Крынічная моц “Сяброўства”

Тамара Фадзеева памятае пра радзіму

Жыццём і вершамі вялікага паэта Максіма Багдановіча асвечаны для беларусаў Яраслаўль. Як вядома, у чэрвені 1908-га сям’я паэта пераехала на жыхарства ў гэты паволжскі горад.

Тамара Фадзеева памятае пра радзіму

Жыццём і вершамі вялікага паэта Максіма Багдановіча асвечаны для беларусаў Яраслаўль. Як вядома, у чэрвені 1908-га сям’я паэта пераехала на жыхарства ў гэты паволжскі горад. Там у 1911 годзе Максім скончыў гімназію, а калі вучыўся ўжо ў Яраслаўскім юрыдычным ліцэі, то супрацоўнічаў з мясцовай газетай «Голос», шмат пісаў, друкаваўся ў розных расійскіх і беларускіх выданнях. Пра Багдановіча згадваю не выпадкова: як і ў яго творах, у аповедзе Тамары Фадзеевай, якая ўжо 11 гадоў ад часу заснавання ўзначальвае Яраслаўскую рэгіянальную грамадскую арганізацыю руска-беларускай дружбы “Товарищество”/”Сяброўства”, шмат настальгічных нотаў.

— Тамара Уладзіміраўна, з урокаў літаратуры вядома: на час жыцця Багдановічаў у Яраслаўлі там быў адметны беларускі асяродак. Ёсць нейкія лічбы на гэты конт?

— Так, мы знайшлі звесткі: паводле перапісу народанасельніцтва 1897 года ў Яраслаўскай губерні было 717 беларусаў. Лагічна, што ў гады Першай сусветнай вайны рэгіён актыўна прымаў бежанцаў з Беларусі — ёсць дакументы 1915-1916 гадоў у архівах. Там у эвакуацыі дзейнічаў і Настаўніцкі інстытут з Мінска, афіцыйна адкрыты ў лістападзе1914 года — цяпер гэта Беларускі дзяржаўны педуніверсітэт імя Максіма Танка. А ў Вялікую Айчынную туды пераехалі Мінскі і Віцебскі медінстытуты. На іх базе ў 1944 годзе заснаваны Яраслаўскі медінстытут. І першымі выкладчыкамі былі беларусы, і ў першых дыпломах выпускнікоў значылася: “закончыў Беларускі медыцынскі інстытут горада Яраслаўля”. Дарэчы, там, пасля Мінскага медвучылішча, і я вучылася, заканчвала ардынатуру, і больш за сорак гадоў працавала ў медыцыне, у асноўным урачом-тэрапеўтам.

— Дзе карані вашай тугі па радзіме?

— Пэўна, у вёсцы Самуэлева, пад Мінскам. Там бацькоўскі дом, жыве мой брат Барыс Харытановіч, там пахаваны мама і тата. У Мінску жыве сястра Галіна, у якой часта гасцюю, яшчэ адна, Наталля, — у Мар’інай Горцы. Ведаеце, людзі па-рознаму ўладкаваны. І для многіх беларусаў, як я назіраю, вельмі цяжка прыжыцца ў іншым месцы. “Усё добра, толькі вось Тамара да Расіі не прыкіпела…” — так незадоўга да смерці казаў мой муж, за якім я ў свой час і паехала ў Яраслаўль: яго перавялі туды па службе. І хоць у мяне і кватэра добрая ў цэнтры горада, і дача ў прыгожым сасновым бары, аднак вельмі хочацца вярнуцца на Радзіму.

— Мусіць, з жадання быць бліжэй да яе вырастала і “Сяброўства”?

— Маеце рацыю… Паводле статыстыкі, цяпер у Яраслаўлі і вобласці звыш 13 тысяч беларусаў. Мы, землякі, пачыналі збірацца разам у нас на кватэры, потым, у лістападзе 98-га, суполку зарэгістравалі, а “штабам” нашым стаў яраслаўскі Музей Максіма Багдановіча. Ён адкрыты ў 91-м, да 100-гадовага юбілею паэта, у мемарыяльным доме. Дырэктар музея Наталля Прохарава, хоць і руская, шмат робіць для пашырэння беларускай культуры ў рэгіёне. У 1995 годзе на базе музея створаны Цэнтр беларускай культуры. А галоўныя дзейныя асобы, вядома ж, беларусы: мы памятаем народныя звычаі, абрады і святкуем “Каляды”, “Гуканне вясны”, “Купалле”, “Дзяды”…

— Што, акрамя багдановіцкага музея, сёння можна назваць візітнай карткай беларусаў Яраслаўля?

— Пэўна, ансамбль беларускай песні “Крыніца”. Ён створаны тры гады таму на базе хора рускай народнай песні “Ярославия”. Святлана Шагіна, якая ім кіруе, вучылася на курсах у Мінску па запрашэнні Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур. У прыгожых нацыянальных строях “крынічане” выступаюць на самых розных гарадскіх, абласных мерапрыемствах. Сябруюць “Крыніца” і “Ярославия” з фальклорным ансамблем “Пасядзелкі” знакамітага мінскага “Кераміна” — па чарзе наведваюцца ў госці. Дарэчы, сваё мастацтва ў нашым Цэнтры паказвалі фальклорны ансамбль “Світанак” з Міншчыны, вядомы кампазітар Эдуард Ханок, мастачка Ларыса Журавовіч…Яшчэ адзін цікавы наш праект — фестываль “Славянскі вянок”, на якім выступалі прадстаўнікі розных славянскіх этнасаў. І менавіта суполка “Сяброўства”, якая ўваходзіць у склад рэгіянальнага аддзялення Асамблеі народаў Расіі, атрымала муніцыпальны грант на яго арганізацыю. Дарэчы, мы моцна сябруем з суполкамі самых розных этнасаў, якія пражываюць у Яраслаўлі.

— Хто з нашых суайчыннікаў, на ваш погляд, сёння — самы вядомы чалавек у Яраслаўлі?

— Мусіць, Сняжана Паповіч. Яна атрымала перамогу на конкурсе “Нацыянальная прыгажуня”, які праходзіў у Дзень народнага адзінства. Дарэчы, бацька Сняжаны, Дзмітрый Антонавіч, актыўна працуе ў “Сяброўстве”, ён і прывіў дачцэ любоў да Беларусі. Цяпер міс “Нацыянальная прыгажуня” — студэнтка Расійскага універсітэта дружбы народаў. Варта дадаць, што яркія прадстаўнікі беларускай дыяспары — дэпутат Дзярждумы ад Яраслаўскай вобласці Ула-дзімір Галагаеў, гендырэктар акцыянернага таварыства “Хром” Нэлі Мякунова, палкоўнік Віктар Шубін, дырэктар горадабудаўнічага тэхнікума Мікалай Голуб… Добра ведаюць у Яраслаўлі і ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, якія маюць беларускія карані ці ўдзельнічалі ў вызваленні рэспублікі. Гэта Раіса Мікалаеўна Дзябіна, Зоя Міхайлаўна Кочкіна, Аркадзь Міхайлавіч Валуеў, Леў Анісімавіч Каваленка, Іван Паўлавіч Ахрэменка... Пра іх, дарэчы, мы расказалі ў невялікім зборніку “Памяць сэрца”.Іван Ждановіч, "Голас Радзімы"