Год культуры Беларусі ў Расіі адкрыецца ў сакавіку 2010 года

Афіцыйнае адкрыццё Года культуры Беларусі ў Расіі адбудзецца ў сакавіку 2010 года. Такая дата вызначана праграмай арганізацыі і правядзення Года культуры Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі, якую падпісалі ў Маскве міністр культуры Беларусі Павел Латушка і міністр культуры Расіі Аляксандр Аўдзееў.

Праграма мерапрыемстваў шырокая і ўключае выступленні беларускіх калектываў, арганізацыю выставаў, дэманстрацыю беларускіх фільмаў у розных расійскіх гарадах. Беларускую культурную праграму адкрые ў расійскай сталіцы выступленне Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі. Мерапрыемствам адкрыцця таксама стане і выстаўка сучасных беларускіх мастакоў. Асаблівым пунктам праграмы будуць Дні беларускай культуры ў Санкт-Пецярбургу ў красавіку. Там запланаваны гала-канцэрт майстроў беларускай эстрады і адкрыццё мемарыяльнай дошкі Яну Баршчэўскаму. У канцэртнай зале Эрмітажа пройдзе канцэрт Дзяржаўнага камернага аркестра Рэспублікі Беларусь і круглы стол "Тэма патрыятызму ў творчасці сучасных пісьменнікаў". З гастрольнымі турамі па гарадах Расіі плануюць адправіцца два знакамітыя калектывы "Песняры" і "Сябры". А ў траўні 2010 года ў Маскве пройдзе сумесны гала-канцэрт майстроў мастацтваў Беларусі і Расіі, прысвечаны 65-й гадавіне Вялікай Перамогі. У верасні ў Яраслаўлі будзе экспанавацца тэматычная выстаўка Літаратурнага музея Максіма Багдановіча, а на працягу года пройдуць Дні беларускага кіно ў некалькіх расійскіх гарадах. Закрыццё Года культуры Беларусі адбудзецца ў сталіцы Расіі ў лістападзе. Плануецца, што на маскоўскіх падмостках выступіць Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы.

БЕЛТА