Як іркуцкая моладзь змагалася з грознай бабуляй-вахцёркай, што такое Страхадзёр, і як яго адзначылі ў Іркуцку, піша старшыня Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Я. Чэрскага Алег Рудакоў.
Як іркуцкая моладзь змагалася з грознай бабуляй-вахцёркай, што такое Страхадзёр і як яго адзначылі ў Іркуцку піша старшыня Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Я. Чэрскага Алег Рудакоў.
Што такое Страхадзёр
Страхадзёр праводзіўся 21 лістапада і быў апошнім святам у земляробчым календары беларуса. Пасля яго нельга было нават вяселляў гуляць да самых Калядаў.
Менавіта ў гэты дзень у Беларусі пачыналіся моцныя восеньскія халодныя ветры, якія маглі папросту здуць саламяны дах беларускага селяніна. Таму, каб засцерагчы сябе, трэба правесці адпаведнае абрадавае свята.
Згодна з беларускай міфалогіяй за дзеянні ўсіх вятроў адказваў язычніцкі Стрыбог. Значыць трэба яго "уміласцівіць". На жаль, звестак аб старажытных абрадавых дзеяннях у гэты дзень захавалася мала. Але вось што ўдалося высветліць:
Каб задобрыць Стрыбога невялікія кавалачкі хлеба расціралі на крошкі і, выйшаўшы на двор, пасыпалі па ветру. Пры гэтым гаварылася рытуальныя словы:
“Стрыбожа, ахвяру прымі, вятры не гані”.
У некаторых раёнах Беларусі замест хлеба аддавалі перавагу кідаць зерне. Пры гэтым гаварылася некалькі іншыя словы: "Стрыбожа, прымі наша збожжа.
Мяцеліцу, вятры спыні. Стрэхі, дахі абарані ".
Лічылася добрым знакам, калі гэтыя крошкі хлеба або збожжа адразу падхоплівалі птушкі. Так як птушкі выступалі пасярэднікамі паміж людзьмі і Багамі.
На Вячорках у гэты дзень абавязкова танчылі народны старажытны танец “Мяцелiца”.
Акрамя гэтага, вядома, што на Страхадзёр строга забаранялася працаваць з вострымі прадметамі: нельга было секчы сякерай, рэзаць што-небудзь нажом і г.д. Таксама забаранялася сядаць за кросны. Лічылася, што хто гэта выконвае, той сябе засцерагаў ад грому. Таксама ў гэты дзень было прынята, каб унукі наведвалі сваіх бабуль і дзядуль.
Вось бадай і ўсё, што захавалася аб гэтым дні са старых часоў.
Ёсць яшчэ некалькі народных прыкмет, прымеркаваных да гэтага Дня:
"Калі на Міхайлаў дзень іней выпаў - зіма снежня будзе". "Калі на Страхадзёр туман - будзе адліга". "Калі Міхайла ў снезе, то і Вялікдзень у снезе будзе, а не, дык і не".
Як беларусы Іркуцка адзначылі Страхадзёр
21 лістапада мы як заўсёды прыйшлі на Горкага-31, у Міністэрства экалогіі Урада Іркуцкай вобласці, спадзеючыся, што нас па традыцыі пусцяць у прасторны кабінет. Бо лісты і спісы мы падалі як заўсёды загадзя. Адказныя чыноўнікі нас пераканалі, што ўсё добра: “Можаце праводзіць свае “Вячоркi”. Аднак нас чакала расчараванне. Грозная бабуля-вахцёрша, як волат Зямлі Рускай, цвёрда трымала абарону. Яна нават на парог нас не пусціла. Адгаворка была жалезная: “Дзе ліст? У мяне яго няма! Сёння субота. Выхадны. Няма чаго мне тут спакой парушаць! Не пушчу!!!” Паўгадзіны мы стараліся высветліць, у чым жа тут справа. Але камендант недаступны. А астатнія людзі, нават чыноўнікі для бабулі-вахцёркі не аўтарытэт. Дарэчы я заўважыў, што менавіта бабулі-вахцёркі з'яўляюцца самымі стойкімі і прынцыповымі ахоўнікамі. Іх нічым не возьмеш, нічым не падкупіць!
Адным словам за паўгадзіны некаторыя “нашы” расчараваліся і пайшлі па дамах. Самыя стойкія вырашылі, што МЫ ніколі не адступалі ад правядзення свята, тым больш абрадавага характару!!
Асноўная група пайшла пагрэцца ў наш Офіс. Добра, што ён знаходзіцца недалёка. А трое разведчыкаў (Лена і Воля Карпухіны і Алеся Чайчэнка) пайшлі ў выведку ў Дом афіцэраў. Раптам пусцяць. На гэты раз лёс да нас меў ласку. Вахцёр-мужчына (нездарма мы паслалі дзяўчат) дазволіў нам правесці “Вячоркi” ў вольным зальчыку. Па сігналу з Дома афіцэраў асноўная група (усяго 17 чалавек, астатнія, на жаль ужо разышліся) высунулася на займаемую пазіцыю.
У выніку мы правялі Страхадзёр як належыць і ў тэрмін.
А што ж мы рабілі.
Па-першае, па дарозе старшыня маладзёвага клуба “Крывічы” Воля Галанава пасыпала загадзя падрыхтаванае збожжа птушкам (наша моладзь гэтае збожжа старанна "выцярушвала" з каласкоў жыта, якое мы сабралі яшчэ ў мінулым годзе на свяце “Дажынкі”). Пры гэтым Воля сказала рытуальныя словы:
"Стрыбожа, прымі наша збожжа. Мяцеліцу, вятры спыні. Стрэхі, дахі абарані ".
Затым ужо ў памяшканні я трохі распавёў аб самой традыцыі Страхадзёра. І першым танцам мы вывучылі "Мяцеліцу". Гэта быў новы для нас танец. Апісанне яго мы знайшлі ў некаторых беларускіх энцыклапедыях па этнаграфіі. Музыку падабралі самі (з наяўнай фанатэкі). Атрымалася, між іншым, вельмі цікава. Пасля трэніроўкі, на залік ўсе кружыліся як прафесійныя танцоры. Адным словам “Мяцелiца”. Ну а затым мы танцавалі звычайныя нашы бытавыя танцы: Лявоніху, Ойру, Маразулю, Падэспань і г.д.
У канцы па традыцыі пасядзелі за кубкам гарбаты.
Ну, што ж, вячоркi прайшлі! Чакаем новых вячорак! А яны адбудуцца ў апошнюю суботу снежня і будуць прысвечаны “Калядкам”.
Алег Рудакоў