Кастрычнік у Таварыстве беларускай культуры ў Літве

Традыцыйнай імпрэза, прысвечаная знакамітым асобам, якія нарадзіліся ці памерлі ў кастрычніку, адбылася ў апошні дзень месяца ў Таварыстве беларускай культуры ў Вільні.

На пачатку імпрэзы старшыня ТБК Хведар Нюнька паведаміў сумную вестку аб тым, што 24 кастрычніка ў Вільні памёр старшыня Таварыства беларускай мовы Віленскага краю Юры Гіль, які апошнім часам вельмі шчыльна супрацоўнічаў з Таварыствам. Яго памяць адзначылі хвілінай маўчання. Хведар Нюнька падрабязна распавёў пра дзейнасць Ю. Гіля па папулярызацыі беларускай культуры ў Літве.

Журналіст, кіраўнік беларускай перадачы на літоўскім радыё Ёнас Лаурынавічус распавёў пра жыццё беларусаў Літвы ў сённяшні час. Прывёў шмат статыстычных дадзеных адносна колькаснага складу беларускага насельніцтва ў рэспубліцы, а таксама і адносна найбольшых месцаў іх пражывання ў гэтай краіне. Не абышоў увагай і выбары новага прэзідэнта Згуртавання беларусаў Літвы. На гэтую пасаду абралі Рамана Вайніцкага.

Крыстына Балаховіч

Мастачка Крыстына Балаховіч распавяла пра жыццё і дзейнасць Зоські Верас (сапр. імя Людвіка Антонаўна Сівіцкая-Войцік, 1892-1991). Беларускую супольнасць Вільні немагчыма ўявіць без гэтага імя. У яе лёсе адлюстраваліся ўсе тыя беларускія падзеі, што адбываліся ў гэтым Вечным Горадзе на працягу стагоддзя. Перадусім гэта вытокі беларускай нацыі, яе зараджэнне і станаўленне. Першыя беларускія газеты і кнігі, першыя нацыянальныя адраджэнцы – побач з усім гэтым і жыла Зоська Верас і ў сваім жыцці захавала пра гэта свой успамін.

На імпрэзе адзначаліся і чарговыя ўгодкі з дня нараджэння беларускага мастака Язэпа Драздовіча (1888-1954), чалавека надзвычай трагічнага лёсу.

Юрась Юркевіч

Юрась Юркевіч у сваім выступе распавёў пра цікавыя моманты з жыцця беларускіх адраджэнскіх дзеячоў Антона Луцкевіча, Радаслава Астроўскага і Усевалада Ігнатоўскага, звязаныя з Эстоніяй. Усе яны ў свой час навучаліся ў Юр’еўскім (Тартускім) імператарскім універсітэце, хто больш, хто менш паспяхова. Да прыкладу, Антон Луцкевіч яго так і не скончыў. Сп. Юрась таксама паказаў і фотакопіі дакументаў з Юр’еўскага імператарскага універсітэта, звязаныя з вышэйзгаданымі асобамі: іх фотаздымкі, атэстаты і г.д.

А напрыканцы імпрэзы прагучалі ўспаміны Мар’яна Пецюкевіча ў запісе, дзе ён згадваў моманты з цяжкага лагернага жыцця, калі яму з сям’ёй даводзілася выжываць у нечалавечых умовах. Там, у далёкай Сібіры, яны жылі ў простай зямлянцы. Летам, калі ішлі дажджы, там усё працякала і залівалася. Зімой, у часе марозаў, сцены былі залядзянелыя і трэба было кругласутачна тапіць, каб хоць крыху захаваць цяпла. І ён цудоўна разумеў, што гэта яму было пакаранне за любоў да Беларусі.

Варта адзначыць, што гэтыя ўспаміны запісала, захавала і перадала ў ТБК дачка Мар’яна Пецюкевіча Марыля, якая зберагае памяць аб сваім бацьку.

Паводле інфармацыі Алеся Адамковіча