Лявон Вольскі пра Беласточчыну: "Я зразумеў, што недзе за мяжою ёсьць людзі, што размаўляюць ды жывуць па-беларуску"

Лявон ВольскіНапачатку, як заўжды, было слова. Са словаў складаліся сказы. Са сказаў складаліся артыкулы. З артыкулаў ды іншых друкаваных матар’ялаў складалася газэта “Ніва”.

Лявон ВольскіНапачатку, як заўжды, было слова. Са словаў складаліся сказы. Са сказаў складаліся артыкулы. З артыкулаў ды іншых друкаваных матар’ялаў складалася газэта “Ніва”. Грукатала перастройка, ствараліся адраджэнскія суполкі, ішла хваля пратэстаў супраць правядзеньня лініі мэтро пад Верхнім горадам, хваля незалежнае ды іншае прэсы захлынула ашалелы народ.

Я вярнуўся з войска й выпісаў гэтую замежную газэту на нашай мове. І тады я зразумеў, што недзе за мяжою ёсьць людзі, што размаўляюць ды жывуць па-беларуску, якія маюць свае сьвяты, радасьці, праблемы…

Наш мікрааўтобус пераехаў мяжу, і мы апынуліся на фармальна польскай тэрыторыі. “Ура!” – грымнуў нястройны хор. Мы першы раз апынуліся за мяжою. Для нас тагачасных гэтае казачнае летуценнае “замежжа” зьзяла нэонам, навісала над вуліцамі сьпічастымі хмарачосамі, гуло тысячамі рознакаляровых аўто. На Беласточчыне мы пабачылі іншае – вёскі, мястэчкі, адрозныя ад тых, што пад Менскам, хіба тэрмінам знаходжаньня пад уладай “чырвоных”. Зрэшты, розьніца ў 30 гадоў – даволі йстотная рэч. Таму й розьніца істотная. Але мы не пачуваліся на чужыне. Большасьць людзей разумела нашую беларускую мову, частка зь іх нават размаўляла з намі па-беларуску. Нам тады здавалася, што на Беласточчыне людзі размаўляюць з моцным польскім акцэнтам, цераз гэтае вымаўленьне нам нават даводзілася перапытваць. Яны ж лічылі (хаця нам тактоўна не казалі), што мы гаворым на мове, якая адчула на сабе жахлівейшы расейскі ўплыў.

Трэба сказаць, што таго разу нас запрасілі на нейкі фэстываль, які называўся “Сьвята беларускай песьні” (магчыма, я блытаю назву, але гучаньне было блізкае). І гэтая назва, і тое, што адбывалася на фэстывалі, нагадала нам наш родны, але нелюбімы Савецкі Саюз, зь якога мы сюды толькі што прыехалі. Вядзеньне праграмы, выступоўцы, народныя капэлы – усё было ў традыцыі беларускіх савецкіх сьвятаў. Мы са сваёй рок-музыкай выглядалі на гэтым фэсьце як белыя вароны.

Пасьля выступу да нас падыйшоў Сакрат Яновіч і, прамовіўшы нешта наконт таго, каб мы вучылся роднае мовы, падараваў двухтомны падручнік беларускае мовы, выдадзены ў Амэрыцы.

У юнацтве некаторыя людзі, гэта я сьцьвярджаю паводле свайго прыкладу, адчуваюць сябе разумнейшымі за астатніх. Я прыняў гэты, безумоўна, каштоўны падарунак, а сабе падумаў: “Я мову ведаю добра. Навошта мне гэта? Хай лепей амэрыканскія беларусы, дакладней, іхныя дзеці, вучаць.” Але я гэтак падумаў яшчэ й таму, што ледзьве ведаў пра Сакрата Яновіча. Ведаў, што ёсьць такі пісьменьнік на Беласточчыне. Але што для мяне беларускіх пісьменьнік? У мяне бацька пісьменьнік, у мяне матка паэтка, я гэтых пісьменьнікаў наглядзеўся – таленавітых і бяздарных (большасьць), п’янюгаў ды КГБістаў, вясковых ды гарадзкіх – колькі хочаш. Усё дзяцінства на іх глядзеў. Дый яшчэ для нас, як для жыхароў сталічнага Менску, Беласточчына, калі мы яе пабачылі, атаясамлялася з правінцыяй. А што добрага можа быць у правінцыі! Не, можа, але на гатунак ніжэй, чымся ў нас.

