Упершыню з гастролямі ў Турцыі выступіць Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь Дзяржаўны ансамбль танца Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста краіны Валянціна Дудкевіча.
За 50 гадоў свайго існавання ансамбль упершыню прыязджае на гастролі ў Турцыю ў поўным складзе. Канцэрты пройдуць з 15 па 17 студзеня, паведаміла памочнік мастацкага кіраўніка ансамбля Сняжана Цімчык. Ансамбль выступіць на сцэне "TIM Maslak Show Center" з вялікай маляўнічай праграмай пад назвай "З любоўю з Беларусі". "TIM Maslak Show Center" - культурна-забаўляльны цэнтр Стамбула, размешчаны ў самым цэнтры сталіцы Турцыі і адкрыты для наведвальнікаў у лістападзе 2005 года. Акрамя вялікай сцэны умяшчальнасцю каля 2 тыс. месц ёсць другая тэатральная зала на 302 месцы, пяць кіназалаў, пяць канферэнц-залаў, рэстаран і некалькі магазінаў. Усе тры канцэрты пройдуць на сцэне Вялікай залы "TIM Maslak Show Center". Праграма падрыхтавана з такім разлікам, каб прадставіць турэцкаму гледачу не толькі традыцыйныя беларускія фальклорныя нумары, такія як харэаграфічная сюіта па матывах зімовых народных абрадаў "Беларуская мяцеліца" або дзявочы лірычны карагод "Церніца", але і нумары з сучаснага беларускага рэпертуару ансамбля - "Лянок", "Яблонь мая..." і іншыя.