Святар і пісьменнік Ксёндз доктар Ільдэфонс Бобіч

Пра віленскага беларуса, чалавека, які стаяў ля вытокаў беларускай нацыі і беларускага каталіцкага касцёла,  ксяндза Ільдэфонса Бобіча піша Алесь Адамковіч.

Ільдэфонс БобічПра віленскага беларуса, чалавека, які стаяў ля вытокаў беларускай нацыі і беларускага каталіцкага касцёла,  ксяндза Ільдэфонса Бобіча піша Алесь Адамковіч.

Пра ксяндза доктара Ільдэфонса Бобіча ўпершыню пачуў як пра польскага пісьменніка. І зноў яшчэ адзін міф і чарговая спроба адабраць у нас яшчэ адно імя...

Ільдэфонс Бобіч. Магістар Святой Тэалогіі, доктар філасофіі, празаік, публіцыст, перакладчык... У літаратуры ён быў ведамы як пісьменнік Пётра Просты. Але найперш ён быў святаром, адданым беларускай справе, увядзенню роднага слова ў касцёле. На жаль, і сёння ў Беларусі бальшыні нічога не гаворыць ягонае імя, між тым ягоная асоба заслугоўвае ўвагі, яго бібліяграфія налічвае 214 твораў. Хаця ў афіцыйнай біяграфіі, уключанай у пацітомную энцыклапедыю „Беларускія пісьменнікі“ яна звужана і налічвае толькі 14 назваў (Беларускія пісьменнікі, 1995). Цікава, ці няведанне творчасці Пётры Простага, ці свядомае ўразанне?!

Будучы яшчэ клерыкам, належаў да беларускага гуртка ў Віленскай духоўнай семінарыі, цікавіўся беларускім адраджэннем і ўжо ў 1912 г. пачаў пісаць першыя артыкулы на рэлігійныя і грамадзкія тэмы. Літаратурны дэбют Пётры Простага адбыўся 25 студзеня 1907 г., калі ў газеце „Наша ніва“ было надрукавана яго першае апавяданне „Слёзы“.

Нарадзіўся Ілэдэфонс Бобіч 22 студзеня 1890 г. у небагатай сялянскай сям’і ў вёсцы Дзедзіна Дзісенскага павета Віленскай губерні. Цікава адзначыць той факт, што з гэтай вёскі Дзедзіна выйшаў і другі беларускі каталіцкі дзеяч – біскуп Чэслаў Сіповіч, апостальскі візітатар беларускіх грэка-католікаў за мяжой (Надсан, 2004, 7). Бобіч навучаўся ў Ковенскай гімназіі, якую скончыў у 1909 г. і ў гэтым жа годзе паступіў у Віленскую духоўную семінарыю, дзе адразу ж праявіў сябе здольным навучэнцам. Кіраўніцтва семінарыі накіроўвае яго на далейшае навучанне ў Рым, дзе ён прабывае з 1911 па 1913 г.г. Там Бобіч знаёміцца з рымскім Папам Піем Х, распавядае яму аб беларусах і іх праблемах і атрымоўвае блаславенне на выданне першай беларускай каталіцкай газеты „Беларус“, якая выдавалася ў Вільні ў 1913-15 г.г. (Найдзёнак, 1944, 2). Рэдактарам-выдаўцом газеты, якяа друкавалася лацінкай, быў А. Бычкоўскі, а з №5 за 1914 г. – Б. Пачопка. Эпіграфам да ўсіх нумароў былі словы з Евангелля: „Шкада мне гэтага народу ... бо не мае што есці“. Тады ў Вільні пад рэдактарствам Б. Пачопкі выйшаў у свет беларускі каталіцкі малітоўнік „Бог з намі“. У газеце „Беларус“ надзвычай часта змяшчаліся артыкулы Бобіча, пераважна на рэлігійныя тэмы.