Безумоўна, я наўмысна гратэскую свае снобскія думкі, каб выклікаць у цябе, братка,(сястрычка) нейкія эмоцыі пры прачытаньні гэтага эсэ. Бо хочацца, каб чытач быў неабыякавы. Насамрэч, думкі мае й пачуцьці былі складанейшыя й заблытанейшыя. Але ж гэта не раман у 200 старонак. Так што слухай далей.

Цераз год я зноўку апынуўся на гэтым фэстывалі. У складзе гурту “Новае неба”. Акрамя “Неба” там прысутнічалі й іншыя госьці з БССР. Гэта быў аркестар М.Фінберга. І гэты аркестар вельмі арганічна ўпісаўся ў стылістыку фэстывалю. Толькі што замест “Дзень добры, Мінск” ці якое іншае камуністычнае клясыкі цяпер сьпявалася “Люблю наш край” ды ншая нацыяналістычная клясыка.

Я глядзеў на гэта, і пачуцьці мае безнадзейна заблытваліся. Вось жа ж, думаў я, гэтак і ў Канадзе, і ў Штатах – зьбяруцца беларусы, паслухаюць “Люблю наш край”, а заўтра зноўку на работу – у банк, на будоўлю, на завод, у кантору… І, з аднаго боку, - а што тут кепскага? А зь іншага – гэтак было й колькі гадоў таму – ніякага разьвіцьця. Заўсёдны “наш край”, заўсёдныя народныя альбо псэўданародныя сьпевы, лапці, вусы, саламяныя капелюшы, плач аб “старонцы роднай, гаротнай нашай” – “джэнтльмэннскі набор” беларускасьці. Гады, дзесяцігоддзі мінаюць, а тут нічога не зьмяняецца.

Гэтак думаў я, жыхар вялікага рускамоўнага гораду, для большасьці насельнікаў якога Беларусь таксама ўспрымалася праз вышэйазначаную атрыбутыку. Ну, яшчэ, хіба што яна асацыявалася зь пісьменьнікамі – ва ўспрыманьні сярэднега чалавека – пісьменьнікі – гэта людзі сталага веку, сівыя, мудрыя, размаўляюць па-беларуску. Ім размаўляць на гэтай мове дазволена, бо яны пісьменьнікі. Да нас жа, доўгавалосых маладзёнаў з праколатымі вушамі, калі мы размаўлялі па-беларуску на вуліцах свайго роднага Менску, людзі ставіліся падазрона й варожа – што гэта за зьява такая незразумалая?!

Зрэшты, і традыцыйныя беларусы, тыя ж пісьменьнікі, ставіліся да беларускага року з кепска прыхаванай варожасьцю. Бо для іх рок быў тоесны парнаграфіі альбо авангардызму.

Вось гэтак мы й боўталіся, як тая кветка ў палонцы – быццам бы і беларусы, а быццам бы й не.

Як я цяпер разумею, Беларускае Грамадзка-Культурнае Таварыства запрасіла нас тады на гэтыя сьвяты беларускае песьні адмыслова, каб даць нам дыплём, дзе было пазначана, што гурт “Мроя” зьяўляецца ляўрэатам міжнароднага фэстывалю ў Беластоку. І гэта было зроблена адмыслова дзеля таго, каб палепшыць нашае існаваньне ў папярова-бюракратычнае Беларусі, дзе любы, тым болей, замежны дыплём значыў даволі шмат. Але літаральна празь некалькі месяцаў на Беларусь абрынула “халяўная” незалежнасьць, ва ўладу прыйшлі дэмакраты, і беларускі рок ледзьве не зрабіўся афіцыйным. Граматы й дыплёмы сталіся непатрэбнымі, і нават КГБ зрабіўся не такі ўжо й страшны.

