Таварыства беларускай культуры ў Літве: хроніка жыцця 2009

У лютым 2009 г. з'явілася ў сусветным сеціве старонка Таварыства беларускай культуры ў Літве, на якой адлюстроўваюцца асноўныя падзеі з жыцця арганізацыі і прыводзяцца гістарычныя матэрыялы з беларускага жыцця Віленшчыны.

Якім быў 2009 г. для ТБК?

У лютым 2009 г. з'явілася ў сусветным сеціве старонка Таварыства беларускай культуры ў Літве, на якой адлюстроўваюцца асноўныя падзеі з жыцця арганізацыі і прыводзяцца гістарычныя матэрыялы з беларускага жыцця Віленшчыны. У далейшым плануецца яе пашырыць і больш распавядаць пра беларусаў Вільні і іх лёсы.

Для ТБК 2009 г. быў насычаным на падзеі.

У гэтым годзе адбылося дзве знакавыя падзеі. Гэта V з'езд беларусаў сьвету, які праходзіў у Мінску 18-19 ліпеня 2009 г. Ад Таварыства беларускай культуры ў Літве на ім прысутнічала 7 дэлегатаў: старшыня ТБК Хведар Нюнька і сябры Рады ТБК Леакадзія Мілаш, Крыстына Балаховіч, Сяргей Карабач, Васіль Акуневіч, Алесь Трусаў і Алесь Адамковіч. Усяго ж з Літвы прысутнічаў 21 чалавек.

Другая знакавая падзея – гэта IV канферэнцыя беларусаў краін Балтыі і Беларусі (5-6 верасня 2009 г., Вільня),арганізаваная Таварыствам беларускай культуры ў Літве.. На канферэнцыі прысутнічалі госці з Беларусі, Латвіі, Эстоніі, Польшчы, Расіі. Не абмінулі ўвагай і літоўскія ўлады (вялікім гонарам для ТБК была прысутнасць прэм'ер-міністра Андруса Кубілюса, генеральнага дырэктара Дэпартамента нацмяншынь Арвідаса Даўнаравічюса і інш.), а таксама старшыні літоўскіх грамадскіх арганізацый (Альфонсас Аўгуліс, Казімерас Гаршва і інш..). Падчас канферэнцыі адбылася прэзентацыя фільма пра дейнасць ТБК "Беларускія справы" рэжысёра Вольгі Мікалайчык. Былі прынятыя звароты да дзяржаўных органаў Літвы, Беларусі, Еўразвяза, у тым ліку і зварот да Прэзідэнта і Урада Літоўскай Рэспублікі аб фінансавай падтрымцы ТБК у сувязі з цяжкім матэрыяльным становішчам. Аднак ніякай дапамогі ад іх не было атрымана.

Цягам года сябры ТБК ушанавалі шмат выдатных беларускіх дзеячоў, многім з іх прысвячаючы цэлыя імпрзы, а таксама адзначылі знакавыя і лёсавырашальныя падзеі ў жыцці беларускага народа .

14 красавіка 2009 г. ад Літоўскага ўрада быў атрыманы станоўчы адказ на зварот аб захаванні месца пакарання смерцю нацыянальнага героя Беларусі, Літвы, Польшчы Кастуся Каліноўскага на Лукішскім пляцы.

Змаганне ж за ўшанаванне памяці выдатнага беларуса ХХ ст. кс. Адама Станкевіча, на вялікі жаль, не прынесла плёну. На звароты ТБК аб усталяванні мемарыяльнай шыльды ў касцёле Св. Мікалая ў гонар святара Віленскай архідыяцэзіі і пакутніка Адама Станкевіча ад Віленскай арцыбіскупскай курыі прыйшлі адмоўныя адказы.

30 сакавіка - 1 красавіка кандыдат у Еўрапарламэнт ад партыі Нацыянальнага Адраджэння (Літва), дырэктар Літоўскага аддзела АПІА, чалец рады Таварыства беларускай культуры ў Літве Ніна Барбора-Эванс наведала Брусэль. 31 сакавіка па ініцыятыве чальца Еўрапарламента, старшыні Еўрапарламенцкай дэлегацыі па адносінах з Беларуссю Яцэка Пратасевіча (Польшча) адбылася канферэнцыя „Накірунак на Беларусь", якая складалася з двух частак: „Што змянілася ў Беларусі з кастрычніка 2008 г.?" і „Накірунак: чакання і надзеі".

4-5 ліпеня 2009 г. сябры Таварыства беларускай культуры ў Літве наведалі этнічную Бацькаўшчыну. Гэтым разам праехаліся па маршруце Вільня-Камаі-Паставы-Глыбокае-Мосар-Мядзел-Радкі-Вілейка-Заброддзе-Жупраны-Вільня.

Цягам года Таварыства наведвала шмат сучасных беларускіх дзеячоў і палітыкаў. Сярод іх можна адзначыць Зянона Пазняка, Аляксандра Казуліна, Уладзіміра Коласа і інш.

Намаганьнямі ТБК заснавана грамадскае аб'яднанне "Культурны цэнтр імя Якуба Коласа ў Вільні", дырэктарам якога стаў Хведар Нюнька.

Пасьля смерці старшыні ТБМ Віленскага краю Юрыя Гіля 24 кастрычніка гэтага года паўстала пытанне аб лёсе гэтай арганізацыі. ТБК у Літве не магло пагадзіцца з ліквідацыяй гэтай арганізацыі. Пасля ўзгаднення з адказнымі асобамі на пасяджэнні Рады ТБК 5 снежня на пасаду старшыні ТБМ Віленскага краю быў прызначаны Юрась Юркевіч.

Сябры ТБК цягам года прымалі актыўны ўдзел у шматлікіх канферэнцыях, прысвечаных Беларусі.

9 кастрычніка адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджвання найбольш выбітных віленчукоў за значны ўклад у развіццё Вільні і Віленскай самауправы. Гэтай узнагародай, якая ўручалася ўпершыню, былі адзначаны чыноўнікі, чальцы сойма, мастакі, грамадскія дзеячы. Сярод узнагароджаных быў і старшыня ТБК Хведар Нюнька.

Такім было жыццё ў прабеглым 2009 г. Нягледзячы на ўсе цяжкасці, недахоп людскіх рэсурсаў і матэрыяльных сродкаў Таварыства працягвае сваю дзейнасць і не толькі захоўвае памяць аб беларускіх днях Вільні і Літвы, але і надалей сведчыць аб беларускай прысутнасці ў гэтай краіне і свеце.

 

Паводле Алеся Адамковіча, westki.info