25 ліпеня 1915 г. Ільдэфонс Бобіч у Мінску атрымаў святарскае пасвячэнне (ЛДГА ф. 604, воп. 1, сп. 7700, стар. 5). Гэта быў якраз той час, калі беларуская мова пачынала займаць належанае ёй месца ў храме і малады святар не быў у баку. Першым ягоным месцам працы будзе родная парафія Ідолта. Ксёндз Адам Станкевіч у сваёй кнізе „Родная мова ў святыні“ узгадвае, што працуючы ў Ідолце ксёндз Бобіч паслугоўваўся беларускай мовай (Станкевіч, 1929, 124). Аб гэтым факце таксама ўзгадвае і біскуп Матулевіч у сваім дзённіку, калі да яго прыйшлі вернікі з Ідолцкай парафіі: Прыйшло да мяне тры пасланнікі з Ідолты. (...) Адзін з трох так сяк гаварыў на ламанай польскай мове, але вельмі цяжка яму ішло, як мне па-беларуску. Астатнія два маўчалі. Бачачы, што яны сапраўдныя беларусы, папрасіў, каб размаўлялі „па просту“ – па-беларуску. Людзі зрабіліся як не свае, твары іх засвяціліся. Aказаліся разгаворлівымі, смелымі, вясёлымі. Выслухаў іх беды і праблемы. Даведаўся, што ксёндз Бобіч навучае іх катэхізму па-беларуску, а казанне кажа адно польскае, а другое беларускае. Запытаўся, як ім лепей, як яны лепш разумеюць. „Зразумела, што па просту“. Сказаў ім, каб не саромеліся сваёй мовы, бо яна таксама Богам дадзеная, як і руская, польская, літоўская. (...) Кожнаму свая мова наймілейшая і канец (Matulaitis, 1991, 223-224).

З 1920 г. Бобіч служыць вікарыем архікатэдральнага касцёла ў Вільні. У гэты час беларускім каталіцкім духавенствам праводзяцца шматлікія спробы па ўвядзеццю беларускай мовы ў касцёлах на этнічных беларускіх землях. У той час польскі шавінізм яшчэ не меў той сілы і нахабнасці, як гэта будзе пазней. А таму роднае слова ў святыні ўсё шырэй і шэрай пачынала гучаць. Да таго ж беларускія католікі мелі і свайго абаронцу, віленскага біскупа Юрыя Матулевіча, які не толькі не супраціўляўся ўвядзенню беларускай мовы, але ўсяляк гэтаму садзейнічаў (аб чым адзін з прыкладаў прыведзены вышэй), што, канешне, выклікалі моцны пратэст у польскага духавенства. У 1921 г. у Вільні адбыўся з’езд беларускага каталіцкага духавенства. Сярод яго арганізатараў і актыўных удзельнікаў быў і кс. Бобіч, які выступіў з рэфератам аб беларускім рэлігійным выдавецтве. З’езд прыняў цэлы шэраг пастаноў, у якіх планавалася пашэрэнне беларускага слова ў касцёле, да прыкладу, увесці беларускую мову як прадмет выкладання ў Віленскай духоўнай семінарыі, на пасаду біскупа-суфрагана прызначыць кагосці з беларускіх святароў... (Станкевіч, 1929, 130-131).

Неўзабаве пасля з’езду паўстала арганізацыя ксяндзоў-беларусаў „Светач“, якая тут жа была забаронена камісарам урада ў Вільні (Станкевіч, 1929, 131).

Працаваць вікарыем катэдры было надзвычай складана, трэба было увесь час знаходзіцца між молатам і накавальнай. Шавіністычна настроенае польскае духавенства, а яно ў той час тут складала большасць, не магло цярпець беларускага святара. І вось таму падцвярджэнне. Аднойчы пралат Байка звярнуўся да біскупа Матулевіча са словамі: Калі Яго Экселенцыя не вышле ксяндза Бобіча з катэдры, то я сам выганю яго адтуль палкай. Матулевіч на гэта, ведама, нічога не адказаў, што яшчэ больш разлавала Байку. Але пэўную перамогу ён атрымаў: Пасля гэтага Бобіч усё ж такі перастаў у катэдры прамаўляць беларускія казанні (Bukowicz, Gуrski, 277). Але гэты факт ілюструе тое, што ў той час беларускія казанні ў Вільні былі гавораны не толькі ў касцёле Святога Мікалая, але і ў катэдры. Адначасова са службай у катэдральным касцёле кс. І. Бобіч выкладаў у Віленскай духоўнай семінарыі і ў Віленскай беларускай гімназіі. Аб ім, як выкладчыку, цёпла ўспамінаў выпускнік гімназіі, вядомы беларускі дзеяч Мар’ян Пецюкевіч у сваёй кнізе „У пошуках зачараваных скарбаў“.

