Каляднае пасланне епісакапа Наваградскага і Паўночна-Амерыканскага Святаслава.
Каляднае пасланне епісакапа Наваградскага і Паўночна-Амерыканскага Святаслава.
Хрыстос родзіцца ! Яго слаўце !
У часе сьвяткаваньня гэтае найбольшае падзеі ў жыцьці чалавецтва каляднікі абвяшчаюць пра Вялікае сьвята суцяшэньня, любові, надзеі на лепшую будучыню.
Штогод Праваслаўная Царква сьвяткуе Каляды – цуда прыходу Сына Божага, аднаго з трох асобаў Прасьвятое Тройцы, на Зямлю дзеля звальненьня людзей ад граху і сьмерці, дзеля вечнага нашага жыцьця.
Гэты прыход доўгачаканага Месіі паяднаў людзей з Богам, даў ім сьвятло на шляху да праўды, магчымасьць усім мець збаўленьне, дасягнуць духоўнае дасканаласьці і пазнаць ісьціну. “Бо не паслаў Бог Сына Свайго ў сьвет, каб судзіць сьвет, але каб сьвет выратаваны быў празь Яго” (Ян. 3:17).
Мы, хрысьціяне, носячы імя Хрыста, павінны выконваць Запаветы Божыя з любоўю да блізкіх, паказываючы гэта штодзённымі справамі.
Сардэчна віншую ўсіх беларусаў на Радзіме й на Чужыне: у Амерыцы, Канадзе, Эўропе, Аўстраліі й іншых краях сьвету, якія любяць сваю Бацькаўшчыну, захоўваюць сваю веру і клапацяцца за Беларускую дзяржаву.
Памолімся ўсе разам, каб радасьць калядная напоўніла нашыя сэрцы!
Няхай Бэтлеемская Зорка асьвятляе шлях да дабра і справядлівасьці, любові і веры!
Няхай у Навым 2010-м годзе з намі будзе Ласка Госпада Нашага Ісуса Хрыста, любоў Бога Айца й супольнасьць Сьвятога Духа! Амін.
З малітваю,
+ Сьвятаслаў
Япіскап Наваградзкі і Паўночна-Амерыканскі
Каляды 2009/2010 г.