Легендарны віленскі астрог Лукішкі, слава пра які калісьці хадзіла па абсягах усёй Расійскай імперыі, і дзе ў розныя часы перабывала мноства беларускіх нацыянальных дзеячаў, хутка чакаюць перамены. Гэтаксама, як і славуты Лукішскі пляц, на якім павесілі Кастуся Каліноўскага.
Вязніца пераедзе
Лукішская вязніца была пабудаваная ў 1901-05 гадах па ўказе Мікалая ІІ на месцы старога губернскага астрога. Турэмны комплекс, узведзены паводле апошняга слова тэхнікі, апроч непасрэдна вязніцы і следчага ізалятара складаўся з царквы Мікалая Цудатворца, касцёла і адміністратыўных памяшканняў. Паралельна ён з’яўляўся і адной з найбольшых у Расійскай імперыі “палітычных” турмаў.
Лукішская турма сёння. Фота тут і далей: Delfi.lt.
Апроч, напрыклад, Фелікса Дзяржынскага і экс-прэм’ера Ізраіля ды нобелеўскага лаўрэата Менахема Бегіна, на Лукішках “бавілі час” многія дзеячы беларускага адраджэння. Праўда, адбывалася гэта ў асноўным пасля Рыжскай дамовы (1921), паводле якой заходнебеларускія землі ўвайшлі ў склад Польшчы. Вуліцы! Вуліцы! Вуліцы!Тыя, што давалі мне рытм...Я хачу сягоньня расчуліцца,Бо ўспомніў вас, быццам міт.Доўга вас не бачыў, замкнёны,Доўга марыў, марыў я,Снілісь мне шумы і звоны,Паводка электрычнага святла...Сягоння быў шчасцем абліты я...Шчасце - лебядзіны пух...Бачыў вулкі, калі з паліцыяйШоў па бруку, скаваны ў ланцуг.“Гэты верш (паэта Хведара Ільляшэвіча, 1929 г. - TUT.BY) напісаны ў віленскай турме на Лукішках, дзе па некалькі гадоў сядзелі многія беларускія паэты. Многія і пачыналі пісаць вершы менавіта ў часе свайго арышту. Скажам, Алесь Салагуб толькі ў гэтай турме і быў паэтам, бо пасля вызвалення таемна перайшоў мяжу ў БССР, дзе яго схапілі і расстралялі. Характэрная і назва зборніка яшчэ аднаго лукішскага вязня Валянціна Таўлая - “Пілую вершам краты”. Падрабязна гэты тагачасны віленскі турэмны “парнас” апісаны ў паэме Міхася Машары “Падарожжа”, - распавядаў у анталогіі віленскай паэзіі Сяргей Дубавец. Болей другіх беларускіх літаратараў Заходняй Беларусі за лукішскімі кратамі правёў Міхась Машара - чатыры гады. Легендарная дзяячка Зоська Верас наўпрост з астрогу вынесла нізку напісаных ім вершаў і ўласным коштам выдала першы ягоны зборнік "Малюнкі" (1928). Неаднаразова бываў за кратамі класік беларускай літаратуры і актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху Максім Танк. У 1930-х у Лукішках нават выдаваўся падпольны часопіс "Краты".
Бываў там ячшэ адзін класік нашай літаратуры Максім Гарэцкі, беларускі сенатар польскага сойму Васіль Рагуля і настаўнік, сусветнавядомы ў будучым навуковец у галіне аэранаўтыкі Барыс Кіт, каталіцкі ксёндз-адраджэнец Вінцэнт Гадлеўскі і праваслаўны беларускі дзеяч Сяргей Паўловіч. Ажно тройчы (1920, 1927, 1939) “гасцяваў” у славутай віленскай вязніцы адзін з бацькоў беларускай дзяржаўнасці і прэм’ер-мiнiстр Беларускай Народнай Рэспублікі Антон Луцкевіч. Прычым не проста “гасцяваў”, а старанна працаваў. Бліскучы публіцыст, за кратамі ён здзейсніў частку перакладу “Кнігаў джунгляў” Кіплінга, напісаў шэраг літаратурна-крытычных артыкулаў, накіды да хрэстаматыйных успамінаў “За 25 гадоў”…
Дасюль Лукішская турма з ізалятарам (Lukiški? skg., 6) дзейнічаюць. Больш за 1000 чалавек, 82 з якіх асуджаны на пажыццёвы тэрмін, адбываюць там заключэнне. Аднак заставацца ім там нядоўга. Паводле планаў гарадскіх уладаў, да 2014 года турма, следчы ізалятар і турэмны шпіталь мусяць быць вынесены з цэнтру сталіцы. На мінулым тыдні Лукішскі ізалятар наведала прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ. “Па-першае, гэтая турма была пабудаваная ў царскі час. Царскі дух застаўся, якасць, умовы, у якіх утрымліваюць людзей - жахлівыя. У іх няма магчымасці кантактаваць, у многіх месцах умовы аварыйныя. У цэнтры Вільнюса - сталіцы Літвы - гэта адкрытая рана”, - цытаваў Грыбаўскайтэ Delfi.lt. Па яе словах, вывядзенне ізалятара з цэнтру - прыярытэтная задача і вырашацца яна павінна “як мага хутчэй, а не 2014 годзе”. Як лёс пасля пераезду чакае Лукішскі турэмны комплекс, унесены ў спіс ахоўваемых дзяржавай аб’ектаў, пакуль невядома.