БАСОВІШЧА Але былі ня толькі акцыі БГКТ. У 90-м годзе раптам выбухнула “БАСОВІШЧА” – першы беларускі фэстываль на Беласточчыне. Я маю на ўвазе НАШ беларускі фэстываль. Бо яго ладзіў БАС (Беларускае Аб’яднаньне Студэнтаў) і атмасфэра там была адпаведная. Шмат энтузыязму, шмат імпэту, мала грошай, шмат весялосьці. Гралі рок-каманды ў Барыку, на старой драўлянай танцавальнай пляцоўцы. ўсе жыхары навакольля сабраліся там – сустрэцца са знаёмцамі, папіць піва, гарэлкі, закусіць ды паслухаць музыку. Гэта ўдзень, калі выступалі барды. А пазьней, калі выступалі рок-каманды, лес ператварыўся ў вялікую пляцоўку для скокаў маладзейшае публікі. Прыехалі аўтобусы зь Менску, Гародні, і я раптам на “Басовішчы” сустрэў людзей, зь якімі даўно ня бачыўся, напрыклад, аднаго мастака, Сяргея, які рабіў росьпісы ў цэрквах на Беласточчыне. Мы калісь разам вучыліся, і сустрэча была абсалютна неспадзяванаю. Падобных сустрэчаў было шмат. Тут я раптам зразумеў, што ўсе гэтыя людзі, зь якімі я быў раней у розныя часы і з розных нагодаў знаёмы, размаўляюць па-беларуску, хаця раней, падчас нашых шчыльных кантактаў, не размаўлялі. Гэтаму тэмату я прысьвячаю асобны невялікі разьдзел(стар.6), і калі табе цікава, можаш прачытаць, а калі цябе гэта не хвалюе, сьмела прапускай.

Пасьля было яшчэ 10 БАСОВІШЧАЎ. Зь цягам часу энтузыязм зьнікаў, імпэт выпетрываўся, былыя студэнты пазаймалі пасады ў розных арганізацыях. Высьветлілася, што беларускасьць можа быць прафэсыяй, крыніцай прыбытку. Зьмяняліся арганізатары, зьмяняўся фэстываль. Зьявіліся магутныя фундатары, але арганізацыя заставалася па-студэнцку непрафэсыйнай – паўсюль паўставалі праблемы – апаратура недастаткова магутная, школа, у якой жывуць музыкі, знаходзіцца задалёка ад мейсца правядзеньня фэстывалю, пастаянная незадаволенасьць запрошаных музыкантаў…

Зрэшты, пра гэтую незадаволенасьць. Колькі ўжо разоў я чую ад розных вядомых менскіх выканаўцаў сакрамэнтальныя словы: “Ну, усё! Гэты раз – апошні! Болей мы сюды не паедзем!” А мінае год, і зноў цягнуцца празь мяжу аўтобусы зь нецьвярозымі музыкантамі, і зноўку яны, працьверазелыя, выступаюць, і зноўку гэта сканчаецца сакрамэнтальнымі словамі “Ну, усё…Болей – ніколі!” Гэта непасьлядоўнасьць, да якое ўсе прызвычаіліся, і я вырашыў, што болей ня буду ў друку негатыўна выказвацца пра гэты фэст(толькі б стрымаць слова, бо надта ж гэта цяжка для беларуса – пра штосьці негатыўна ня выказацца). Я шмат пра ўсё гэта думаў, і лічу, што лягічна было б так: не падабаецца – не прыяжджай. І калі менскія музыкі першага гатунку дазволяць сабе нарэшце гэтую раскошу – не паехаць на “Басовішча”, тады мы ўвойдзем у новы этап разьвіцьця беларускага року.