Але доўга знаходзіцца ў Вільні Бобіч не мог. І ў 1923 годзе яго пераводзяць у мястэчка Германавічы Дзісенскага павета (намінацыйны дыкрэт на пробашча за № 1444 ад 26 сакавіка 1923 г.) (ЛДГА ф. 604, воп. 1, сп. 7700, стар. 5), дзе ён будзе адначасна віцэ-дэканам, а пазней дэканам Мёрскага дэканата. Відаць, яго адмыслова накіравалі ў Богам забытую вясковаю парафію, львіную частку якой складалі неадукаваныя сяляне і якая знаходзілася на ўскрайках Польшчы і ў далечыні ад гарадоў і дарог. Хутчэй за ўсё, каб яго, доктара філасофіі, прынізіць і каб ён не перашкаджаў паланізацыі Віленскага краю.

Але і там Бобіч працягвае займаца беларусізацыяй, гуртуе вакол сябе мясцовую моладзь. Прамаўляе казанні не толькі на беларускай, але і на літоўскай мовах, бо там яшчэ пражывала значная частка літоўцаў. Важна адзначыць той факт, што ў часе яго службы ў Германавіцкім касцёле частка парафіянаў яшчэ памятала аб сваіх каранях. У 1930 г. каля 15 % лічыла сябе беларусамі, а каля 10 % літоўцамі (ЛДГА ф. 604, воп. 1, сп. 7700, стар. 31). Пасля ж яго пераводу ў 1930 г. у іншую парафію ўсе гэтыя людзі запішуцца палякамі. Пры ім на тэрыторыі яго прыхода ў вялікай колькасці і бясплатна распаўсюджвалася беларуская каталіцкая газета „Беларуская крыніца“, супраць чаго адзін раз узбунтавалася прапольская частка парафіянаў, напісаўшая скаргу Віленскаму архіепіскапу Ялбжыкоўскаму, каб той спыніў гэте „безабраззе“.

Станоўча Бобіч ставіўся і да адраджэння беларускай грэка-каталіцкай царквы. 6 жніўня 1926 г. у Германавіцкім касцёле ў яго прысутнасці ўніяцкім святаром Галомыльскай царквы Тэдорам Чыстоўскім было адпраўлена набажэнства ва ўсходнім стылі, што адразу выклікала рэзкі пратэст мясцовага праваслаўнага духавенства (ЛДЦА ф. 51, воп. 4, сп. 52, стар. 45).

На жаль, у гэты час Бобіч перастаў пісаць свае літаратурныя творы. Цяжка адназначна сказаць, што паўплывала на тое, каб са старонак друку знік цікавы аўтар Пётра Просты.

Нягледзячы на тое, што Ільдэфонс Бобіч знаходзіўся ў правінцыі, польскае духавенства працягвае яго праследаваць. І для падцвярджэння прывяду цытату ксяндза каноніка Бародзіча з ягонай кнігі, напісанай ў 1930 г.: Калі ўваскросла Польшча, немцы ламалі галаву, каб убіць ёй такі клін, які змог бы яе рашчапіць. Змаглі паўплываць на Рым, а таксама на Літву, каб на польскіх крэсах завесці рускую ўнію. Апекуном такой уніі стаў біскуп Матулевіч, які з гэтай мэтай перацягнуў пад Друю вядомых русскіх агітатараў і шавіністаў, якія хочуць выгнаць польскасць з нашых крэсаў. Асабліва ў гэтым плане актыўна працуюць кс. Бобіч – Мёрскі дэкан, А. Зянкевіч – Глыбоцкі дэкан, А. Станкевіч – пасол у сойм у Вільні, В. Гадлеўскі з Жодзішак, Шутовіч з Барадзеніч і інш. Яны стварылі рэдакцыю „Беларускай крыніцы“ і інш., перавялі і выдалі для народа шмат кніг, асабліва Бобіч, Станкевіч і Зянкевіч, заклалі пры кляштары ў Друі гімназію Сцяпана Баторыя. І ўся гэтая „суполка“ пачала пераварочваць палякаў на беларусаў і ўніяцкі абрад... (Надсан, 2006, 34-35).

У 1930 г. ксяндза Бобіча перавялі ў Іўе, дзе ён адначасна служыў дэканам Вішнеўскага дэканата. З пачаткам Другой сусветнай вайны актыўна ўлучаецца ў беларускі рух. У гэты час ён напісаў два тамы казанняў на беларускай мове: „Родная мова ў касцёле“ і „Навучайце ўсе народы“. Планаваў напісаць яшчэ чатыры тамы, але нечаканы арышт гестапа перарваў усе яго планы (Маракоў, 2009, 59).