Крыж паўстанцам застанецца
Паблізу ад Лукішскай турмы месціцца аднайменны пляц (Lukiskiu aikste). 22 сакавіка 1864 года там павесілі кіраўніка антырасійскага вызвольнага паўстання на Беларусі Кастуся Каліноўскага і яшчэ 20 паўстанцаў.
Від на Лукішкі ў 1860 годзе. Фота: szhaman.livejournal.com
Лукішскі пляц сёння. Фота тут і далей: аўтар На меркаваным месцы пакарання, амаль пад самым касцёлам Святых Якуба і Піліпа стаіць памятны крыж і паваенная мемарыяльная пліта ў гонар герояў - Каліноўскага і яго паплечніка Зігмунта Серакоўскага, кіраўніка паўстання ў Жамойці, павешанага тут яшчэ 27 чэрвеня 1863 г. Дарэчы, беларускія адраджэнцы пачатку 1990-х Сяргей Дубавец і Сяргей Харэўскі правялі даследаванне, у выніку якога высветлілі, што цела Каліноўскага было ўпотайкі пахавана на Замкавай гары.Год назад Камісія віленскага самакіравання выбірала праект рэканструкцыі цэнтральнай плошчы Лукішкі, якая з савецкіх часоў не мянялася. З сямі заяўленых на конкурс праектаў толькі адзін прадугледжваў захаванне помніка паўстанцам. Нешмтлікія прадстаўнікі актыўнай беларускай грамады ўздымалі гэта пытанне на розных узроўнях і ўрэшце дасягнулі свайго. Пасля звароту Таварыства Беларускай Культуры літоўскі ўрад прыняў рашэнне захаваць помнік, накіраваўшы адпаведнае рашэнне ў Міністэрства культуры."Міністрэства культуры, рэагуючы на пастанову Літоўскага Урада ад 23 красавіка 2009 г. за № 22-2616, разам з Дэпартаментам развіцця Віленскай гарадской самаўправы разгледзелі заяву Таварыства беларускай культуры ў Літве ад 14 красавіка 2009 г. за № 280 і вырашылі, што пры рэканструкцыі Лукішскага пляца будзе звернута ўвага на захаванне месца пашаны Кастуся Каліноўскага. Міністэрства культуры лічыць, што ўсталяваны крыж памяці Кастуся Каліноўскага на Лукішскім пляцы мусіць быць захаваны", - ішлося ў пастанове літоўскага Мінкульту.Тады крыж з мемарыяльнай плітой, а таксама 6 драўляных лавак і 10 дэкаратыўных ліхтарняў з чырвонага граніту і чыгуну ўзялі пад ахову дзяржавы.
На днях Урадавая камісія пастанавіла, што Лукішская плошча будзе рэканструяваная да 2012 года. Для гэтага абвесцяць два конкурсы - на добраўпарадкаванне тэрыторыі і стварэнне помніка змагарам за свабоду. На рэканструкцыю вылучаць 45 млн літаў.
Адзіны на тэрыторыі былога СССР
Мажліва, калі з лукішскіх астрожных сценаў высяляць дзейную турму з ізалятарам, там зробяць музей і кожны ахвочы здолее ўбачыць легендарную вязніцу на ўласныя вочы. Пакуль жа, будзеце ў Вільні, не прамінеце зазірнуць у Музей ахвяраў генацыду (Auku, 2), фасад якога выходзіць амаль на Лукішскі пляц. У народзе яго клічуць яшчэ Музеем КГБ, бо месціцца ён у будынку былога Камітэта дзяржбяспекі Літоўскай ССР. Гэта адзіны падобны музей на абсягах былога Саюзу.
Фота: galenfrysinger.comСярод шматлікіх залаў, якія распавядаюць пра збройнае змаганне літоўскіх “лясных братоў” з савецкай уладай, беларуса найбольш зацікавіць уласна турма КГБ (НКВД, МГБ), размешчаная ў цокальным паверсе музею. Нешта падобнае, напэўна, і сёння існуе ў будынку беларускага КГБ у Мінску. Вязніца, якая існавала тут з 1940 па 1991 год і дзе больш за 1000 чалавек было знішчана толькі з 1944 да пачатку 1960-х, захавалася ў нязменным выглядзе. Кожны можа абсалютна свабодна зазірнуць у звычайныя камеры, карцэры і “басейны”-катавальні, памацаць абстаноўку службовых кабінетаў, выйсці на разгароджаны сеткай турэмны панадворак, як некалі вязні на 15-хвілінны шпацыр, ці спусціцца ў расстрэльны пакой. Калі заўважаеш на шурпатай сцяне сляды ад крывавых куль, якія абрывалі чалавечыя жыцці, душа сыходзіць у пяткі. Цікава, што ў канцы турэмнага калідора знаходзяцца арыгінальныя дзверы, перанесеныя ў музей з… турмы на Лукішках…
Кастусь Лашкевіч, Tut.by