А для маладых камандаў “Басовішча” – гэта шчасьлівая прывабная замежная зорка, гэта мроя, гэта вясёлкавае летуценьне. Здаецца, з гэтае прыступкі й пачнецца імклівы ўзьлёт. Таму адмыслова ў спадзяваньні на “Басовішча” маладыя рок-гурты пішуць беларускамоўныя тэксты, і ў вялікае ступені дзякуючы “Басовішчу” беларуская мова ў року цяпер – гэта нармальная, у нечым нават прэстыжная зьява. Адно што чамусьці не прыяжджаюць на канцэрты маладых гуртоў у Рэспубліку Беларусь арганізатары “Басовішча”, не запрашаюць нікога ў конкурсную праграму. І дабіраюцца гэтыя, ня ўсе, а найбольш упартыя выканаўцы, на сваю рызыку, бяз грошай, у спадзяваньні на нейкі прыз. Апошняга разу ў EXISTу гэта атрымалася. Грн-пры. Магчыма, іхні прыклад натхніць яшчэ каго-некага. Але варта ўсё ж было б арганізатарам, калі яны насамрэч арганізатары, арганізаваць якімсьці чынам гэты працэс.

Апошняе “Басовішча” сваім гукам, сьвятлом і большасьцю выканаўцаў адпавядала сусьветным фэстывальным стандартам. Зрэшты, хутчэй за ўсё, мне гэта здаецца, бо не давялося, як раней, начаваць на пыльных матах у гарадоцкай школе, разам з астатнімі запрошанымі беларускімі “зоркамі”(дальбог, як студэнты, хаця большасьць ужо далёка не студэнцкага ўзросту). Не давялося, як заўжды, з прыгодымі ехаць празь мяжу, стаяць на мытні 8 гадзінаў, а на наступны дзень з дурной галавой і жаданьнем выспацца граць канцэрт. Гэтым разам я прыехаў на тыдзень раней, спыніўся ў Лёніка Тарасэвіча, ноч перад канцэртам нармальна спаў, і выступ страціў для мяне штогадовую экстрэмальную форму.

ЛЁНІК Лёнік быў легендарнай постацьцю для нашых мастакоў і музыкаў. Мастакі, нацыянальна арыентаваныя, мелі мала агульнага з мастацтвам авангарду, Лёнік быў для іх дзіўным адкрыцьцём – абстракцыя і Беларусь у адным. Мастацтва ягонае бясспрэчна каштоўнае і вартаснае – гэта відаць няўзброеным вокам нават мастаку з традыцыйнай рэалістычнай арыентацыяй. З маіх знаёмых мастакоў ніхто не выказаўся адмоўна пра Лёнікаву творчасьць – і гэта пры тым, што адзін на аднаго гэтыя мастакі ў адсутнасьці апанэнта вылівалі такія рэку бруду…

Калі Тарасэвіч прыяжджаў да нас, дык ад “людзей мастацтва”, што жадалі сустрэцца, не было прадыху. І ўсе гаварылі адно і тое ж. Я быў сьведкам аднае гэткае сустрэчы, калі сабраліся ў майстэрні менскія мастакі і чакаюць – вось зараз увойдзе Лёнік. І насамрэч – зьяўляецца Лёнік ды яшчэ ў кумпаніі сваёй мэнэджэркі… Нашыя мастакі пачынаюць сьціпла, няцьвёрдымі галасамі, блытаючыся ў думках і словах, гаварыць пра ролю Лёніка ў беларускім мастацтве і , мімаходзь, пра сваю ролю… Гэта было даволі сумнае й малацікавае для мяне, і, падазраю, для Лёніка паседжаньне. Але яго трэба было вытрымаць. Як мы вытрымліваем малацікавы, але абавязковы паход да сваякоў на якія-небудзь сьвяты.

Лёнік неадрыўна зьнітаваны зь менскім гуртом “Уліс”. Ён быў напачатку “Ўлісу” і цяпер застаецца разам з гэтым гуртом, хаця за дзесяць гадоў існаваньня “Ўліс” зьмяніўся да непазнавальнасьці, а са старога складу застаўся адно лідар Слава Корань.

