Калядная сустрэча ў Таварыстве беларускай культуры ў Вільні

У суботу 26 снежня ў ТБК адбылася святочная імпрэза, на якой ушанавалі памяць беларускіх дзеячаў, што нарадзіліся ці памерлі ў гэтым месяцы.

Імрэза распачалася з прывітальнага слова старшыні ТБК Хведара Нюнькі, які распавёў пра беларускага палітычнага і грамадскага дзеяча Вацлава Іваноўскага і пра камандзіра Беларускай Краёвай абароны Кастуся Шышэю.

Наступнымі былі даклады пра беларускіх каталіцкіх дзеячаў: біскупа Чэслава Сіповіча і ксяндза Уладзіслава Чарняўскага. Думаю, не будзе перабольшваннем, калі сказаць, што гэтыя асобы зрабілі вырашальную ролю ў пабудове беларускага нацыянальнага каталіцкага касцёла і неслі веды ў свет пра беларусаў каталікоў, тлумачачы ўсім, што яны не палякі і не рускія.

Пасля дакладаў Тацяна Дубавец прэзентавала сваю новую стужку “Тутэйшыя”. У стужцы паказана праблема чалавека з беларуска-літоўскага памежжа. На прыкладзе герояў фільма аўтарцы ўдалося акрэсліць шмат праблем і паказаць “тутэйшага”, чалавека-памежжа з яго светапоглядам, жыццёвымі радасцямі і ўсведамленнем свайго месца на на гэтай зямлі.

У чарговы раз нас прыемна ўразіў украінскі ансамбль “Сьвітліца”, які выканаў некалькі песьняў на ўкраінскай мове. Яго салісты Аксана і Раман і іх дачка Багданка падаравалі беларусам цудоўны калядны вечар.

І вельмі прыемны той факт, што ў ТБК з украінцамі наладзіліся кантакты і з кожным разам адносіны паміж намі становяцца ўсё больш і больш цёплымі.

Таксама ў часе імпрэзы новыя сябры кораценька распавялі пра сябе і сваю дзейнасць.

Паводле Алеся Адамковіча, Вільня