2 ці 3 чалавекі. Справа ў тым, што дастаткова складана знайсці статыстычныя дадзеныя аб тым, колькі беларусаў пражывае ў Швецыі. Беларусы прыязджаюць у Швецыю па абсалютна розных матывах, але многія з іх проста губляюцца, і таму адным з накірункаў нашай дзейнасці мы бачым пошук беларусаў ў Швецыі і наладжванне кантактаў, то бок мы не збіраемся сядзець і чакаць, калі да нас прыйдуць людзі. Мы збіраемся займацца актыўным пошукам.
- Распавядзіце трошкі пра сябе. Адкуль Вы? Як доўга жывяце ў Швецыі?
- Сам я з Мінска. Пераехаў у Швецыю ў 2004 годзе. Я навучаўся ў Швецыі і ў мяне была магчымасць тут застацца, я і застаўся. Цяпер працую ў кансалтынгавай фірме. Па адукацыі я палітолаг і перакладчык. Дастаткова доўга я працаваў у МЗС, у амбасадзе Беларусі ў Чэхіі, а таксама ў місіі ААН ў Нью-Ёрку. Агулам дыпламатычнай службе прысвяціў больш за 11 год. Помнік Францыску Скарыну ў Празе быў пастаўлены як раз у час маёй працы ў амбасадзе Чэхіі. Мне давялося займацца гэтым праектам, вырашаць усе бюракратычныя пытанні і я вельмі рады, што чэшскія ўлады пагадзіліся паставіць помнік.
- Наколькі складана беларусам адаптавацца ў Швецыі?
- Тут няма ніякага правіла ці формулы. Усё складваецца вельмі індывідуальна. Калі жанчына выходзіць за муж за шведа і пераязджае, гэта адны ўмовы, калі чалавек проста па нейкіх іншых прычынах прыязджае ў Швецыю, то гэта іншыя ўмовы. На прыклад, калі вы малады навуковец і вы атрымалі пэўны крэдыт даверу і здолелі зацікавіць сваёй навуковай працай, то вы можаце разлічваць на добрыя ўмовы пражывання ў Швецыі, прынамсі такія, каб вам не трэба было непакоіцца пра побытавыя праблемы і можна было спакойна займацца навуковай працай.
- На сайце Згуртавання беларусаў Швецыі напісана, што суполка ўжо мае пэўныя традыцыі. Раскажыце падрабязней пра гэтыя традыцыі.
- Гістарычна склалася так, што Згуртаванне Беларусаў Швецыі не першая беларуская суполка, створаная ў Швецыі. Існавалі і іншыя суполкі, але яны спынялі сваю дзейнасць па розных прычынах. Таму ўжо ёсць пэўныя традыцыі, існуе свая кантактная сетка. Яшчэ да афіцыйнай рэгістрацыі суполкі мы збіраліся разам, праводзілі беларускія мерапрыемствы, да прыкладу, мы заўсёды адзначалі Дзяды, 25 сакавіка.
- Раскажыце, калі ласка, пра вашыя планы на бліжэйшую будучыню?
- Нашыя планы можна раздзяліць на два аспекты. Першы -- звязаны з лагістыкай, то бок у першую чаргу нам неабходна знайсці памяшканне для дзейнасці суполкі. Хаця Шведская дзяржава і падтрымлівае суполкі, аднак яна не можа знайсці нам памяшканне і даць грошы на арэнду. Таму гэта досыць складанае пытанне ва ўмовах рыначнай эканомікі, якое будзе патрабаваць ад нас шмат высілкаў. Другі аспект –змястоўны. Як я ўжо гаварыў, мы будзем шукаць беларусаў у Швецыі, усталёўваць з імі кантакты, старацца прыцягваць для працы ў суполцы, па магчымасці аказваць ім неабходную дапамогу, а таксама будзем распаўсюджваць у Швецыі веды пра Беларусь, праводзіць мерапрыемствы па папулярызацыі беларускай культуры ў Швецыі. Цяпер мы як раз распрацоўваем план мерапрыемстваў. Бліжэйшае мерапрыемства, якое мы збіраемся правесці, – гэта святкаванне Дня волі. Наша галоўная мэта – стварыць кантактную платформу для беларусаў, якія жывуць у Швецыі.
Гутарыла Таццяна Печанко