9 студзеня 2010 г. (субота) у Вільні ў касцёле святога Мікалая адбылося ўрачыстае адкрыццё новай мемарыяльнай шыльды, прысвечанай сігнатару акта 16 лютага 1918 г., які абвесціў незалежнасць Літвы, Данатасу Малінаускасу (Donatas Malinauskas).
У многіх зараз узнікне пытанне, а хто такі Данатас Малінаускас і які адносіны гэтая падзея мае да беларускага жыцця Вільні. Адказ знойдзем адразу, калі на нашай старонцы ніжэй пабачым артыкул "Віленская арцыбіскупская курыя не хоча ўшанаваць памяць святара сваёй арцыдыяцэзіі Адама Станкевіча". Віленская арцыбіскупская курыя ў каторы ўжо раз адмовіла Таварыству беларускай культуры ў Літве ва ўсталяванні мемарыяльнай шыльды ў гэтым касцёле. І зноў можна запытацца, а прычым тут гэтая адмова. Так, сувязі практычна няма. Гэта героі іх гісторыі і яны маюць поўнае права ўсталёўваць ім помнікі, шыльды і г.д. колькі хочуць і дзе хочуць. Але ёсць адно але.
У адмове ад 22 кастрычніка 2009 г. за подпісам генеральнага вікарыя арцыбіскупскай курыі біскупа Йозаса Тунайціса, напісанай на афіцыйным бланку курыі зазначана: "Вельмі шануем ксяндза пакутніка Адама Станкевіча, але, на жаль, не можам задаволіць просьбу. У касцёле Св. Мікалая працавала шмат паважаных святароў, ня хочам з іх выдзеліць аднаго, а іншых пакінуць не ўшанаванымі. Таму думаем больш не дазваляць усталёўваць у касцёле Св. Мікалая новыя мемарыяльныя шыльды, бо і так ужо маем тры".
Як бачым, асноўнай прычынай адмовы ўсталявання шыльды было тое, што вырашылі там не ўсталёўваць іншых. Цалкам лагічны і зразумелы адказ. Тут можна было б паставіць кропку, але прайшло літаральна два з паловай месяцы і ў гэтым касцёле з'явілася новая мемарыяльная шыльда. Нават не сталі доўга чакаць. Зараз дакладна зразумелыя прычыны адмовы ва ўсталяванні шыльды Адаму Станкевічу.
Крыўдна іншае. І нават тут справа не ў беларускасці, ці літоўскасці. Справа ў тым, што тыя людзі, якія павінны несці дабро, справядлівасць, прапаведваць праўду, несці навуку Хрыста сваёй пастве і сваім уласным прыкладам навучаць нас Божай Праўдзе самі займаюцца палітыканствам... І гледзячы на гэта, цудоўна разумееш, чаму царква ў сёняшнім грамадзтве губляе як паству, так і свой аўтарытэт.
Інфармацыя ТБК, westki.info