Сёння, 9 лістапада 2009 года, спаўняецца 20 год з моманту падзення Берлінскай сцяны. Гэтая падзея мела вялікае значэнне не толькі для гісторыі ГДР і ФРГ, але і для гісторыі Еўропы ў агуле. Сваімі ўспамінамі і думкамі на гэты конт дзеліцца сведка тых падзей, кандыдат палітычных навук, сябра Вялікай Рады Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” Віктар Чайчыц.
"Так здарылася, што мае першыя працоўныя крокі былі зроблены ў Заходнім Берліне, куды я ўПершы дзень працы ў генконсульстве выпаў на 13 жніўня – гадавіну ўзвядзення берлінскай сцяны – і прайшоў у атмасферы дэманстрацый супраць палітыкі ГДР у галіне свабоды перамяшчэння людзей. На кантрасце з гэтай палітыкай ГДР (за якой канечне ж стаяў СССР) акупацыйныя ўлады ЗША, Вялікабрытаніі і Францыі змаглі стварыць даволі прывабныя ўмовы для насельніцтва Заходняга Берліна.
Жыццё за берлінскаю сцяною мела свае асаблівасці. Нягледзячы на фізічна і псіхалагічна звужаную гарадскую прастору, існавала нейкае дзіўнае пачуццё свабоды. Я як дыпламат мог даволі свабодна рухацца праз граніцу, а на цэнтральным берлінскім КПП “Чэкпойнт Чарлі” службовы аўтамабіль нават не спынялі. Кіраўніцтва генконсульства раіла супрацоўнікам выязджаць з сем’ямі ў ГДР, асабліва на савецкія святы, каб “пазбегнуць правакацыяў у варожым асяроддзі” Заходняга Берліна. А вось да сябе ў госці мы амаль нікога запрасіць не маглі. Нам не дазвалялі запрашаць бацькоў, сяброў і нават сем’і ў поўным складзе калегаў з пасольства СССР у ГДР, што знаходзілася ва ўсходняй частцы Берліна (адзін з членаў сям’і павінен быў застацца як закладнік). У гэтай сувязі ўспамінаю берлінскія жарты аб тым, што яшчэ невядома, хто ад каго адгарадзіўся сцяною і хто каго баяўся. З боку Заходняга Берліна да сцяны можна было падысці, нават размаляваць яе, а з боку ГДР была пагранічная зона з сабакамі і патрульнымі вышкамі.
Так здарылася, што Заходні Берлін дапамог мне ў паглыбленні ведаў пра беларушчыну. Цікавай і новай крыніцай інфармацыі пра Беларусь стала для мяне бібліятэка Свабоднага ўніверсітэта. Я знайшоў там цэлы беларускі аддзел, дзе было шмат эмігранцкай літаратуры. У тыя савецкія часы гэта было для мяне незвычайнай падзеяй! Там я ўпершыню прачытаў В.Ластоўскага, Л.Геніюш, Р.Астроўскага, Я.Станкевіча і іншых, а таксама Біблію на беларускай мове.
Каб не адарвацца ад жыцця на малой Радзіме - Беларусі, я выпісваў таксама штотыднёвік “Літаратура і мастацтва”. Атрымоўваў яго, праўда, з вялікім спазненнем, бо дасылаўся ён праз палявую пошту савецкіх войскаў у Германіі, а потым трапляў да мяне ў Заходні Берлін праз пасольства СССР у ГДР. Часта яго нехта забіраў, гэта мяне спачатку вельмі злавала, але потым я нават узрадаваўся: у Германіі аказалася нямала калегаў-беларусаў, якія з задавальненнем чыталі па-беларуску. Большасць з іх, праўда, лічыла, што “Літаратура і мастацтва” прыходзіць у пасольства не па прыватнай падпісцы, а як прапагандысцкі матэрыял.
