Віленская арцыбіскупская курыя ў каторы раз пацвердзіла сваё нежаданне ўшанаваць памяць святара сваёй арцыдыяцэзіі, аднаго з самых вялікіх беларусаў ХХ ст. ксяндза Адама Станкевіча, нягледзячы на тое, што ён ахвяраваў сваё жыццё дзеля Каталіцкага Касцёла і што тагачасная літоўская каталіцкая іерархія і грамадзкасць вельмі прыхільна ставіліся да айца Адама.
У надзвычай дыпламатычным адказе-адмове гаворыцца: „Вельмі шануем ксяндза пакутніка Адама Станкевіча, але, на жаль, не можам задаволіць просьбу. У касцёле Св. Мікалая працавала шмат паважаных святароў, ня хочам з іх выдзеліць аднаго, а іншых пакінуць не ўшанаванымі. Таму думаем больш не дазваляць у касцёле Св. Мікалая вешаць новыя мемарыяльныя шыльды, бо і так ужо маем тры“. Цікава паглядзець з цягам часу, ці так яно будзе?
Адмова Віленскай арцыбіскупскай курыі ўшанаваць 60 гадавіну пакутніцкай смерці ў сталінскім ГУЛАГу ксяндза Адама Станкевіча наводзіць на думку, што з часоў Адама Станкевіча мала што змянілася і пытанне аб ушанаванні памяці тых ці іншых асобаў па-ранейшаму вызначаецца паводле іх нацыянальнай прыналежнасці. Такім чынам, беларусы для каталіцкіх іерархаў так і застаюцца непажаданым элементам.
Паводле Алеся Адамковіча, www.westki.info