Навагоднія мерапрыемствы для беларускіх дзяцей у Польшчы

Навагодні баль для беларускіх дзяцей адбыўся ў Беластоку 22 студзеня. Галоўным арганізатарам мерапрыемства выступіў Культурны цэнтр Беларусі пры Пасольстве Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча пры падтрымцы Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Польшчы.

Удзельнікамі балю сталі дзеці, якія вывучаюць беларускую мову, а таксама ўдзельнікі і пераможцы агульнапольскага конкурсу “Пазнай Беларусь”, дзіцячых конкурсаў “Роднае слова”, “Сцэнічнае слова” і “Беларуская песня”. Для дзяцей была падрыхтавана насычаная гульнёва-танцавальная праграма, гучалі сучасныя беларускія песні, былі арганізаваны шматлікія конкурсы. Падчас балю адбылася прэзентацыя альбома прац удзельнікаў першага конкурсу “Пазнай Беларусь”. Напрыканцы ўсе дзеці атрымалі салодкія беларускія падарункі. 23 студзеня 2010 г. ў Недзяржаўнай праваслаўнай пачатковай школе імя святых Кірылы і Мяфодзія ў Беластоку адбылося святочнае мерапрыемства з нагоды праваслаўных Каляд і Новага года. Удзел у мерапрыемстве прынялі намеснік прэзідэнта горада Беластока А. Сосна, супрацоўнікі Культурнага цэнтра Беларусі ў Польшчы (КЦБ), прадстаўнікі мясцовага самаўраду, Праваслаўнага брацтва ў Беластоку, беларуская і праваслаўная грамадскасць горада. Падчас мерапрыемства ад імя беларускай дыпламатыі ў Польшчы школе быў ўручаны каштоўны падарунак. У прывітальным слове было выказана спадзяванне на далейшае супрацоўніцтва дзеля пашырэння традыцый праваслаўя на Беласточчыне. Кіраўніцтва школы і прадстаўнікі бацькоўскага камітэта выказалі зацікаўленасць ва ўстанаўленні і развіцці партнёрскіх сувязяў з сярэднімі навучальнымі установамі Беларусі.

www.belembassy.org/poland