Перад будынкам ААН прайшоў пікет у падтрымку беларускіх палітвязняў

Каля цэнтральнага офісу ААН у Нью-Ёрку ў нядзелю 6 снежня сябрамі Беларускага Моладзевага Руху Амерыкі быў зладжаны пікет у падтрымку людзей, якія ў Беларусі змагаюцца за дэмакратызацыю краіны.

Пад час пікету былі ўзгаданы апошнія падзеі ў Беларусі, якія прымусілі ў чарговы раз звярнуць увагу на парушэнне правоў грамадзян краіны: - смерць пры невысветленых абставінах распаўсюдніка незалежнай прэсы Валянціна Доўнара;

- выключэнне з БДУ прэс-сакратаркі “Маладога фронту” Таццяны Шапуцькі пасля таго, як яна вярнулася з Брусэля, дзе ўдзельнічала ў Форуме грамадзянскай супольнасці краінаў Усходняга партнёрства;

- арышт актывістаў Ягора Баброва і Паўла Пракаповіча (15 сутак) і Андрэя Кузьмінскага (7 сутак) за ўдзел у перформансе 3 і 4 снежня ў Мінску;

- выкраданні лідэра “Маладога фронту” Змітра Дашкевіча і лідэра “Ёўрапейскай Беларусі” Яўгена Афнагеля.Узгадалі таксама і прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча і Уладзіміра Асіпенку, абвінавачаных ў падрыхтоўцы тэрарыстычнага акту; вязняў сумлення, асуджаных па так званай “справе чатырнаццаці”(Міхась Пашкевіч, Таццяна Цішкевіч, Павел Вінаградаў, Аляксей Бондар, Міхась Крываў, Алесь Стральцоў, Алесь Чарнышоў, Міхась Субач, Максім Дашук, Аляксандр Баразенка).

Пад час акцыі ў Нью-Ёрку ўзгадалі імёны зніклых без звестак палітыкаў Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара, бізнесмэна Анатоля Красоўскага і журналістаў Зміцера Завадскага, Веранікі Чаркасавай, Васіля Гроднікава. Больш за 40 удзельнікаў пікету каля ААН выказалі словы падтрымкі людзям, якія ў Беларусі працягваюць весці барацьбу за дэмакратызацыю краіны, за культурніцкае і духоўнае развіццё Радзімы, за шанаванне роднай мовы ды гісторыі і лепшую долю беларусаў. Скончылася мерапрыемства ў Нью-Ёрку ўжо традыцыйным спяваннем беларускіх гімнаў "Пагоня" і "Магутны Божа".

Паводле Беларускага Моладзевага Руху Амерыкі