Па слядах беларусаў у Празе

Шматнацыянальная Прага ўжо не адно стагоддзе прываблівае жыхароў іншых краін. Беларусы - не выключэнне. Шпацыруючы па пражскіх вуліцах дзе-нідзе трапляеш на след, што пакінулі беларусы ў гэтым цудоўным казачным градзе.

Шматнацыянальная Прага ўжо не адно стагоддзе прываблівае жыхароў іншых краін. Беларусы - не выключэнне. Шпацыруючы па пражскіх вуліцах дзе-нідзе трапляеш на след, што пакінулі беларусы ў гэтым цудоўным казачным градзе.

Першым жыхаром беларуска-літоўскіх зямель, чые сляды мы можам знайсці ў Празе, быў адзін з cыноў Кейстута - Бутаўт (у каталіцтве - Генрых), які ў 1366 апынуўся пры двары самаго Карла IV -  чэшскага караля і імператара Святой Рымскай імперыі.

1

Будынак Карлава універсітэта

Цікава, што у 1381 годзе да Бутаўта з Літвы збег ягоны сын Войдат (Ян). Яго можна назваць самым вядомым тагачасным беларускім студэнтам, бо праз некаторы час ён стаў другім рэктарам Карлава універсітэта.

Універсітэцкі будынак таксама нагадвае аб праекце польскай каралевы Ядзвігі, якая у 1397 годзе вырашае зафундаваць калегіюм для ліцвінаў у Празе, “каб яны тут вывучалі тэалогію і філасофію”. Калегіюм быў адкрыты прыкладна праз 20 год пасля яе смерці (1399).

2

Старамесцкая плошча

Другім эпізодам беларуска-чэскіх адносінаў з’яўляецца гісторыя, якая пачалася ў 1420 годзе пасля смерці аднаго з самых няўдалых чэшскіх каралёў, сына Карла IV - Вацлава, які фактычна не ўбярог бацькоўскія дасягненні, страціў тытул Рымскага імператара.

Гусіцкая рэвалюцыя ўвайшла ў актыўную фазу. Паколькі сераднявечнае грамадства не магло заставацца без караля, чэхі былі вымушаны шукаць уладара ў іншых землях. Калі  паслы прыйшлі да Вітаўта, той згадзіўся прыняць карону, але ў Прагу паслаў намеснікам Жыгімонта Карыбутавіча (пляменніка Вітаўта і Ягайлы, унука Альгерда). На чале 5-тысячнага беларускага войска Жыгімонт Карыбутавіч у 1422 годзе з’яўляецца ў Чэхіі, а ў 1424 годзе пры дапамозе гусітаў пачынае кіраваць у Празе. На працягу 3 год Жыгімонт Карыбутавіч шукае прымірэння з каталікамі, у выніку чаго у 1427 годзе, калі яго таемная перапіска з Жыгімонтам Люксембургскім трапляе ў рукі табарытаў, адбываецца бяскроўны пераварот. Але пражскія хронікі добрым словам узгадваюць праўленне Жыгімонта Карыбутавіча.

Цікава адзначыць, што у 14 стагоддзі каралі не жылі ў Пражскім Градзе, іх рэзідэнцыі былі ў цэнтры горада (раён Старамесцкай плошчы). Канчаткова ўлада пераехала на Град толькі ў канцы 15 стагоддзя.

3

Мемарыяльная дошка, прысвечанная Скарыну

Мемарыяльная дошка, прысвечаная нашаму выбітнаму суайчынніку, усходнеславянскаму першадрукару  - Францыску Скарыну і перыяду, калі ён друкаваў тут свае кнігі (1517-1519), знаходзіцца ў двары Нацыянальнай бібліятэкі, непадалёк ад Карлава маста.

4

Мемарыяльная дошка, прысвечанная Скарыну

Лічыцца (але ёсць і іншыя меркаванні), што ён не меў сваёй уласнай друкарні, а карыстаўся паслугамі адной з 17 тагачасных пражскіх друкарняў. Дакладна не вядома, дзе ён жыў, бо пажар у сярэдзіне стагоддзя (у 1547 годзе) знішчыў гарадскія архівы. Існуе верагоднасць, што ён мог жыць у доме Мацея Руса, які быў на рагу Старамесцкай плошчы, амаль насупраць знакамітага гадзінніка Арлой. Але гэты дом не захаваўся.

