Беларуская "Лявоніха" пераехала ў Сібір

Далёкі паўночны край Васюганне (Заходняя Сібір, Расія), пра які немала напісана нашым земляком – этнографам  М.Н. Мельнікавым, заўсёды прыцягваў увагу навукоўцаў сваёй суровасцю і загадкавасцю.

Далёкі паўночны край Васюганне (Заходняя Сібір, Расія), пра які немала напісана нашым земляком – этнографам  М.Н. Мельнікавым, заўсёды прыцягваў увагу навукоўцаў сваёй суровасцю і загадкавасцю.

І не дзіва, што менавіта сюды пераехала беларуская “Лявоніха” -- VIII фестываль беларускай народнай творчасці “У гасцях у Лявоніхі”.

Сяло Паўночнае - гэта не проста далёкая ад горада зямля, але яшчэ адзін з самых каштоўных этнаграфічных раёнаў нашай вобласці. Бо тут сяліліся першыя перасяленцы з Беларусі ў канцы IX стагоддзя. Гэты край здаўна славіўся сваімі звычаямі, народнымі танцамі, песнямі і нават беларускім вымаўленнем. Студэнтамі Новасібірскага музычнага каледжа пад кіраўніцтвам заслужанага дзеяча мастацтваў Вольгі Гурынай і іншымі даследчыкамі тут было запісана мноства беларускіх народных песень і знакамітая “Пяцікаленная Кадрыля”. Тут жа захаваліся традыцыі народнай беларускай кухні. Усё гэта ўвабраў ў сябе цяперашні фестываль.

Кожны, хто прыйшоў у гэты дзень у раённы Палац культуры, мог хоць ненадоўга апынуцца ў беларускай вёсцы. Дранікі, ведзьмакі, мачанка, гульбяшнікі і нават хатняе піва - далёка не ўвесь пералік усіх хатніх страваў, якія былі прапанаваны абсалютна ўсім, хто прыйшоў на свята. Кожны мог паспрабаваць усе гэтыя прысмакі перад пачаткам Гала-канцэрта фестывалю.

Поўная зала ў будны дзень вельмі цёпла прымала ўдзельнікаў канцэртнай праграмы, якія прыехалі з дзевяці раёнаў нашай вобласці. Арыгінальная рэжысура канцэрта адразу ж, з першых слоў ўвяла нас у атмасферу беларускага каларыту і гучання. Тут былі задзейнічаны ўсе, і нават дырэктар беларускага культурнага цэнтра Кабанава Ніна Васільеўна, прамова якой вельмі ўдала ўпісалася ў канву ўсяго дзейства. Ад усіх папярэдніх фестываляў, сёлетняя “Лявоніха” адрознівалася фальклорна-этнаграфічным каларытам.

Большасць выканаўцаў, а гэта -- народны фальклорны ансамбль "Зязюля" з вёскі Каўбаса Кыштоўскага раёна, народны ансамбль беларускай песні “Чапурушка” з с. Нова-Міхайлаўка Качанёўскага раёна, “Субботея” з Здвінскага раёна, “Завалінка” з Усць-Таркі, “Зорюшка” і “Добродея” з Севернага, дзіцячыя ансамблі “Ладушки”, “Ленок”, “Семейка” і іншыя, аб'яднала адна агульная тэма і любоў да народнай песні. Апафеозам свята стала песня “Белая Русь”. Пад гукі “Белай Русі” і апладысменты гледачоў і завяршыўся VIII фестываль “У гасцях у Лявоніхі”. У наступным годзе, калі як раз будзе адзначацца 10-годдзе Новасібірскага дзяржаўнага цэнтра беларускай культуры, “Лявоніха” збярэ сваіх удзельнікаў і прыхільнікамі ўжо ў Новасібірску.

Ірына Дубаграева
Мастацкі кіраўнік Новасібірскага центра беларускай культуры