Першая мая сустрэча зь Лёнікам была нязмушаная, неафіцыйная й нефармальная. Падчас тае першае вандроўкі на Беласточчыну, пра якую вялося напачатку, мы атрымалі запрашэньне ад Лявона Тарасэвіча наведаць ягоную сядзібу ў Валілах. Прыехаўшы туды са спазьненьнем, мы раптам напаткалі ўвесь “Уліс”, які сядзеў у Лёнікавай гасьцёўні за сталом і паступова зьнішчаў напоі ды закуску. Лёнік жа быў заняты выкананьнем песьні “Усё раўно вайна” і на нас зьвяртаў мала ўвагі. Тады я зразумеў, што “Ўліс” тут мае прыарытэт, а нам адведзеныя ролі другога пляну. Мярзотнае пачуцьцё рэўнасьці распаўзлося па маёй маладой максымалісцкай душы, і я заняўся непасрэдна вынішчэньнем напояў, што заставаліся на стале, а таксама тых, што прынесьлі мы. Лёнік даўно пайшоў адпачываць, а мы ўсё змагаліся з напоямі. У гэтай справе мы дасягнулі пэўнага посьпеху, ды такога, што Эля Бэзюк, якая даглядала за парадкам у хаце, без намёкаў і доўгіх прадмоваў (гэта разумець мы ўжо былі ня ў стане) зазначыла, што ўсе стаміліся, і варта разьяжджацца па хатах, што й было зроблена.

Такім чынам, у першую сустрэчу зь Лёнікам размова не атрымалася. Затое іх было шмат потым. Размовы былі розныя, у розных гарадах, у розныя поры года, пры розным надвор’і ды настроі. Пераказваць іх тут няма сэнсу дый жаданьня.

Лёнік для мяне – аўтарытэтны чалавек. Адзін зь нямногіх, хто спалучае палітыку, мастацтва, беларускую глебу, авангард, разнастайныя веды, народную хітрасьць (ці то мудрасьць), безапэляцыйнасьць меркаваньняў і тонкую дыпляматыю, калі трэба. Шмат чаго спалучае ў сабе Лёнік, усяго не палічыць. Дый ня трэба. Трэба яго ведаць.

БЕЛАРУСКАЯ МОВА – МОВА МІЖНАЦЫЯНАЛЬНЫХ ЗНОСІНАЎ Мае знаёмыя, у асноўным размаўляюць па-расейску. Даўно ў нас мінула хваля дэмакратыі, беларусізацыі, прэстыжу беларускае мовы. Усё вярнулася да пачатку. Да становішча 80-х. Народ упэўнены, па-беларуску гавораць пісьменьнікі й нацыяналісты, якія ладзяць мітынгі й кідаюцца камянямі ў міліцыянтаў. Па-беларуску размаўляць у Менску непрэстыжна і, нават, небясьпечна. Міліцыянтам ты можаш не спадабацца за доўгія валасы, што тут ужо казаць пра мову! Калі па-беларуску – значыцца, патэнцыйны дэманстрант. Таму нават мае знаёмыя, якія раней размаўлялі па-беларуску, цяпер у мэтах уласнае бясьпекі, альбо папросту падпарадкоўваючыся абставінам, пераходзяць на расейскую. З брыдотаю я заўважаю ўсё большую колькасьць русізмаў у гаворцы даўно знаёмых беларускамоўных сяброў, дый, што хаваць, у сваёй мове.

У Беластоку ўсё зьмяняецца карэнным чынам. Ані слова па-расейску. З напругаю, узгадваючы паўзабытыя словы, нашыя людзі гавораць па-беларуску. Нават тыя, хто ніколі не гаварыў. З аднаго боку, гэтаму спрыяе адсутнасьць расейскамоўнае большасьці. З другога, папросту, хочацца гаварыць па-беларуску. Толькі ў Менску мала дзе гэтым можна пазаймацца. Ну, БНФ. Але мае знаёмыя, у сваёй большасьці не чальцы БНФ, і з палітыкай іх мала што лучыць. Ну, на канцэрце, на выставе… Гэтыя акцыі досыць рэдкія. На Беласточчыне ўсе “адцягваюцца” – размаўляюць услодыч, удасканальваюць мову, за тры дні раптам абцярушваецца расейскі пыл, і ўсё гучыць, як належыць.

