Гэта былі першыя словы, якія прамовіў вядомы беларускі бард Алесь Камоцкі, завітаўшы на офіс “Бацькаўшчыны” адразу пасля свайго візіту ў Іркуцк. Справа ў тым, што сябры Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага запрасілі Алеся Камоцкага выступіць з канцэртам на свяце “Беларускія Каляды-2010”, арганізаваным таварыствам.
Гэта былі першыя словы, якія прамовіў вядомы беларускі бард Алесь Камоцкі, завітаўшы на офіс “Бацькаўшчыны” адразу пасля свайго візіту ў Іркуцк. Справа ў тым, што сябры Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага запрасілі Алеся Камоцкага выступіць з канцэртам на свяце “Беларускія Каляды-2010”, арганізаваным таварыствам.
Адбылося тое свята 7 студзеня ў Іркуцкай абласной філармоніі. Спачатку з вітальным словам выступілі прадстаўнікі адміністрацыі гораду, а за імі месца на сцэне заняў Алесь Камоцкі.
“Мяне вельмі цёпла прымалі. І хаця я спяваў па-беларуску і гаварыў паміж песнямі па-беларуску, мяне добра разумелі, толькі адна жанчына падышла пасля канцэрту нешта перапытаць, -- распавядае Алесь Камоцкі. -- Заля была запоўненая больш, чым на палову. Алег Рудакоў – старшыня ІТБК – сказаў, што гэта трохі меней, чым чакалі, бо многія не прыйшлі з-за моцных маразоў. Канцэрт цягнуўся каля гадзіны. Песні спяваў самыя розныя, у тым ліку, як заўжды, песні на словы Рыгора Барадуліна. Вельмі добра ўспрымаліся песні з дыска “З бацькоўскай кружэлкі”. Толькі адзін момант падчас канцэрту мяне здзівіў. Прыкладна хвілін праз сорак ад пачатку майго выступлення, я заўважыў, што людзі ўстаюць са сваіх месцаў і перасаджваюцца бліжэй да ўваходных дзвярэй. Я не разумеў, у чым справа, і паціху стаў згортваць канцэрт. Ужо пасля да мяне падышла жанчына і патлумачыла, што проста на тым баку залі было холадна сядзець”. Але на гэтым свята не скончылася. Не паспелі адгучаць апошнія акорды песень Алеся Камоцкага, як на сцэне з’явілася моладзь з клуба “Крывічы”, яны парадавалі гледачоў тэатралізаваным прадстаўленнем “Калядкі”. Як сказаў Алесь Камоцкі, яны і спявалі, і крычалі, і танчылі, і скакалі па сцэне, і па залі бегалі. Са сцэны прадстаўленне плаўна перацякло ў фае філармоніі, дзе ўсіх жадаючых вучылі народным бытавым танцам.
Алег Рудакоў (злева) і Алесь Камоцкі
А на наступны дзень Алесь Камоцкі патрапіў на возера Байкал, а дакладней ў тое месца, дзе рака Ангара з Байкала выцякае. Тут Алесь, па ягоных словах, зразумеў, што такое сапраўдны холад: “Калі на гару лезлі, быў моцны вецер, і я адчуў, што такое холад. Краявід там надзвычай прыгожы. Я быў вельмі ўражаны . Бачыў шаман-камень. Гэта такое знакавае месца, пра якое складзена шмат легендаў. Там нібы гара пад зямлю правалілася, толькі “хвосцік” гары тырчыць з-пад вады. Я раней толькі чуў пра гэтае месца, а цяпер і ўбачыў”.
Што тычыць агульнага ўражання пра беларусаў Іркуцка, то Алесь Камоцкі быў прыемна здзіўлены ўбачыць у памяшканні Таварыства беларускай культуры імя Я. Чэрскага сапраўдныя кросны, на якіх можна ткаць, што і робяць з поспехам сябры таварыства. “А яшчэ яны там ходзяць у кашулях, якія самі вышылі. І гэта не асобныя выпадкі, гэта тэндэнцыя, -- распавядае музыка. – Увогуле мне вельмі спадабалася паездка. Уражанні засталіся самыя пазітыўныя. Я яшчэ хачу. Штосьці ад мяне там засталося, я паеду гэта шукаць”.