Летам 1988 года ў Заходнім Берліне я пазнаёміўся з Васілём Быкавым, які прыехаў у камандзіроўку. Памятаю, павітаўся з ім па-беларуску, сказаў хто я і адкуль, а ён на хвілінку задумаўся і перш-наперш сказаў: “У Вас, пэўна, вельмі старажытнае беларускае прозвішча…”. Потым я суправаджаў пісьменніка на сустрэчах з немцамі, дыскутаваў з ім наконт падзей у Беларусі, лёсу беларускай мовы і г.д. Васіль Уладзіміравіч падараваў мне дзве свае кнігі – аповесць “Знак бяды” і раман “Кар’ер” з аўтографамі ў знак сардэчнай дружбы і з пажаданнем шчасця ў сталіцы... Дзяржаўная сталіца тады была далёка, у Маскве… А сёння ж гэта сталіца ўжо ў поўным сэнсе знаходзіцца ў Мінску, на роднай зямлі. Пажаданні В.Быкава наконт майго шчасця ў сталіцы, такім чынам, атрымоўваюць зусім іншы змест. Хто ведае, можа некалі так і здарыцца!
У Берліне адбыўся ячшэ адзін цікавы выпадак, звязаны з Беларуссю. Гуляючы неяк са сваім малым сынам Алесем у парку, натрапіў на бабулек-немак. Выказаўшы шмат кампліментаў хлопчыку, яны спыталіся, адкуль мы. Паколькі “Belarus” ім была невядома, я мусіў выкарыстаць тэрмін “Weissrussland”. Жанчыны яшчэ больш узрушыліся, заўважыўшы, што заўсёды сімпатызавалі “белым рускім” і не любілі “чырвоных”, а потым нават падзякавалі Богу, што мы на свабодзе ў вольным свеце! Спачатку я не зразумеў, што яны маюць на ўвазе, а потым дакумекаў, што яны, аказваецца, пераблыталі белагвардзейцаў з беларусамі! Вось такі кур’ёз гісторыі з геаграфіяй…
У канцы 80-х гадоў сітуацыя ў Берліне і ГДР была напружаная. Адчувалася, што хутка ў Германіі адбудуцца нейкія грунтоўныя падзеі. Палітычны рэжым у ГДР і берлінская сцяна былі яшчэ даволі моцнымі, але ўжо пачыналі хістацца. Гэта было бачна паўсюдна. Моладзь у сталіцы ГДР адкрыта вітала нават аўтамабілі з Заходняга Берліну. Бывала і мне ля граніцы, не разабраўшы нумарныя знакі, махалі і крычалі: “Сьцяну – далоў!”. Мы тады яшчэ не ўяўлялі сабе, як хутка адбудзецца аб’яднанне Германіі і ў цэнтры Берліна, нарэшце, можна будзе вольна шпацыраваць.
Адным з яркіх маіх уражанняў таго часу стаў канцэрт вядомага гурту “Пінк Флойд” перад будынкам рэйхстага, непасрэдна каля сцяны ў 1988 годзе. Гукаўзмацняльная апаратура была пастаўлена так, каб было чуваць і ў Берліне ГДР. І там тысячы людзей, якіх ледзве стрымлівалі пагранічнікі ГДР, таксама слухалі канцэрт - за сцяною, не бачачы выканаўцаў! Канцэрт пад сімвалічнаю назваю “Сцяна” (меламаны ведаюць, што менавіта так называўся легендарны альбом гурту) быў разлічаны і на іх. Музыка і спевы разліваліся ў паветры, і іх нельга было спыніць бетоннымі пагранічнымі плітамі. Пасля гэтага канцэрту я зразумеў, што сцяна доўга не пражыве… Бо так захацелі людзі з абодвух яе бакоў, і ў іх вачах не было страху!
Сёння сцяна знікла як фізічны бар’ер, але ў галовах і штодзённым жыцці немцам нават да гэтага часу не ўдалося цалкам забыцца пра яе, хаця прайшло ўжо столькі гадоў і вырасла новае пакаленне берлінцаў. Тым не менш, ніхто з немцаў не хацеў бы вяртання старых часоў, бо ўсе ўжо глынулі свабоды.
Жыццё пакарае таго, хто спазняецца, як некалі сказаў М.Гарбачоў, звяртаючыся да кіраўніцтва ГДР. Рэжым ГДР спазніўся (а, можа, і не захацеў) пачуць і зразумець новыя тэндэнцыі ў Еўропе, настрой і інтарэсы свайго народу, таму знік літаральна за адзін дзень, хаця здаваўся такім непахісным за бетонным берлінскім мурам.
У той дзень 9 лістапада
Віктар Чайчыц