5

Старамесцкая плошча

Помнік Францыску Скарыну ў Брусніцэ (недалёка ад Каралеўскіх палаца і садоў) звязаны з другім яго пражскім перыядам, калі ён быў каралеўскім садоўнікам. Сады і паркі ў еўрапейскіх гарадах пачалі з’яўляцца акурат у пачатку 16 стагоддзя. Фактычна Скарына быў адным з першых, хто закладаў гэтыя сады. Але ў адным з запісаў з канцылярыі Пражскага Граду гучыць незадаволеннасць каралеўскім садоўнікам з-за таго, што не спеюць апельсіны. У апошнім дакуменце, дзе ўзгадваецца Скарына, кароль чэшскі Фердынынд Габсбург заклікае сыноў прыйсці за спадчынай.

6

Помнік Францыску Скарыну ў Брусніцэ

Альшанскія могілкі нагадваюць пра, магчыма, найбольш яскравы перыяд побыту беларускай грамады ў Празе, звязаны з міжваеннай эміграцыяй. 20-я гады ў Чэхіі - росквіт грамадска-палітычнага жыцця, грамадзянскіх арганізацый, саюзаў, эміграцыйных суполак. Нарэшце стварылася асяроддзе, дзе беларусы не былі пад уціскам. У Празе з’яўляецца шмат беларускіх студэнтаў, першы з якіх - Ян Станкевіч. У гэты час сюды перабіраецца і працягвае дзейнічаць урад БНР у выгнанні. Яго першым прэзідэнтам быў Пётр Крэчэўскі, потым гэты пост заняў Васіль Захарка.

7

Альшанскія могілкі. Магіла Пятра Крэчэўскага

Акрамя магілаў абоіх прэзідэнтаў БНР, на Альшанскіх могілках пахаваны Міхась Забэйда-Суніцкі - наш оперны спявак, яскравы тэнар, які спяваў нават у La Skala. Надпіс на пліце па-чэшску гучыць так: “Беларускі оперны спявак, педагог”, а па-беларуску коратка: “Пясняр беларускі”. Ён жыў у Празе пасля вайны. У 1968-м, калі чэхі ў сваёй русафобіі знішчалі на радыё запісы рускай культуры, пад гарачую руку трапілі і запісы беларускіх песень у выкананні нашага земляка.

Сябра Рады БНР Уладзіслаў Яндзюк распавёў, што пасля вайны амаль да 60-х гадоў тут на могілках “палявала” НКВД: хадзілі і пільнавалі людзей, якія прыходзяць да сваіх - такіх адразу забіралі. Падвалы расійскай амбасады былі набіты людзьмі, і іх адвазілі адразу ў Саюз, у лагеры. Было вельмі небяспечна, але знайшліся людзі, якія рызыкуючы жыццём даглядалі магілы Крэчэўскага і Захаркі, на жаль, пахаванне Тамаша Грыба ніхто не знайшоў, ніякіх слядоў не захавалася.

8

Уладзіслаў Яндзюк каля магілы Васіля Захаркі

Няспешная прагулка беларускімі сцежкамі Прагі, якую правёў студэнт Карлава універсітэта, таксама наш суайчыннік Павел Котаў, заняла ўсяго гадзіны тры – тры з паловай, але дзякуючы гістарычнаму экскурсу ў далёкае і не вельмі мінулае, таямнічы горад Прага з усімі сваімі еўрапейскімі ўзорамі дойлідства стаў неяк бліжэй, ці што. Дакладна сказаць можна адно – там ёсць нешта роднае нам, беларусам. Зразумела, што  гэта далёка не ўсе мясціны звязаныя з беларусамі (напрыклад, па Wenzigova, 4 знаходзіцца будынак Рады БНР). І якія яшчэ адкрыцці чакаюць нас у Празе заўтра?

Зарына Кандрацева, www.budzma.org