Беларускі балет адкрые ў сакавіку 2010 Год культуры Беларусі ў Расіі. Пра гэта паведаміў журналістам начальнік упраўлення мастацтваў Міністэрства культуры Беларусі Міхаіл Казловіч.
У Маскве культурную праграму адкрые выступленне Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі. Плануецца, што балет будзе з класічнага рэпертуару тэатра, так званая візітная картка Беларусі. Сярод мерапрыемстваў, якія пройдуць у расійскай сталіцы, - выстава сучасных беларускіх мастакоў, выступленні беларускіх калектываў, дэманстрацыя беларускіх фільмаў. У Маскве пройдзе і сумесны гала-канцэрт вядучых майстроў мастацтваў Беларусі і Расіі, прысвечаны 65-й гадавіне Вялікай Перамогі. Дні беларускай культуры таксама пройдуць у Санкт-Пецярбургу. Там запланаваны гала-канцэрт майстроў беларускай эстрады і адкрыццё мемарыяльнай дошкі Яну Баршчэўскаму. У канцэртнай залі Эрмітажа выступіць Дзяржаўны камерны аркестр Беларусі і пройдзе круглы стол "Тэма патрыятызму ў творчасці сучасных пісьменнікаў". Па словах Міхаіла Казловіча, "у падарожжа па Расіі адправяцца два самых знакамітых беларускіх калектывау" Песняры" і "Сябры". У верасні ў Яраслаўлі будзе экспанавацца тэматычная выстава Літаратурнага музея Максіма Багдановіча. На працягу года пройдуць Дні беларускага кіно ў некалькіх расійскіх гарадах. Закрыццё Года культуры Беларусі адбудзецца ў сталіцы Расіі.