Беларуская паваенная эміграцыя ў Італію была большаю як, да прыкладу, у Галяндыю, але значна меншаю ў параўнаньні з Даніяй ці Бэльгіяй, Швэцыяй або Гішпаніяй.
У гэтай краіне нібыта існавала некалькі арганізацыяў – Беларускае Студэнцкае Згуртаваньне ў Рыме, Беларускае Каталіцкае Акадэмічнае Згуртаваньне “Рунь”, рэдакцыя часапісу “Зьніч”, але ва ўсіх была аднолькавая адрэса – Via della Transportina, 18. Цэнтрам беларускага арганізаванага жыцьця ў Рыме быў гаспадар памешканьня – рэдактар “Зьніча”, пісьменьнік, перакладчык, заснавальнік і дырэктар беларускай сэкцыі Радыё Ватыкану пралат Пётра Татарыновіч (1896-1978).
Зрэшты, эміграцыя зь Беларусі ў Італію ніколі не была масаваю; ехалі сюды Скарынавым шляхам адзінкі – вучыцца. І ў паваенныя гады сытуацыя бадай што не зьмянілася (калі, натуральна, не лічыць беларусаў у Другім польскім корпусе) – невялікая купка інтэлігентаў, можа з тузін, мо крыху болей.
Газэта “Бацькаўшчына” пісала (№16(60), 5 кастрычніка 1949 г.): “Сяньня беларусаў у Італіі ня шмат. Засталіся толькі студэнты, і тыя, якіх не хацела прыняць IРО пад сваю апеку. Адносіны італьянцаў да беларусаў, наагул, былі і ёсьць добрыя. Аб гэтым сьведчаць факты, калі італьянцы прымалі пад сваю апеку тых, якіх адкінула ІРО і якім урады адмовілі сваю помач. Беларускія студэнты, якія студыююць на італьянскіх унівэрсытэтах у Рыме, хаця жывуць у вельмі цяжкіх матэрыяльных умовах, аднак ужо шырака ведамыя ня толькі ў Рыме, але і ўва ўсёй Італіі.
Аб іх творчасьці ўжо многа раз пісалі італьянскія газэты і журналы. Гэтак, ведамы беларус – прафэсар малярства сп. Казак сваімі мадэрнымі, рэвалюцыйнымі малюнкамі перавысіў усіх італьянскіх мастакоў. Ягоныя працы цяпер у Італіі цэняцца вельмі высока. Другі мастак, опэрны сьпявак сп. Конюх, хаця яшчэ і ня выступаў як актор, бо яшчэ канчае студыі, але ўжо шырака ведамы. Ягоны бас будзіць вялікія надзеі сярод спэцыялістаў.
Што тычыцца беларускага арганізацыйнага жыцьця ў Італіі, то яно з прычыны дрэнных матэрыяльных умоваў на сяньня ня мае магчымасьцяў на шырэйшае разьвіцьцё”.
Згаданы у артыкуле Пятро Конюх, як і незадоўга перад ім, 1930-х гадах, іншы знакаміты сьпявак, Міхась Забэйда-Суміцкі, менавіта ў Італіі вырабіўся на сусьветна прызнанага прафэсіянала.
Ён нарадзіўся 8 сакавіка 1910 г. у вёсцы Турэц, штo знаходзіцца ў сёньняшнім Карэліцкім раёне. У 1938 г. скончыў сельскагаспадарчыя курсы ў Вілейцы, пасьля чаго працаваў у Баранавічах, дзе яго засьпела вайна. У складзе Польскага корпусу генэрала Андэрса прымаў удзел у бітве за Монтэ-Касына.
Тут, у Італіі, ён запісаўся ў Акадэмію мастацтваў, дзе у 1951 г. атрымаў дыплём сьпевака, у 1956 г. – музычнага крытыка і ганаровае званьне Маэстра акадэміі.
