Дырэктар Тэатра юнага гледача ў Екацярынбургу Яніна Кадачнікава лічыць Расію сваёй другой радзімай. Першай — Беларусь. Яніна Кадачнікава гаворыць, што екацерынбургскі тэатр падтрымлівае цесныя творчыя сувязі з беларускімі тэатрамі. Артысты з Екацерынбурга часты выступаюць з гастролямі ў Беларусі, а беларусы ў сваю чару – у Екацерынбургу.
Дырэктар Тэатра юнага гледача ў Екацярынбургу Яніна Кадачнікава лічыць Расію сваёй другой радзімай. Першай — Беларусь. Яніна Кадачнікава гаворыць, што екацерынбургскі тэатр падтрымлівае цесныя творчыя сувязі з беларускімі тэатрамі. Артысты з Екацерынбурга часты выступаюць з гастролямі ў Беларусі, а беларусы ў сваю чару – у Екацерынбургу.
Яніна Іванаўна не толькі сама карэнная беларуска, але і з’яўляецца намеснікам кіраўніка нацыянальнай культурнай аўтаноміі “Беларусы Урала”. Яна ўкладвае ва ўмацаванне сяброўскіх адносін Свярдлоўскай вобласці і сваёй радзімы шмат душы, энергіі, прафесійных навыкаў. За гэта яе часам жартуючы называюць галоўнай беларускай Урала. Тэатр жа дзякуючы ёй стаў своеасаблівым цэнтрам, дзе выхадцы з Беларусі і расіяне адзначаюць і нацыянальныя святы, проста расказваюць адзін аднаму пра сваё жыццё. Вось і перад канцэртам тут прайшло цікавае мерапрыемства — жыхарам вобласці, што ўдзельнічалі ў Вялікай Айчыннай вайне, былі ўручаны юбілейныя медалі да 65-годдзя вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў.
Сёння ў Свярдлоўскай вобласці пражывае некалькі дзесяткаў тысяч перасяленцаў з Беларусі. Першыя пасяленні беларусаў з’явіліся на Сярэднім Урале яшчэ на мяжы ХІХ–ХХ стагоддзяў, у час Сталыпінскай рэформы. Маламаёмасныя жыхары Віцебскай, Магілёўскай, Віленскай губерній тагачаснай Расійскай імперыі адпраўляліся сюды ў пошуках зямлі, іншы раз пешшу. Тады дарога займала некалькі год. Так за беларусамі захавалася назва “самаходы”. Сяліліся яны кампактна, не губляючы свае звычаі і мову. Можа, таму і шлюбы па першым часе ўтвараліся між землякамі. Чарговая хваля перасяленцаў прыйшлася на гады Другой сусветнай вайны, калі на Урал былі эвакуяваны многія беларускія прамысловыя прадпрыемствы і навучальныя ўстановы. Потым беларускія хлопцы і дзяўчаты ехалі на Урал працаваць на буйныя будоўлі, вучыцца ў інстытуты, а многіх далёка ад дома паклікала… каханне!
— Вось як я з’явілася на Урале? — успамінае Яніна Кадачнікава. — Нарадзілася ў Мастах, што на Гродзеншчыне, заканчвала Мінскі педагагічны інстытут. І аднойчы сустрэла маладога афіцэра. Ён узяў мяне за руку, прывёў да бацькі і кажа: аддайце мне дачку. Так у 1965 годзе я і пераехала сюды.
Цяжка назваць такую сферу дзейнасці, у якой бы ў Свярдлоўскай вобласці выхадцы з Беларусі не зарэкамендавалі сябе. Кіраўнік нацыянальнай культурнай аўтаноміі “Беларусы Урала” Васілій Азаронак узначальвае Уральскі дзяржаўны лесатэхнічны універсітэт. Генерал-лейтэнант Іван Падабед быў намеснікам камандуючага Уральскай ваеннай акругі. Юрый Левін стаў вядомым пісьменнікам. Многія працуюць у тэатральнай галіне, а Яніна Кадачнікава да таго ж мае званне заслужанага работніка культуры Расіі…
— Тут, на Сівым Урале, мы сустрэлі сваю другую радзіму, — гаворыць яна. — Аднак і родны дом, родную мову не забываем. Гэта тычыцца не толькі людзей сталага ўзросту, але і моладзі. Распад СССР выклікаў у маладых моцнае жаданне вызначыць, дзе іх нацыянальныя вытокі. Я кожны год наведваю Беларусь, дзе пахаваны родныя, дзе шмат сяброў. Там мае карані. Але я люблю абедзве свае радзімы, і гэта робіць мяне духоўна яшчэ больш багатай.