У Празе ўсталююць памятную дошку Ларысе Геніюш

Пасяджэнне сяброў Рады суполкі “Скарына” (Прага, Чэхія) прайшло ў аўторак, 25 студзеня. На пасяджэнні былі абмеркаваны мерапрыемствы па ўвекавечанні памяці славутай беларускай пісьменніцы Ларысы Геніюш, 100-гадовы юбілей якой адзначаецца ў гэтым годзе.

Па словах старшыні суполкі “Скарына” Рыты Гаціх, сябры Рады вырашылі ўзяць на сябе ініцыятыву па ўсталяванню памятнай дошкі Ларысе Геніюш на будунку, у якім яна пражывала пад час свайго легальнага знаходжання ў Чэшскай рэспубліцы.

“Мы вырашылі правесці конкурс сярод студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў па праекту гэтай дошкі, -- гаворыць спадарыня Гаціх. -- Таксама было вырашана звярнуцца да беларускай грамады ў Празе па пытаннях фінансавання гэтага праекта”.

На дадзены момант вядзецца распрацоўка ўмоваў конкурсу і пошук магчымых крыніцаў фінансавання.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”