Пра сваё жыцьцё гэтак пісаў у Нью-Ёрк Вітаўту Тумашу: “Цяжка надта дастацца ў Опэру, несамавітая канкурэнцыя, бo ў Італіі толькі можна зарабіць у Опэры. Канцэртамі і Радыё зарабляю толькі на пражыцьцё й на навуку. У сучасны момант не магу наракаць, хоць зарабляю мала, але хапае на ўсё неабходнае. У мяне месяц таму быў імпрэсарыё з Оперы Метрапалітэну, слухаў мяне, запісаў мой рэпэртуар. Казаў, што будзе для мяне шукаць працы ў Амэрыцы. Надта было-б добра, каб выехаць хоць на 6 месяцаў на канцэрты, бо тут можна навучыцца, але грошы зарабляць трэба ў Амэрыцы. […] Ня так даўно награў восем песень у Ватыканскім Радыё. Кс. Татарыновіч кожнае пятніцы a 18:30 пасьля свае мовы пушчае адну, а то і дзьве песьні” (15.1.1953 г.).
На той час рэпэртуар сьпевака складаўся як з опэрных, гэтак і народных песьняў у беларускай, італьянскай, польскай, францускай, ангельскай, нямецкай, расейскай і ўкраінскай мовах.
У 1958 г. Конюха запрасіў да сябе ў хор данскіх казакоў Сяргей Жараў. На працягу 27 гадоў працы ў гэтым калектыве сьпяваў і беларускія песьні, асобныя зь якіх былі запісаныя на кружэлкі, у тым ліку і “Магутны Божа”.
Памёр Пятро Конюх у Канадзе 14 ліпеня 1994 г.
З Баранавічамі зьвязаны лёс і іншага новага рымляніна, згаданага ў тым даўнім артыкуле газэты “Бацькаўшчына”, – мастака Мікалая Казака. Народжаны 4 верасьня 1917 г. у вёсцы Лушча Лунінецкага раёну, ён скончыў сярэднюю школу ў Варшаве ў 1930-х, прафэсійную адукацыю здабываў у Акадэміях Мастацтваў у Вене і Рыме. Але першыя выставы адбыліся менавіта ў Баранавічах у 1942-1943 гг.
Рым падзяліў Казакова жыцьцё на дзьве часткі. За плячыма засталося жаданьне сыйсьці ў манастыр, чаканьне з Сібіры бацькі, страта сям’і. У вечным горадзе малады мастак, ведамы сваймі працамі ў рэчышчы традыцыйнага рэалістычнага мастацтва XIX ст., упершыню сутыкнуўся з мастацтвам абстрактным. Яго прыкмеціў і заапекаваўся Энрыка Прампаліні – цэнтральная постаць Другога Італійскага Адраджэньня. Мастацтва Казака, аўтара напісанага ў Рыме маніфэсту “Physical Art – Action of Positive and Negative”, параўноўвалі з творамі расейскіх канструктывістаў і Казіміра Малевіча.
На пачатку 1950-х Казак пераехаў у Нью-Ёрк. Выставы ў Амэрыцы, Італіі, Францыі, Аргентыне і нават Савецкім Саюзе чаргаваліся з наведваньнямі Беларускай Хаткі ў Брукліне, лекцыямі па мастацтву, хоць у грамадзкім жыцьці быў ня надта актыўным.
Мікалай Казак памёр 30 верасьня 1994 году.
Ягоны архіў – біяграфічныя матэрыялы, ліставаньне, рукапісы, як выдрукаваныя, гэтак і ніколі не апублікаваныя, малюнкі, здымкі, што былі перададзеныя самім мастаком у 1977 і 1982 гг., усяго каля 350 адзінак, – захоўваецца ў славутым Smithsonian Archives of American Art. Каму-ж да архіву далёка – можа пагартаць кнігу From action to dynamic silence: the art of Nikolai Kasak / John E. Bowlt and Nikolai Kasak ; with contributions by Robert Kramer and Nicoletta Misler. Salt Lake City, Utah (P.O. Box 58365, Salt Lake City 84158-0365) : C. Schlacks, Jr., 1991.
Варта дадаць, што папулярная ў нашай грамадзе сям’я музыкаў – Валянціна Пархоменка, Алесь і Вольга Казакі – маюць да Мікалая Казака самае непасрэднае дачыненьне: Алесь – пляменьнік чалавека, якога сёньня лічаць клясыкам геамэтрычнага мастацтва.
Л. Ю., газета "Беларус" (№ 562, лістапад 2009)