Хутка будзе 2 гады, як ў амерыканскім горадзе Уінфілд, у штаце Канзас працуе Цэнтр беларускіх даследаванняў (далей Цэнтр) пры Паўднёва-Заходнім каледжы (Southwestern College). Пра тое, чым чым сёння жыве Цэнтр, распавядае дактарантка Польскай Акадэміі Навук, якая цяпер працуе ў Цэнтры, Надзея Сычугова.
Хутка будзе 2 гады, як ў амерыканскім горадзе Уінфілд, у штаце Канзас працуе Цэнтр беларускіх даследаванняў (далей Цэнтр) пры Паўднёва-Заходнім каледжы (Southwestern College). Пра тое, чым чым сёння жыве Цэнтр, распавядае дактарантка Польскай Акадэміі Навук, якая цяпер працуе ў Цэнтры, Надзея Сычугова.
- Надзея, раскажыце, калі ласка, пра сябе, пра тое, чым Вы займаецеся ў Цэнтры.
- У Цэнтры я маю статус запрошанага даследчыка і выкладчыка (visiting scholar program). Я працягваю працу над дысертацыяй на тэму “Фармаванне беларускага нацыянальнага руху на пачатку 20-га стагоддзя (1902 – 1915 гг.)”. З гэтага вясновага семестру я выкладаю для студэнтаў Паўднёва-Заходняга каледжу новы курс “Гісторыя і культура Беларусі”. На сённяшні дзень гэта адзіны курс, прысвечаны гісторыі і культуры нашай краіны, на тэрыторыі ўсёй Паўночнай Амерыкі. Запісалася каля 20 студэнтаў. У большасці, гэта студэнты з Канзасу, Тэхасу, Аклахомы, Мізуры і іншых штатаў. Такую колькасць студэнтаў, якая выказала жаданне запісацца на курс, можна лічыць добрым дасягненнем, бо каледж сам па сабе невялікага памеру. Курс падзелены на 2 часткі: тэарэтычную, якая тычыцца гісторыі і культуры Беларусі ад старажытных часоў да сучаснасці, і практычную. Практычная частка скіравана на знаёмства з беларускай культурай на практыцы.
- Не маглі б Вы падрабязней распавесці пра тое, якім чынам будзе рэалізоўвацца практычная частка.
- З дапамогай практычнай часткі курсу я планую пагрузіць амерыканскіх студэнтаў у атмасферу беларускай культуры. Маёй мэтаю з’яўляецца даць ім магчымасць адчуць подых таямнічага духу Беларусі. Для гэтага плануецца правесці практычныя заняткі, пад час якіх мы будзем разам са студэнтамі гатаваць беларускія стравы, будзем развучваць беларускія танцы і спевы, а таксама я планую зладзіць выкананне абраду “Гуканне вясны”. Спачатку я ім распавяду, што азначае абрад, як ён праводзіўся ў Беларусі, і пад беларускія песні-вяснянкі ў карагодзе будзем паліць вогнішча і па магчымасці імітаваць правядзенне гэтага старажытнага абраду. Практыка правядзення гэтага абраду захавалася да нашых дзён, знайсці адпаведны матэрыял нескладана нават у сеціве, напрыклад на вельмі імфарматыўнай суполцы прысвечанай “Беларускай этнаграфіі”. Я скончыла гістарычны факультэт Белдзяржуніверсітэту па спецыялізацыі “Этналогія, этнаграфія і антраполагія”, таму мне гэтая тэма даволі добра знаёмая.
- Колькі часу ўжо цягнецца курс?
- Заняткі ідуць крыху менш за месяц і мы прайшлі самую раннюю гісторыю Беларусі, з’яўленне славянскіх плямёнаў, першыя этапы фармавання беларускай дзяржаўнасці і г. д. Зараз я паказваю студэнтам беларускія фільмы, а пасля яны будуць пісаць эсэ, у якім ім прапануецца звярнуць увагу на стасункі дзяржавы і чалавека ў Беларусі.
- А якія фільмы Вы прапануеце для прагляду студэнтам?
- Мы глядзім фільм пра Алеся Пушкіна “Беларускі вальс” (“Belarusian Waltz”, рэжысёр Анджэй Фідык), фільмы Юрыя Хашчавацкага “Звычайны прэзідэнт” і “Плошча”, і таксама фільм галівудскага рэжысёра Эдварда Цьвіка “Выклік” (Defiance) пра габрэйскі партызанскі атрад на Беларусі. Планую таксама паказаць фільм Уладзіміра Арлова і Юрыя Хашчавацкага “Дзень Волі”.
- Ці можна ўжо падвесці першыя вынікі адносна паспяховасці курсу. Увогуле ніхто са студэнтаў не кінуў заняткі?
- Не, ніхто са студэнтаў пакуль не сышоў. Студэнты кажуць, што ім вельмі цікава пазнаёміцца з гісторыяй такой маладой дзяржавы. На занятках мы абмяркоўвалі, як яны адносяцца да таго факту, што Рэспубліка Беларусь атрымала сваю незалежнасць толькі ў1991 годзе і стала самастойнай дзяржавай, а гістарычныя карані Беларусі сягаюць ў тысячагадовую даўніну. Ім прапаноўвалася для дыскусіі пытанне, ці ўвогуле магчыма, на іх разуменне, існаванне дзяржавы без нацыі і нацыі без дзяржавы, і далей праілюстраваць на прыкладзе Беларусі. Негледзячы на тое, што гэта быў літаральна трэці занятак, яны паказалі даволі неблагое разуменне нацыятворчых працэсаў, у тым ліку і ў Беларусі. Асабліва ўлічваючы тое, што да майго курсу яны нават не ведалі пра існаванне такой дзяржавы.
