Традыцыйная сустрэча, прысвечаная 89-м угодкам Слуцкага паўстання, а таксама знакамітым асобам што нарадзіліся ці памерлі ў лістападзе адбылася 28 лістапада ў Таварыстве беларускай культуры ў Літве.
Традыцыйная сустрэча, прысвечаная 89-м угодкам Слуцкага паўстання, а таксама знакамітым асобам што нарадзіліся ці памерлі ў лістападзе адбылася 28 лістапада ў Таварыстве беларускай культуры ў Літве.
Распачаў сустрэчу сп. Хведар Нюнька са звароту старшыні рады БНР з нагоды Слуцкага збройнага чыну.
Імпрэзу працягнула мастачка Крыстына Балаховіч, якая запрасіла удзельнікаў мерапрыемства завітаць на спэктакль “Чорная панна” тэатра імя Янкі Купалы, што адбудзецца 4-га снежня ў Доме Польскім а 18-ай гадзіне.
Спадарыня Балаховіч зачытала зварот арганізацый беларускай дыяспары да Літоўскага тэлебачання з нагоды праблемаў беларускай праграмы “Віленскі сшытак”. Апошнім часам праграма выходзіць у вельмі нязручны час (пятніца 14:50), калі бальшыня мэтавай аўдыторыі знаходзіцца на працы, што значна звужае кола гледачоў. Таксама выклікае непаразуменне паўторны выхад праграмы на LTR2 ў той самы дзень толькі праз паўгадзіны а 15:40. На вялікі жаль “Віленскі сшытак” недаступны ў онлайнавым архіве LTR. Але самае прыкрае тое, што супрацоўнікі праграмы вось ужо як паўгады не атрымліваюць кампенсацыі за працу. Ёсць вельмі сур’ёзная пагроза сыходу прафесійных журналістаў і, ў выніку, спынення існавання беларускага эфіру ў Літоўскай Рэспубліцы. Пад зваротам паставілі свае подпісы: Таварыства Беларускай Культуры, ТБМ Віленскага краю імя Францішка Багушэвіча, Згуртаванне беларускіх арганізацый Літвы, Віленскае беларускае згуртаванне палітычных вязняў і ссыльных, Аб’яднаны цэнтр беларускіх ініцыятыў “JuBIC” і шмат іншых арганізацый.
Крыстына таксама распавяла пра выдатнага беларускага мастака Пётра Сергіевіча. Беларускі талент нарадзіўся паблізу возера Нарач у 1910 г, а ў Вільню трапіў амаль дваццацігадовым юнаком. Пётра Сергіевіч скончыў Віленскі універсітэт, дзе выкладчыкам у яго быў прафесар аддзялення прыгожых мастацтваў універсітэта імя Стэфана Баторыя ў Вільні – Фердынанд Рушчыц. Працы мастака былі пазней прадстаўлены на шматлікіх міжнародных выставах.
У міжваенны час П. Сергіевіч быў членам Беларускага Навуковага Таварыства, на грамадскіх пачатках меў супрацу з Беларускім Музеем у Вільні, дзе захоўваліся і ягоныя працы.
Пасля вайны больш 40 гадоў беларускі мастак жыў на Антокалі ў двухпавярховым доме, амаль насупраць палацу Сапегаў. Там яго наведвалі выдатныя мастакі Беларусі і Літвы. Маючы за плячыма 76 гадоў Пётра Сергіевіч памёр у Вільні ў лістападзе 1984 г., дзе і быў пахаваны на вайсковых могілках.
Пасля смерці мастака паўстала пытанне аб стварэнні дома-музея на кватэры П. Сергіевіча. Віленскія беларусы прыклалі шмат намаганняў каб ажыццявіць гэтую задуму. Па ініцыятыве ТБК і пры фінансаванні беларускай амбасады ў Літве былі нават выкупленыя палова памяшканняў. Але, на вялікі жаль, праз непаразуменне са сваякамі дом-музей не быў створаны, а разам з гэтым шматлікія працы выдатнага мастака былі вывезены у Польшчу.
Малады грамадскі дзеяч з Вільні – Зміцер Талкачоў – распавёў пра дзейнасць вядомага беларускага палітыка і навукоўца Вацлава Ластоўскага.
Наступную прамову меў старшыня Таварыства Беларускай Культуры – спадар Хведар Нюнька, які ўзгадаў добрым словам слыннага дзеяча беларускага замежжа Сяргея Карніловіча, з чыёй прыватнай ініцыятывы ў г. Кліўлендзе быў створаны знакаміты сёння Грамадскі цэнтр “Полацак”.
Напрыканцы імпрэзы студэнт ЕГУ – Юрась Юркевіч прадставіў для першага паказу дакументальны фільм “Булак-Балаховіч. Генерал нескончанай вайны” (рэжысёр фільма - Сяргей Ісакоў, сцэнар - Уладзімір Халіп, 64 хвіліны, 2009 год.). Стужка цікавая для беларускага гледача таму што у ёй, бадай упершыню, візуальна паказана гісторыя Асобнага Атраду БНР і Беларускай Саюзніцкай (народнай) Арміі. Адметна, што генерал БНР у фільме распавядае пра сваё жыццё ад першай асобы, за аснову тэксту ўзяты ўласнаручны жыццяпіс Булак-Балаховіча.
У стужцы выкарыстана сапраўдная кінахроніка з першым "бацькам" Беларускай Дзяржавы, паказаны мясціны, звязаныя з вайсковай дзейнасцю генерала. Кінахроніка была знята дацкімі добраахвотнікамі падчас вайны за незалежнасць Эстоніі супраць чырвонай арміі. Пасля вайны стужка патрапіла спачатку ў Данію, адтуль у Канаду, дзе і была знойдзена ў 90-ыя гады эстонскімі даследчыкамі.
У фільме паказаны памяшканні штабу Асобнага Атраду БНР ў Таліне, сядзіба другой жонкі Станіслава, мясціны памяці ў Пскове, Варшаве і Пінску. На фотаздымках можна было пабачыць нават бронецягнік Булак-Балаховіча – “Талабчанін”, а таксама палкоўніка Кастуся Езавітава у вайсковай форме БНР узору А. Луцкевіча ды Раду беларускай калоніі ў Рызе разам з палкоўнікам Мінгрэльскім – прадстаўніком Асобнага Атраду Балаховіча.
Кожнае фота мае ўжо сваю асобную гісторыю, так, напрыклад здымак генерала Булак-Балаховіча, што паказаны паводле сцэнару фільма пасля вызвалення Пінска ад чырвоных, ёсць адзіным фота Станіслава у генеральскай вайсковай форме Беларускай Народнай Арміі. Фотакартка зроблена ў самім Пінску, відаць, адразу пасля ўцёкаў Саветаў і падорана ротмістру Мурав’ёву на памяць аб гэтай перамозе. Пазней фота трапіла у ЗША, дзе і захоўваецца па сённяшні дзень у прыватнай калекцыі.
Карціна “Булак-Балаховіч. Генерал нескончанай вайны” здымалася больш за год у Беларусі, Польшчы, Эстоніі і Расіі. Фільм можна лічыць удалым дадаткам да папярэдняй стужкі С. Ісакова "Слуцкі збройны чын" (2008) і кнігі Алега Латышонка "Жаўнеры БНР" (2009).
Пасля прагляду прысутныя задавалі шмат пытанняў Юрасю Юркевічу. Выступоўца разгорнута адказаў на ўсе пытанні, падчас дыялогу былі паднятые новыя цікавыя тэмы, прадстаўлены заўвагі да стужкі.
Паводле інфармацыі Юрася Юркевіча