28 красавіка 1944 г. памёр, па іншых звестках быў растраляны гітлераўцамі, пахаваны на мясцовым могільніку. Балюча, што імя гэтага таленавітага, аддадзенага Беларусі чалавека, так і няведама сучаснікам. І больш – яго некаторыя абвінавачваюць у тым, што ён нібыта адыйшоў ад беларускасці і перайшоў на бок палякаў. Як гэта зрабіў у адной са сваіх кніг айцец Аляксандр Надсан. Але гэта не падцвярджаецца яго жыццём, якое сведчыць аб адваротным. У 1923 г. ксёндз доктар Ільдэфонс Бобіч выдаў працу ў трох тамах „Нядзельныя навукі і Евангелле“. Цэнзар кс. прафесар Крайяліс даў сваю згоду на друк кнігі, але сакратар біскупскай курыі кс. Халецкі яе забараніў. Толькі дзякуючы намаганням уплывовых людзей, а перадусім езуіта з Варшавы айца Шчапанскага, гэта кніга пабачыла свет (Станкевіч, 1929, 140). Ненадрукаванай засталася праца „Ойча наш“. Мало хто ведае і пісьменніка Пётру Простага. Між тым яго творы (апавяданні „Слёзы“, „У калядны ціхі вечар“, „Воля“, „Скарб“, „Абразкі“ і інш.) атрымалі высокую ацэнку сучаснікаў. Да прыкладу, класік беларускай літаратуры Максім Баглановіч пісаў: „У аднаго толькі Пётры Простага ёсць праўдзівая здольнасць. Галоўная яго вартасць – у стройным развіцці дзеяння ды ў сціснутасці і гучнасці мовы, надзвычайна пекнай па свайму складу“ (Найдзёнак, 1944, 2).

Пётра Просты быў аўтарам п’есы „Свякроўка“, якая так і засталася ненадрукаванай, кнігі „Навошта беларусам газеты“, пабачаўшай свет у 1913 г. Некаторыя яго празаічныя творы перакладзены на ўкраінскую мову. Сам жа ён перакладаў з расейскай, польскай, лацінскай.

Асобнымі выданнямі на польскай мове выйшлі кнігі І. Бобіча: W ślady Maryi. Nauki majowe o obowiązkach chrześcijańskich, Krakуw 1927, ss.208; W szkole biedaczyny z Asyżu. Nauki dla tercjarzy franciszkańskich, Poznań1929, ss. 364; Pod znakiem Rożanca św.: 15 nauk dla kуł żywego Rуżańca, Kielce 1930, ss. 63; Na głębiach duszy. Nauki rekolekcyjne dla nauczycielstwa szkуł powszechnych, Poznań 1931, ss. 61; Na niedziele. Rozważania niedzielne na tle perykop ewangelicznych, Kielce1931, ss. 120; Wykład codziennego pacierza i katechizmu (w trzech tomach), Lwуw 1937; Służba Boża. 15 kazań liturgicznych o nabożeństwach parafialnych ze szczegуlniejszym uwzględnieniem obrzędуw Mszy św., Kielce 1935, ss. 180; Jezus Chrystus syn Boży: wykład Ewangelii św. Marka w 65 homiliach, Lwуw 1938, ss. 312 і іншыя.

Хочацца спадзявацца, што знойдуцца людзі, што пажадаюць выдаць поўны збор твораў Ільдэфонса Бобіча. А можа беларускім святарам прыдаліся б і ягоныя казанні?

Алесь Адамковіч, www.westki.info

І ў заключэнне некалькі твораў Пётры Простага:

Пётра Просты Слёзы Ясна гараць агні ў палацы вяльможнага пана: гаспадар спраўляе баль. Гнуцца дубовыя сталы ад дарагіх бутэлек ды страваў, грыміць музыка ў панскіх салонах, чуваць вясёлыя песні... Госці танцуюць, весяляцца і нікому няма дзела да таго беднага мужыка, што стаіць цяпер каля варотаў панскага палаца і дрыжыць ад холаду і голаду, і плача ад несправядлівасці і крыўды людской... Хлеб выйшаў ужо даўно, дровы таксама. І ніхто не памог яму дагэтуль — мусіць, ніхто аб ім і не ведаў. І, дачуўшыся, што ў панскім палацы грыміць вяселле, пайшоў ён, няшчасны мужык, да шчаслівага пана, нібы той Лазар да багацея — папрасіць ратунку... Спадзяваўся ён, што пан у гэты радасны вечар не захоча, каб бедны брат яго стагнаў, скрыўджаны, ды плакаў. Ён спадзяваўся, што пан злітуецца над яго нядоляй — прыйшоў і ціха, пакорна выцягнуў сваю руку.

