У выдавецтве "Maney Publishing" у Лідс выйшла кніга Арнольда Макміліна "Writing In A Cold Climate: Belarusian Literature From The 1970s To The Present Day" (Пісаць у халодным клімаце: Беларуская літаратура ад 1970-х да сённяшняга дня).
Аўтар – найбольш значны англамоўны літаратуразнаўца, які даследуе беларускую літаратуру.
Кніга налічвае больш за 1100 старонак і ахоплівае паэзію (якая, паводле аўтара, працягвае дамінаваць у беларускай літаратуры, як і стагоддзе таму), прозу і драматургію. 170-ці аўтарам прысвечаныя асобныя артыкулы, а Рыгору Барадуліну, Адаму Глобусу, Анатолю Сысу, Уладзіміру Някляеву, Уладзімеру Арлову і Алесю Разанаву – даўжэйшыя раздзелы. Таварыствы "Тутэйшыя" і "Бум-бам-літ" вылучаны ў асобныя раздзелы, гэтак жа як і аўтары з Полацка, Гародні і Гомеля (раздзел “Літаратура па-за метраполіяй”).
Кнігу можна замовіць праз Амазон, яе поўны кошт – £75.
Прэзэнтацыя кнігі адбудзецца 26 лютага а 17.30 у Masaryk Room, floor 4, SSEES, 16 Taviton St, London WC1H 0BW.