Вось, глядзі якая сытуацыя: мы сядзім на кухні ў свайго беластоцкага прыяцеля, які ў звычайным жыцьці размаўляе па-польску, і мае сябры, якія ў звычайных сваіх жыцьцях гавораць па-расейску, вядуць зь ім доўгую, грунтоўную размову на беларускай мове. Дзіўна складаецца лёс на пераломе тысячагоддзяў!

ПАЛЕШУКІ І ЛІЦЬВІНЫ Жывучы ў вялікім горадзе, маеш хіба толькі ўяўныя веды пра тое, што ёсьць недзе палешукі, ліцьвіны, яцьвягі, караімы… Наш Менск – горад людзей, што выйшлі зь вёсак, але вясковы кодэкс выкінулі на сьметнік, каб здавацца “гарадзкімі”. Да канца гарадзкімі яны не зрабіліся. Іх чуваць па акцэньце, пазнаць па зьнешнім выглядзе.

У нашых вёсках жыцьцё йшло па даўно й ня намі складзеных канонах. У часы, калі маладыя вяскоўцы кінуліся ў горад, гэтыя каноны засталіся хіба для дзядоў ды бабулек. Былыя маладыя калгасьнікі парабіліся рабочымі, будаўнікамі, прарабамі, пісьменьнікамі, кіроўцамі. Зьнікнуў вясковы парадак, на ягонае мейсца прыйшла пустэча. Цяперашнія нашчадкі тых вяскоўцаў гавораць па-расейску зь ледзьве заўважным акцэнтам, і ведаюць свой радавод ад дзеда з бабкаю. Натуральна, я не кажу пра ўсіх. Размова пра большасьць. Цяпер становішча гэткае: маем вёску бяз моладзі, моладзь імкнецца ў гарады. Маем гарады з моладдзю, якая ўзьнікла нібыта зь нічога, бо ня мае ані радаводу, ані памяці.

Горад – гэта вялікая мяшанка. Расейцы мяшаюцца зь беларусамі, палешукі зь ліцьвінамі, хахлы з жыдамі.

Таму для мяне было вялікае адкрыцьцё, калі я даведаўся, што Беласточчына, нібыта, падзеленая паводле этнічнае прыкметы. Першым разам я пачуў гэта ад аднаго п’янага літаратара, які, зрэшты, ёсьць літаратарам вельмі добрым і працавітым і заўжды падаваўся мне збольшага інтэлігентным. Але я прыехаў у адну беластоцкую кватэру. Досыць неспадзявана. А ён гасьцяваў там. П’яны. Зь яго папросту біў фантан красамоўя. І вось з чаго складаўся гэты фантан: “Мы, палешукі – самыя галоўныя, самая чыстая раса. Мы гэтае гаўно – ліцьвінаў – будзем ставіць да сьценкі. Прыйдзе шчэ наш час! А вас, саветаў, наогул сюды ніхто ня запрашаў. Бо вы атручаныя бальшавіцкай прапагандай, вы – ніхто. Вы нічога ня ўмееце рабіць, нават па-беларуску ніхто з вас нармальна не размаўляе. Тое, як вы гаворыце – гэта сьмецьце, а ня мова. Вас разам зь ліцьвінамі трэба да сьценкі. Альбо пабудаваць высачэзную сьцяну ўздоўж мяжы, каб вамі тут і не ваніла.”