Але вяльможны пан не даў яму ратунку, не пацешыў беднага; вяльможны пан выштурхнуў яго за вароты — на мароз, на голад, на смерць... І стаіць ён тут, гэты бедны мужык, каля палацу панскага, і дрыжыць, скасцянелы ў марозным снезе, а з вачэй яго старыкоўскіх па маршчыністым твары цякуць горкія слёзы, слёзы вялікай крыўды, слёзы страшнай скаргі-пракляцця...

А мароз усё крапчэе — холад пякельны сціскае беднага прамёрзшага Лазара, люты сівер ледзяністымі нажамі рэжа яго хворае цела... А слёзы цякуць з бліскаючых апошнім светам вачэй...

Яшчэ хвіліна, другая, яшчэ адзін пацалунак марозу, адзін подмух сіверу — і, упаўшы на калені пад панскім палацам, бядак забудзецца пра свае мукі ў вялікім, непрабудным сне, яшчэ хвіліна — і канец, усяму канец: і беднаце, горкай, цяжкай долі, і тым пякучым слязам...

Апускаецца ён усё ніжэй... ціха... Ужо не варушыцца... І толькі музыка ў панскім палацы грыміць яшчэ мацней у начной цішыні...

Што гэта?! Дзе ён? Так цёпла, так добра. Мо гэта ён у раі? Разглядваецца навокал і бачыць, што сядзіць ён на лаве ў простай мужыцкай хаце; на стале перад ім стаіць вада, хлеб ды страва... Нейкі бедны вясковы чалавек, знайшоўшы яго, нежывога, пад варотамі панскага палацу, падняў ды прынёс да сваёй курнай хаты... Адагрэў ды накарміў брата свайго чым меў, адымаючы нават ад сябе...

І той бедны, аджыўшы чалавек павёў другі раз радасным вокам па хаце свайго збавіцеля. Глянуў на яго беднасць і на яго сэрца, успомніў палац пана і сэрца яго і ўвесь здрыгануўся. Зноў глянуў на шчыры твар свайго брата-мужыка і заплакаў ціхімі, цёплымі слязамі... Але гэта не былі ўжо тыя страшныя слёзы — слёзы гора, пракляцця... Гэта былі добрыя слёзы, слёзы радасці, шчасця, ясныя слёзы...

Воля

– Воля, свабода! – сорак пяць гадоў таму крычаў мужык. – Свабода! Волю нам цар даў!..

І, зняўшы шапку, горача маліўся мужык за добрага цара, што даў волю, што вызваліў ад панскіх батагоў, што звольніў ад прыгону... Маліўся шчыра, горача за гэтага цара, і слёзы цяклі з вачэй, слёзы радасці і падзякі... – Воля! Свабода!..

Няма болей панскага прыгону, не скачуць болей панскія бізуны па мужыцкай сярэдзіне... Але ёсць прыгон правіцельства, і гэтаму правіцельству з усяе сілы памагаюць яго чыноўнікі. Ёсць нагайкі стражнікаў і казакоў, ёсць салдацкія кулі... Прыгон цяжэйшы, як быў першы!.. – Воля! Свабода! Дзе ты, гэтая воля? Дзе ты, свабодная мужыцкая праца? Дзе не льецца мужыцкая кроў, мужыцкі пот, мужыцкія слёзы?.. Турмы і астрогі стогнуць ад мужыцкіх енкаў, вароны і груганы дзяўбуць мужыцкае цела ў далёкай Манджурыі, рэкамі цячэ мужыцкая кроў і ручаямі ліюцца мужыцкія слёзы!.. – Воля! Свабода!.. Гнецца мужык на ніве ад цяжкай непамернай работы, курчыцца ў хаце ад голаду і холаду, стогне ад «начальства» і гіне ў турмах ды ў ссылцы... І гэта – воля? Цяжкая твая доля, бедны мужык! Доўгія вякі нясеш ты свой нялёгкі крыж!.. Але прыдзе гадзіна – і ты парвеш кайданы, у каторыя закавалі цябе твае мучыцелі, і высока-высока падымеш свой штандар за свабодную працу, за лепшую долю, за новае свабоднае жыццё!..

