У Варшаве прадставяць "Параною"

Першая прэзентацыя забароненай у Беларусі кніжкі журналіста Віктара Марціновіча пройдзе сёння ў Варшаве ў рэдакцыі "Res Publica Nowa".

Першая прэзентацыя забароненай у Беларусі кніжкі журналіста Віктара Марціновіча пройдзе сёння ў Варшаве ў рэдакцыі "Res Publica Nowa".

Кніга выйшла ў свет у маскоўскім выдавецтве. Тры тыдні таму аўтар планаваў правесці прэзентацыю ў Мінску ў адным з вядучых клубаў, аднак за тыдзень да вызначанага дня прэзентацыя была адменена.  “Параноя” Віктара Марціновіча стала першай мастацкай кнігай забароненай ў Беларусі. Сённяшняя прэзентацыя ў Варшаве адметна тым, што ў аўтара на руках ёсць толькі адзін экземпляр сваёй кнігі.

- Гэта мой дэбют у мастацкім жанры, гэта менавіта мастацкі твор, які ў значнай ступені прысвечаны каханню, і я быў проста збянтэжаны, калі я даведаўся пра тое, што гэты твор забаранілі. Забаранілі, мабыць, з-за таго, што дзеянні адбываюцца ў краіне, якая нагадвае сённяшнюю Беларусь, гэты твор прысвечаны супрацьпастаўленню ўнутранага свету двух закаханых суворай дзяржаўнай машыне. У гэты сусвет вельмі жорстка ўмешваюцца, што прыводзіць да трагічных наступстваў.

Кніга "Параноя" даступная ў інтэрнэце. Гэта зараз адзін з самых папулярных мастацкіх твораў, які актыўна спампоўваецца.

“Параноя" - гэта раман, галоўным героям якога выступае страх. Гэта гісторыя кахання, якая апавядаецца на падставе пратаколаў з падслухаў”, – кажа пра сваю кнігу аўтар.

Прэзентацыя ў Варшаве праходзіць па запрашэнні выдавецтва "Res Publiki Nowej", а таксама ініцыятывы "Вольная Беларусь" і інстытута Усходніх даследаванняў ў Варшаве.

Валя Лаеўская, "Радыё Рацыя"