Тады я зразумеў, што існуюць пэўныя антаганізмы. І гэты літаратарскі фантан вымыў з мае душы ўсе думкі пра правінцыйнасьць, пальскаватасьць тутэйшае мовы, нашую гарадзкую вытанчанасьць – усё тое сьмецьце, што лезла мне ў галаву падчас двух БГКТэшных фэстываляў беларускае песьні. Тут я зразумеў, што мы маем дзьве Беларусі – нашую і тутэйшую. Дый нашая таксама складаецца з розных: адна – Праваслаўная, другая – Каталіцкая, трэйцяя – Уніяцкая. Гэта паводле веры. Ёсьць яшчэ Беларусі паводле тэрыторыі – Заходняя ды Ўсходняя. Ёсьць Палесьсе са сваёю моваю й звычаямі. А Беласточчына – асобны край. Ягоная мова адрозьніваецца ад нашай. Мэнтальнасьць ягоных беларусаў таксама розьніцца ад нашае мэнтальнасьці. Да гэтага дадаць разгалінаванасьць беластоцкіх беларусаў па кланах і плынях – БГКТ, БАС, ЗБМ, Радыё “Рацыя”, дый колькі яшчэ ўсяго, чаго я ня ведаю дый не асабліва хачу ведаць. Колькі звадаў, варагаваньня, канфліктаў і іншага паміж ўсімі гэтымі суполкамі. Божа ж мой, думаў я, няўжо нельга аб’яднацца й жыць спакойна! Але гэтая мая думка была ня з самых разумных. Адзін мой знаёмы паляк сказаў сакрамэнтальныя словы: “Нашыя дэмакраты пачалі сварыцца й дзяліцца пасьля перамогі. А вашыя – тады, калі гэтае перамогі нават на даляглядзе не відаць”. Таму на тле антаганізму нашых дэмакратаў, падзелаў Народнага Фронту, ціхае варожасьці дэмакратычных плыняў падчас самае сапраўднае вайны з рэжымам, беластоцкія канфлікты выглядаюць лягічна. Адно што не зразумела – ці то нацыя схільная да ўнутраных канфліктаў (дзе той міт пра талерантнасьць і памяркоўнасьць?), ці то дэмакратычная арыентацыя вымагае гэтага ад людзей. Толькі не хвалюйся, гэта мой асабісты погляд на праблему, ён можа быць і ня слушны.

ЭПІЛЁГ Вернемся да пачатку. Чытаў я “Ніву”, чытаў год, другі, а потым гэтак зьедліва падумаў: вось жа ж тыповая газэта для меншасьці! А я – прадстаўнік большасьці, інтэлектуал (не абурайся, мае думкі зноўку падаюцца ў адмыслова дэфармаваным выглядзе, каб ты не заснуў (-ла). Не выпадае мне чытаць “Ніву”, а выпадае “Нашу Ніву” – на той час – выданьне для інтэлектуалаў, літаратараў ды іншых рафінаваных творчых асобаў. З таго вось часу я не выпісваю й не купляю “Ніву”.

Але на цяперашні час я хутчэй радыкал, чымся інтэлігент і дэмакрат, а “Наша Ніва” пераўтварылася, зноў жа ж, на маю суб’ектыўную думку, у выданьне для беларускамоўнае меншасьці. Толькі гэта меншасьць існуе ў межах пакуль што йснуючае дзяржавы з назовам “Беларусь”. Дзіўныя парадоксы часу на сумежжы тысячагоддзяў!

А яшчэ я чытаю і супрацоўнічаю з часопісам “Czasopis”. І цяпер, дзякаваць Богу, ведаю вартасьці Сакрата Яновіча ў кантэксьце сусьветнае беларускае ды іншае літаратуры. А можа, папросту застаўся ззаду юнацкі максымалізм і нігілізм?

Вось прапанавалі мне напісаць гэтае эсэ – уражаньні цэнтральнага беларуса пра Беластоцкі край, і мне адразу чамусьці ўзгадалася позьняя восень, вёска Валілы, стаім на ганку Лёнікавае хаты, палеткі, лес на даляглядзе, туман… І Лёнік гаворыць: “А ўсё ж-такі прыгожыя тут краявіды!”

Мала што бачыў прыгажэйшага ў сваім жыцьці.

Лявон Вольскі, www.slonko.com.pl