Слова да беларускага чытача кнігі "Гісторыя Беларусі ад сярэдзіны ХVIII ст. да пачатку ХХІ ст."
Слова да беларускага чытача кнігі "Гісторыя Беларусі ад сярэдзіны ХVIII ст. да пачатку ХХІ ст."
Гэтая кніжка пісалася намі на пачатку новага тысячагодзьдзя, а ўпершыню выдадзеная па–польску была ў 2002 г. Прызначалася яна перадусім для польскага чытача, ці беларускага, але з Польшчы.
Менавіта дзеля гэтага даволі шмат увагі мы прысьвяцілі падзеям на даўнім Падляшшы і больш позьняй Беласточчыне, якая зьявілася пад канец ХVІІІ ст., разам з падзеламі Рэчы Паспалітай, сьпярша як прускі дэпартамэнт, а пасьля як расейская вобласьць. Гэта — малая бацькаўшчына аўтараў, якія абодва беларусы.
Нягледзячы на прывязанасьць да малой бацькаўшчыны, асноўную ўвагу мы прысьвяцілі нашай Вялікай Бацькаўшчыне — Беларусі. Яна ў нас большая за Рэспубліку Беларусь, бо нават у мадэрны час Беларусьсю былі тэрыторыі, якія пасьля воляй лёсу апынуліся па–за межамі Краю. Даволі прыгадаць, што сёньняшняя Рэспубліка Беларусь апэлюе да традыцыі БССР, абвешчанай першы раз у Смаленску.
Ва ўступе мы напісалі, што будзем адстойваць перш за ўсё беларускі, а ня польскі пункт гледжаньня на гістарычныя падзеі, але без празьмернага шанаваньня беларускіх гістарычных мітаў. Аўтар рэцэнзіі на гэтую кніжку, Захар Шыбека [1], палічыў нават, што мы — разбуральнікі нацыянальных мітаў, сам пры гэтым вызначаючыся як прыхільнік рамантычных адносінаў да мінулага.
Нам здаецца, што розьніца тут не прынцыповая. Мы калісьці вельмі рамантычна ставіліся ня толькі да гісторыі, але і да сучаснасьці, шмат энэргіі прысьвяцілі “хаджэньню ў народ” і буджэньню яго да самастойнага існаваньня. Я. Мірановіч быў першым незалежным беларускім кандыдатам у польскі Сойм, а А. Латышонак — лідэрам Беларускага дэмакратычнага аб’яднаньня, адзінай на той час партыі нацыянальнай меншасьці ў Польшчы. Гэтая дзейнасьць якраз і вылечыла нас ад рамантычнага погляду на свой народ і ягоную гісторыю. Мы разумеем, следам за вялікім польскім гісторыкам Юзафам Шуйскім, што “фальшывая гісторыя — гэта настаўніца фальшывай палітыкі”.
Ці ж трэба для гэтага лепшы доказ, чым параза Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”, які ў свой час паблытаў Беларусь зь Вялікім Княствам Літоўскім? Дарэчы, рэальнасьць пачатку новага тысячагодзьдзя аказалася для нас яшчэ менш рамантычнай, чым можна было спадзявацца. Пішам пра гэта ў частцы, даданай цяпер да асноўнага тэксту кніжкі.
Мы ўдзячныя З. Шыбеку за заўважаныя ім памылкі, выпраўленыя ў гэтым тэксьце. Прызнаем таксама, што словы “гісторыя Беларусі зь сярэдзіны ХVІІІ ст. да канца ХХ ст. — гэта гісторыя цывілізацыйнага адасабленьня ад Польшчы гэтай краіны і яе сучаснай нацыі, якая толькі фармавалася” — выраз недакладны, калі можна яго зразумець так, як зразумеў гэта аўтар рэцэнзіі — што ўзьнікненьне сучаснай беларускай нацыі непасрэдна зьвязанае з аддаленьнем ад Польшчы. Мы толькі зафіксавалі факт, што аддаленьне ад Польшчы, зробленае пад ціскам Расеі, адбывалася ў той самы час, калі фармавалася сучасная беларуская нацыя. Мадэрная беларуская нацыя ўзьнікла на мяжы ХІХ і ХХ ст. як эўрапейская нацыя свабодных вытворцаў — сялян, у чым падобная была да мадэрнай польскай нацыі, у апошняй толькі больш было сярэдніх і вышэйшых пластоў грамадзтва. На жаль, на мяжы ХХ і ХХІ ст. Беларусь надалей аддалялася ад Польшчы.
Краявід Беларусі, краіны вялізных гарадоў і аграгарадкоў, нічым не нагадвае Польшчы, дзе гараджане перасяляюцца ў мястэчкі і вёскі, а сяляне захоўваюць прыватныя гаспадаркі. Беларусь і Польшча цяпер — краіны іншых цывілізацыяў, Эўропы і Эўразіі, нягледзячы на вартыя ўхваленьня намаганьні вярнуць эўрапэйскі выгляд цэнтрам беларускіх гарадоў.
Мы таксама схіляемся да погляду З. Шыбекі, што назва “ІІІ Рэч Паспалітая” ў дачыненьні да сучаснай Польшчы зь беларускага пункту гледжаньня непрымальная, паколькі такім чынам ускосна прызнаецца польскай дзяржавай і І Рэч Паспалітая. Таму па-беларуску будзем яе называць у духу францускага арыгіналу гэткага спосабу адлічваньня дзяржаваўтварэньняў “ІІІ Рэспублікай”.
Кніжка пісалася згодна з зацьверджанай польскім Міністэрствам нацыянальнай адукацыі праграмай вывучэньня беларускай і рэгіянальнай тэматыкі ў якасьці дадатку да праграмы вывучэньня гісторыі ў пачатковых і сярэдніх школах у былым Беластоцкім ваяводзтве, распрацаванай Яўгенам Вапам, і прызначаная была перш за ўсё настаўнікам. Асобна выйшаў у сьвет падручнік Я. Мірановіча для агульнаадукацыйных ліцэяў [2].
Ад той пары ўся школьная сыстэма, для якой была распрацаваная гэта праграма, стала былой (як, дарэчы, і само Беластоцкае ваяводзтва). Вывучэньне як беларускай, так і рэгіянальнай гісторыі не было ўведзена ў праграму, таму выпускнікі падляскіх школаў ведаюць сёе–тое (кожны год усё менш) пра тое, што адбывалася ў Кракаве ці ў Варшаве, і нічога ня толькі пра гісторыю Беларусі, але і пра мінулае Беластоку з навакольлем.
Маем надзею, што беларускаму чытачу будзе цікава даведацца, якая была гэтая гісторыя, убачаная вачыма беларускіх гісторыкаў зь Беластоку.
Беласток, 1 жніўня 2009 году
1. Шыбека З. Łatyszonek, Oleg; Mironowicz, Eugeniusz. Historia Białorusi od połowy XVIII do końca XX wieku. Białystok, 2002 // Беларускі гістарычны агляд. 2002. Т. 9. Сш. 1—2 (16—17). С. 195—201.
2. Mironowicz E. Historia Białorusi. Białystok, 2001.