Набліжаючыся да 85-гадовай мяжы ў сваім жыцці, спакваля пачынаю падсумоўваць напісанае. Аказваецца, што зроблена не так ужо і мала. Толькі што выйшла, дзякуючы фінансавай падтрымцы Культурнага цэнтра Беларусі пры пасольстве Беларусі ў Польшчы, кніга “Смяшынкі”.
Набліжаючыся да 85-гадовай мяжы ў сваім жыцці, спакваля пачынаю падсумоўваць напісанае. Аказваецца, што зроблена не так ужо і мала. Толькі што выйшла, дзякуючы фінансавай падтрымцы Культурнага цэнтра Беларусі пры пасольстве Беларусі ў Польшчы, кніга “Смяшынкі”.
Рыхтую да друку ўжо пятнаццаты свой паэтычны зборнік пад загалоўкам “Вяртанні”. Гэта ўспаміны з часоў Другой сусветнай вайны і пасляваеннага перыяду — да 1957 года. Маю яшчэ надзею дацягнуць іх да сённяшніх дзён. Добра, што як журналіст пісаў у наш штотыднёвік “Ніва”. Дзякуючы гэтаму можна ўзнавіць многія падзеі, сустрэчы з людзьмі.Пішуцца яшчэ і вершы. Сабралася іх даволі многа. Паводле складзенай мной бібліяграфіі, толькі ў “Ніве” апублікаваў іх нешта звыш 2500. У беларускім і польскім асяродках правёў каля тысячы аўтарскіх сустрэч.Мы тут, у Польшчы, трымаемся сваёй беларускасці згуртавана. Дружна адсвяткавалі пяцідзесяцігоддзе нашай арганізацыі — Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа”. Выдаём па меры магчымасці зборнікі паэзіі і прозы. Выйшаў з друку ўжо трынаццаты том штогоднага альманаха “Тэрмапілы”, які рэдагуе прафесар Ян Чыквін.Ваяводская бібліятэка ў Беластоку нядаўна выдала ў маім перакладзе дзве польска-беларускія анталогіі для дарослых і дзяцей: “Гнёзды слоў — словы гнёздаў” і “Вершы з-над Нарава і Нёмана”. Вершы гродзенскіх паэтаў перакладаў на польскую мову, а польскамоўных паэтаў Падляшша — на беларускую. У суме атрымалася нешта каля 190 твораў.У канцы хачу выказаць адно пажаданне: было б добра, каб Саюз пісьменнікаў Беларусі прысылаў з Мінска і Гродна нам, на Беласточчыну, больш літаратурных матэрыялаў, новых выданняў.Віктар Швед, г. Беласток, Польшча