Пасяджэнне Рады Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы адбылося ў парафіяльнай залі царквы св. Жыровіцкай Божай Маці ў Гайленд-Парку (Нью-Джэрсі) 17 кастрычніка.
Рада БАПЦ, якая складаецца з дзеючага святарства і вернікаў – прадстаўнікоў парафіяў, вядзе нагляд за царкоўнай адміністрацыяй і маёмасцю паміж Саборамі БАПЦ. Збіраецца Рада прыкладна двойчы на год для вырашэння агульнацаркоўных пытанняў.
На пасяджэнні былі абмеркаваны пытанні цяперашняга стану жыцця Беларускай Царквы, сярод якіх – заснаванне новых рэлігійных грамадаў, высвячэнне ў святары а. Леаніда Акаловіча для рэлігійнай грамады ў Беларусі, прыняцце ў БАПЦ новых беларускіх святароў, падзеі ў Катэдральным саборы БАПЦ у Нью-Ёрку.
Рада БАПЦ падтрымала наступныя рашэнні парафіяльнае рады катэдральнага сабору:
1) пра суадносіны паміж парафіяй і карыстальнікамі парафіяльнай заляй (і інш. памешканнямі царкоўнага будынку), а менавіта
- прадастаўляць арганізацыям і прыватным асобам, якія робяць унесак у БАПЦ і беларускую нацыянальную справу, у карыстанне парафіяльную залю бясплатна прыкладна раз на месяц, на 1-2 дні (у тым ліку – “Беларускаму Музею”, які ладзіць мастацкія выставы);
- дазволіць сталую прысутнасць у царкоўным будынку толькі структурным арганізацыям БАПЦ;
2) пра пераабранне скарбніка парафіі.
У той жа час Рада не падтрымала пастанову пра перанос да парафіяльнага сходу разгляду заяваў вернікаў пра прыняцце іх у паўнапраўныя парафіяне катэдральнага сабору.
Рада БАПЦ пастанавіла заснаваць архіў-музей БАПЦ з экспазіцыяй у памешканнях катэдральнага сабору. У музеі будуць захоўвацца і экспанавацца дакументы царквы, царкоўныя рэліквіі – рэчы святарства і вернікаў беларускай эміграцыі, якія яны змогуць перадаць на захаванне і якія будуць належаць царкве.
Паводле газеты “Беларус” (№562, лістапад 2009)