Дзень Беларускай Салідарнасці: Нью-Ёрк і Вашынгтон

Упершыню ў новым 2010-м годзе - 16 студзеня актывісты Беларускага Моладзевага руху Амерыкі правялі акцыі салідарнасці. Яны прайшлі паралельна ў Вашынгтоне і Нью-Ёрку.

Упершыню ў новым 2010-м годзе - 16 студзеня актывісты Беларускага Моладзевага руху Амерыкі правялі акцыі салідарнасці. Яны прайшлі паралельна ў Вашынгтоне і Нью-Ёрку.

Беларусы, якія зараз жывуць у Амерыцы, выйшлі да беларускай амбасады ў Вашынгтоне і да будынку ААН у Нью-Ёрку падтрымаць беларусаў, якія жывуць на Бацькаўшчыне ў іх імкненні да дэмакратычнай і сапраўды беларускай Беларусі, выказаць словы падтрымкі родным і блізкім гвалтоўна зніклых беларусаў і палітычным вязням.

Падчас акцый беларусы ЗША ўзгадалі апошнія падзеі ў Беларусі: пра знаходжанне ў турме Мікалая Аўтуховіча і Уладзіміра Асіпенкі ды пазбаўленага волі Арцёма Дубскага, пра арышт Тараса Сургуна і затрыманне Сяргея Каваленкі, супраць якога ўзбуджана крымінальная справа за ўзняцце на навагодняй ялінцы ў Віцебску бел-чырвона-белага сцяга, пра пагрозы журналістцы Ірыне Халіп, пра выключэнне з БДУ Таццяны Шапуцькі ды выкраданне моладзевых лідэраў Зміцера Дашкевіча і Яўгена Афнагеля.

Беларусы ЗША з Масачусэтса, Нью-Ёрка, Нью-Джэрсі, Вашынгтона, Мэрылэнда і іншых штатаў у гэты дзень тым самым даслалі свае вітанні і словы падтрымкі гэтым людзям і іх родным, а таксама мільёнам беларусаў на Радзіме і ва ўсім свеце, якія мараць пра лепшую Беларусь. Далучыліся да "амерыканскіх" беларусаў і сотні мінакоў, якія клаксонамі сваіх аўтамашын выказвалі падтрымку не толькі ўдзельнікам акцый у Нью-Ёрку і Вашынгтоне, але і беларусам, што былі ў той момант за тысячы кіламетраў ад іх.

Традыцыйна акцыя ў Нью-Ёрку скончылася спевам беларускіх гімнаў "Пагоня"і "Магутны Божа".

Паводле Беларускага Моладзевага Руху Амерыкі