- Вы маеце на ўвазе, што калі студэнты запісваліся на Ваш курс, яны не тое, што не арыентаваліся ў беларускай сітуацыі, а нават не ведалі пра існаванне такой краіны?
- Так. На першым занятку я пытала, ці ведалі яны пра Беларусь да таго, як прыйшлі на заняткі. Аказалася, што не. Імі кіравала імкненне пазнаёміцца з зусім іншай для іх еўрапейская культурай і даведацца пра сучасныя палітычныя працэссы ў новаствораннай маладой дзяржаве.
- Курс, прысвечаны гісторыі і культуры Беларусі, упершыню чытаецца на тэрыторыі Паўночнай Амерыкі ці ўжо быў падобны вопыт?
- Не, не ўпершыню, на прыклад некалькі гадоў таму у адным з універсітэтаў Тэхасу чытаўся курс “Уводзіны ў Беларусь і Украіну” доктарам Куртам Вулхайзерам, які зараз выкладае ў Гарвардзе, але, на жаль, іншыя прадметы. Што ж тычыцца нашага каледжу, то ў пазамінулым семестры я мела гонар упершыню ў гісторыі каледжа пачаць чытаць курс “Уводзіны ў беларусістыку” (An Introduction in Belarusian Studies). Тады на курс запісалася 2 студэнткі, а ў гэтым годзе 20, так што прагрэс і рост зацікаўленасці на відавоку.
- Раскажыце, калі ласка, пра апошнія навіны з дзейнасці Цэнтра беларускіх даследаванняў.
- Адзін з накірункаў, над якімі вядзецца праца ў Цэнтры, гэта выдавецкая дзейнасць. Як раз напачатку гэтага года ў Цэнтры выйшла першая кніга. Гэта даследаванне прафесара славянскай літаратуры Універсітэта Ватэрлоо (Канада) Зінаіды Гімпелевіч "Беларуска-яўрэйскія пісьменьнікі ХХ стагодзьдзя". Кніга напісана па-беларуску і па-англійску. Гэта толькі першая кніга ў цэлай серыі такіх двухмоўных выданняў, якія рыхтуюцца да друку. Наступная кніга, якая рыхтуецца да выдання, -- “Кароткая Энцыклапедыя гісторыі Беларусі” Валера Пазднякова. У перспектыве Цэнтр збіраецца распаўсюджваць гэтыя кнігі не толькі ў Амерыцы, але і ў Беларусі, і па ўсім свеце. Акрамя таго, сярод апошніх падзей варта адзначыць тое, што на пачатку гэтага семестру распачалася пілотная магістэрская праграма “Лідэрства” для 2 студэнтак з Беларусі, якія скончылі бакалаўрскую праграму па беларусістыцы ў ЕГУ. Цяпер яны працягваюць навучанне ў Паўднёва-Заходнім каледжы. Бліжэй да лета зноў будзе прапанавана чарговаму навукоўцу прыехаць на праграму “Visiting Scholar”.
У кастрычніку 2009 года ў Цэнтры адбыўся Сімпозіўм на тэму вышэйшай адукацыі і грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. Сімпозіўм працягваўся 2 дні. У ім прымалі ўдзел экс-старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі, прафесар Станіслаў Шушкевіч, былы амбасадар ЗША ў Беларусі Кенэт Яловіц, былы рэктар БДУ Аляксандр Казулін, прарэктар ЕГУ Аляксандр Каўбаска, кіраўнік Беларускага Калегіума Алесь Анціпенка ды іншыя амерыканскія і беларускія спецыялісты. Па матэрыялах гэтага Сімпозіўма будзе распрацавана страэгія развіцця вышэйшай адукацыі ў Беларусі.
- Дзякуй за размову, Надзея. Поспехаў Вам!
Даведка
Цэнтр беларускіх даследаванняў адкрыўся ў красавіку 2008 года пры Паўднёва-Заходнім каледжы (Southwestern College) у горадзе Уінфілдзе (штат Канзас, ЗША). Цэнтр створаны па ініцыятыве першага амбасадара ЗША ў Беларусі (1992-1994 гг.) д-ра Дэвіда Суорца, які сам з’яўляецца выпускніком Паўднёва-Заходняга каледжу. Выканаўчым дырэктарам Цэнтру з’яўляецца дачка старшыні Рады БНР, прафесар музыкалогіі і этналогіі Паўліна Сурвіла. Пры цэнтры дзейнічае і працягвае фармавацца беларуская бібліятэка і архіў, арганізуюцца навучальныя праграмы для студэнтаў з Беларусі, стажыроўкі для беларускіх навукоўцаў. Дэвіз Цэнтру -- актывацыя нацыянальнага адраджэння ў Беларусі праз вышэйшую адукацыю.
Гутарыла Таццяна Печанко