А таксама яго твор „Малюнкі“ перакладзены на ўкраінскую мову.

Пьотра Прости

Малюнки

Переклад: Микита Шаповал Крыніца: Українська хата, 1909, № 7/8, с. 374–375.

Я чув, як мій брат-білорус співав свої пісні. Боже! Скільки муки і стогону в його голосі, скільки скарги страшної в цій пісні, що виходила з його грудей і сумно та нудно лилася по-над полем, гучно озивалась луною і підносилась вище та вище, аж до блакитного спокійного неба! За серце схоплювала ця пісня — пісня мужика-невольника. Задзвеніли в душі всі струни, з грудей вихопився зойк, а в очах затремтіли сльози… Бідний, бездольний народ; слізьми і потом скроплена земелька! * * * Ось хутір, де живуть мої брати. Благенькі хатки притулилися одна до одної; поруч стоять хлівці та повітки; де-не-де вглядиш садок. Тільки рябина, що плаче червоними слізьми, та кучерява березка, та сосонка споконвіку дивляться на твою, білорусе, недолю… Яка сумна!.. А навколо розгорнулось широке поле. Мов комашня, висипались туди мужички і, зігнувшися над тяжкими ралами, оруть суху земельку. Тут вся їх надія, все багацтво, все щастя… * * * В убогій, курній хатині, наприкінці хутору, горить лучина, заткнута в стіні. На рипучій жердці висить колиска, а в ній лежить голодне дитинча. Над ним, зігнувшися, стоїть мати і співає пісню — нудну, смутну пісню; а в тій пісні стільки жалю та муки, стільки невиплаканих сліз, що самому заноситься плакати разом з нею і гукать на увесь світ: «Ратуйте! Підмоги!»… А там, в кутку, на лаві щось ворушиться під кожухом. Це хворий мужик — хазяїн, хоче підвестись, щоб напитись води — і не може. Сили покинули його: тяжка, надсильна праця підточила його здоров’я, і ось він лежить, бідолаха, звісивши мозолясту руку, і засмаглими губами шепоче: «Пити!», а потім довго-довго кашляє… Видно, що вже останні дні свої доживає мужик. Це — кінець бідолашного життя… * * * Ось кладовище, де лежать кістки дідів та батьків наших. Де кілька сосон, лип та березок, з півсотні трухлих хрестів — і все. Як тихо, як сумно. Ніщо не порушає вічного сну небіжчиків, їхнього одпочинку після тяжкого, бездольного життя. Тільки часом закричить сова, що звила собі тут гніздо в дуплі старої липи, закаркає ворона, закує-заголосе зозуленька над мужицькою долею… Озвуться до їх своїм шумом сосонка та берези — і знов усе стихне, засне. * * * От який ти, мій рідний краю! Смутком віє од твоїх хуторів, од лісів твоїх і нив, од річок та озер і од тих хрестів, що стоять при шляхах. Смуток чути з твоїх пісень-скарг, білоруський мужик; смуток та надія у твоїх молитвах, що до Бога посилаєш. Смуток і скарга… Люблю тебе, моя рідна країно, моя матінко-Білорусь! Ти вигодувала мене, ти мені показала недолю і сльози моїх братів… . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . Бачу — сходять над тобою ясні зорі. Все світлішає в тебе. Вірю — встане сонце, пошле воно нам своє світло, розжене туман, що оповив тебе, Білорусь! Прийдуть для тебе кращі часи. Для синів твоїх нове життя — вільне, світле! Стануть вони в ряд зі старшими своїми братами і дружно візьмуться до спільної праці, а ти, Мати, піднесеш споневірену до цього голову і сміло дивитимешся в ясну будучину, що несе твоїм дітям ліпшу долю, кращу славу!

Ліст са справаздачы ў Віленскую арцыбіскупскую курыю аб Германавіцкай парафіі за 1929 г., запоўнены кс. І. Бобічам
Спіс выкладчыкаў Віленскай беларускай гімназіі ў 1921 г. Сярод іх бачым і прозвішча кс. І. Бобіча
Касцёл у Германавічах, дзе кс. І. Бобіч быў пробашчам з 1923 па 1930 г.г. Адначасова быў Мёрскім дэканам

Некралог аб смерці кс. др. І. Бобіча надрукаваны 21 траўня 1944 г. у "Беларускай газеце"

www.westki.info