З нагоды свята Хрышчэння Гасподняга, якое называецца ў народзе Вадохрышчам, у Беларускай Царкве г. Антверпена адбылося ўрачыстае Вялікае асвячэнне вады.
Гэтая Богаслужба адбываецца толькі адзін раз на год і прысвечана ўспаміну Хрышчэння Госпада Ісуса Хрыста ў рацэ Ярдан. Падчас Хросту Збавіцеля адбылося аб’яўленне Трыадзінага Бога – Айца, Сына і Святога Духа. Асвечаная ў гэты дзень вада атрымлівае Ласку Святога Духа і набывае моц ачышчаць і аздараўляць духоўныя і цялесныя хваробы, ахоўваць ад бачных і нябачных ворагаў.
Па традыцыі вернікі бяруць гэтую ваду дамоў і спажываюць пры любой нагодзе для атрымання Божага блаславення. Таксама гэтай вадой здзяйсняецца штогадовае пераасвячэнне дамоў, якое адпраўляе святар па запрашэнні парафіянаў.
Пасля ўрачыстага Набажэнства вернікі Беларускай Царквы зладзілі супольную трапезу, якая прайшла ў духу цеплыні і братэрства.